Ігар Кізім: «Мы павінны адрозніваць інтарэсы рэжыму Лукашэнкі і інтарэсы беларускага народа»

Нядаўна Ігара Кізіма, пасла Украіны ў Беларусі ў 2017-2023 гадах, прызначылі паслом па асаблівых даручэннях у дачыненні да Беларусі. «Західний Фронт» апублівакаў першае вялікае інтэрв'ю Ігара Кізіма на новай пасадзе. Мы прыводзім некаторыя ўрыўкі з яго.

Фота belsat.eu

Фота belsat.eu

Пра палітычную геаметрыю «афіцыйны Кіеў — афіцыйны Мінск — беларускія дэмакратычныя сілы»

— Я б не выкарыстоўваў тэрмін «трохкутнік». З пункту гледжання дыпламата ён не зусім карэктны. Я б казаў пра два трэкі, на якіх мы плануем працаваць. Гэта значыць, у нас захоўваюцца дыпламатычныя адносіны з Беларуссю, але мы спрабуем напрацаваць адносіны з дэмакратычнымі сіламі. Да таго ж, я не думаю, што паміж рэжымам Лукашэнкі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі ёсць і могуць быць хоць якія-небудзь адносіны. Але пра замкнёны трохкутнік казаць не выпадае. Але ў нашай працы для нас галоўнае, і я гэта хачу падкрэсліць, — інтарэсы Украіны.    

Пра мэты ўкраінска-беларускіх узаемаадносін

— Не дапусціць узброенай агрэсіі з тэрыторыі Беларусі супраць Украіны, як гэта адбылося 24 лютага 2022 года, — гэта галоўная наша мэта. Так было, ёсць і будзе на бліжэйшую перспектыву.

Такім чынам, мы павінны зрабіць усё, каб наша паўночная мяжа, а гэта 1084 км, была бяспечнай. Відавочна, што мы гэтую мэту разглядаем у рамках самага галоўнага прыярытэту — паразы Расійскай Федэрацыі і перамогі Украіны ў гэтай вайне. Садзейнічаць гэтаму — гэта адна з самых галоўных маіх задач на новай пасадзе.

Мы зыходзім з таго, што значная частка беларускага грамадства не падтрымлівае палітыку цяперашняга кіраўніцтва Беларусі ў дачыненні да Украіны. І было б памылкай ігнараваць гэты факт, наадварот, павінны працаваць на тое, каб узмацняць праўкраінскія пазіцыі як і ў Беларусі, так і сярод беларускай дыяспары.

Фота zahidfront.com.ua

Фота zahidfront.com.ua

На фота (злева направа): Валерый Мацкевіч, кіраўнік апарата АПК, Валерый Кавалеўскі, беларускі дыпламат, прадстаўнік замежных спраў АПК, Ігар Кізім, пасол па асаблівых даручэннях па Беларусі, Вадзім Галайчук, народны дэпутат Украіны

Пра беларускіх добраахвотнікаў і вызваленне Беларусі

Каб ствараць сцэнары вызвалення Беларусі, то, па-першае, трэба прызнаць яе акупаванай тэрыторыяй, а наколькі я ведаю, ва ўкраінскім парламенце з гэтай нагоды ідуць ажыўленыя дыскусіі.

...Вяртаючыся да тэмы добраахвотнікаў, то мы плануем шэраг сустрэч з прадстаўнікамі палка Кастуся Каліноўскага. Адразу хачу сказаць, што для мяне гэтыя хлопцы, якія сёння ваююць супраць Расіі, — гэта Героі, якія заслугоўваюць найвышэйшай павагі і павагі з боку ўкраінскага народа. Разам з украінцамі яны набліжаюць нашу перамогу, якая ў адначас вырашыць многія пытанні, у тым ліку датычныя Беларусі. І ў гэтым сэнсе добраахвотнікі-беларусы сапраўды змагаюцца за сваю незалежнасць.

Уласна, пасля нашай агульнай перамогі над Расіяй (не скажу, што гэта канчатковая ўмова, але вельмі важная), можна будзе абмяркоўваць шляхі, скажу так, дэмакратызацыі Беларусі, у чым, вядома, зацікаўлена Украіна, а таксама іншыя дэмакратычныя суседзі Беларусі. У прыватнасці, з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў Украіны важна, каб улада ў Беларусі была дэмакратычная і прадказальная, калі рашэнне прымаюць за аснове празрыстых механізмаў. Менавіта гэта стане лепшай гарантыяй, што сітуацыя 24 лютага 2022 года не паўторыцца.     

Глядзіце таксама

Пра санкцыі і дыпламатычную ізаляцыю Лукашэнкі

— Мяркую, што санкцыйная палітыка дае свае вынікі, хоць, магчыма, яны не такія хуткія, як бы нам хацелася б. Хачу падкрэсліць, што тут варта адрозніваць два перыяды: да 24 лютага 2022 года і пасля. Сёння ўсякае супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі злачыннае і амаральнае. Тое, што здзейсніў рэжым Лукашэнкі, выступіўшы ў ролі суагрэсара, — гэтаму няма апраўдання. З гэтага пункту гледжаньня Лукашэнка — злачынец, ён прымае рашэнні, якія не толькі накіраваныя супраць украінскага народу, але яны, на маю думку, абсалютна не адпавядаюць інтарэсам беларускага народу. Я не знаходжу ніякіх рацыянальных аргументаў на карысць такой палітыкі.  

Пра рэпрэсіі ў Беларусі

— Узровень рэпрэсій супраць уласных грамадзян у Беларусі значна ўзмацніўся. Адзін з апошніх выпадкаў: чалавек адбыў пакаранне, але ўжо праз некалькі дзён зноў заводзяць справу. Грамадзян асуджаюць і другі, і трэці раз, сотні выпадкаў. За звычайны «лайк» або «смайлік». У мяне былі таварышы, якія мелі пэўныя сувязі ў сілавых структурах, так ім паказвалі расшыфроўкі іх прыватнай перапіскі ў сацсетках. Ніякай таямніцы прыватнай перапіскі. Людзі прыстасоўваюцца, маюць па два тэлефоны (адзін для вуліцы, іншы для дома), абураюцца, але што з таго... гэта жах. Блізкія людзі нават баяцца абмяркоўваць дзеянні ўлады ці вайну ў сваім асяроддзі. Ад сілавікоў патрабуюць вынік, яны хапаюць людзей за што заўгодна, і рэпрэсіўны ціск толькі ўзмацняецца.

Рэпрэсіі ў Беларусі і раней былі, але тое, што Лукашэнка ўвёў пасля 2020 года — гэта супастаўна з падзеямі 1937-1938 гадоў у СССР.   

Пра кепскае стаўленне ўкраінцаў да беларусаў

— Я мяркую, што гэта несправядлівае абагульненае стаўленне ўкраінцаў да беларускага грамадства. Гэта відавочна адбітак таго ўражання, якое склалася ў першыя жудасныя дні шырокамаштабнага ўварвання, як быццам усе беларусы падтрымліваюць Лукашэнку.  Я хачу тут выказаць выразную сваю пазіцыю. Мы павінны катэгарычна адрозніваць рэжым Лукашэнкі і яго інтарэсы, з аднаго боку, і інтарэсы беларускага народа, з другога.

Так, за апошнія тры гады ўсе дзеянні рэжыму Лукашэнкі былі накіраваныя супраць Украіны, супраць дэмакратыі і цывілізаванага свету, але гэта зусім не адпавядала інтарэсам беларускага народа і не мела ўсеагульнай падтрымкі з яго боку.

Фота «Радыё Свабода»

Фота «Радыё Свабода»

Скажу больш, я доўгі час працаваў у Беларусі і меў магчымасць зблізку назіраць за рашэннямі Лукашэнкі. Нягледзячы на ўсё ў яго была магчымасць стрымліваць агрэсію і нават развіваць супрацоўніцтва. Аднак усе гэтыя опцыі былі перакрэсленыя яго рашэннем дазволіць расійскім войскам 24 лютага 2022 года зайсці на тэрыторыю Украіны са зброяй і пачаць ваенныя дзеянні. Гэта быў той момант, калі супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі стала немагчымым пры любых абставінах. Гэта была кропка незвароту.

І цяпер, калі адысці ад мовы дыпламатыі і звярнуцца да публіцыстычнага стылю, то, як па мне, гісторыя Лукашэнкі — гэта ўжо мінулае ўкраінска-беларускіх адносін. І сёння нам трэба думаць, як развіваць гэтыя адносіны пасля Лукашэнкі. І ў гэтым кантэксце, відавочна, што тая частка беларускага грамадства, якая выступае супраць сацыяльнага рэгрэсу і якая падтрымлівае Украіну, яна заслугоўвае павагі. Таму абагульненая адмоўная ацэнка па іх, на мой погляд, тут некарэктная.

Таксама трэба памятаць што беларускі народ — гэта далёка не расійскае замбаванае грамадства, якое ледзь не пагалоўна падтрымлівае Пуціна і ягоныя вар'яцкія імперскія амбіцыі.  Да таго ж, паўтараю, вялікае этнічнае падраздзяленне беларусаў ваюе на баку Украіны. Гэта ўсё павінна мець значэнне, калі спрабуем аб'ектыўна вызначыць сваё стаўленне да беларусаў.   

Акрамя таго, я ўпэўнены, калі б такое даследаванне правялі ў Беларусі, то яно б паказала значна больш высокі адсотак пазітыўнага стаўлення беларусаў да ўкраінцаў. 

Пра прымірэнне ўкраінцаў і беларусаў

— Я думаю так: калі рэжым Лукашэнкі перастане існаваць ці неяк кардынальна зменіць сваю пазіцыю, то гэта прымірэнне адбудзецца значна хутчэй, чым магчымае прымірэнне ўкраінскага і рускага народаў. Духоўны патэнцыял, закладзены ў беларускім народзе, значна больш праўкраінскі чым тое, што ёсць у сярэдзіне рускай душы.  Мы з беларусамі можам досыць хутка знайсці разуменне па любых праблемных пытаннях. Гэта значыць, спраўджваюцца дзве ўмовы — перамога ў вайне з Расіяй і дэмакратызацыя беларускага грамадства, — і мы супольна і хутка знаходзім прымірэнне за некалькі гадоў. Прынамсі гэта будзе значна хутчэй, чым у выпадку з Расіяй, дзе, відавочна, трэба весці гаворку пра жыццё пакаленняў.   

Што трэба ведаць беларусам пра ўкраінцаў і наадварот 

— Беларусам трэба разумець, што для ўкраінцаў галоўнае — гэта воля, імкненне да свабоды і дэмакратыі. А ўкраінцам варта ведаць пра беларусаў, што яны дастаткова цярплівыя, але калі цярпенне абрываецца, то яны становяцца такімі, як украінцы.

Але тут хачу сказаць яшчэ адну рэч: для мяне стала адкрыццём, што насамрэч, мы не вельмі добра ведаем адзін аднаго. Памятаеце, гэтую савецкую прапаганду, што мы народы-браты — гэта ўсё глупства. Мы розныя і павінны прыкласці намаганні, каб спачатку спазнаць адзін аднаго, а потым наўзаем паважаць нацыянальныя інтарэсы краіны-суседа.