Полк Каліноўскага: «Калі Украіна не выстаіць, мы будзем наступнымі». Як праходзяць сустрэчы з ваярамі ў гарадах Еўропы
Камандзір палка Дзяніс «Кіт» Прохараў і яго намеснік Вадзім Кабанчук на сустрэчы ў Беластоку распавядаюць пра палонных беларусаў, пра змены ў стаўленні ўкраінцаў да нашых грамадзян, а таксама разважаюць, чаму ў 2020 годзе ў нас не атрымалася рэвалюцыя.
У беластоцкім хабе «Новая Зямля» прайшла сустрэча з кіраўніцтвам палка Каліноўскага. Гэта адно з завяршальных мерапрыемстваў «тура» прадстаўнікоў палка па Еўропе. Сустрэчы з камандзірам палка Дзянісам «Кітом» Прохаравым ужо прайшлі ў Варшаве, Лодзі, Кракаве, Уроцлаве, Празе, Берліне, Познані, Быдгашчы і Гданьску. А пасля Беластока прадстаўнікі палка адпраўляюцца ў Вільню і зноў у Варшаву. Журналістка «MOST» схадзіла на сустрэчу.
Ля ўваходу нас сустракаюць чацвёра мужчын у балаклавах і ветліва просяць адключыць тэлефон. Тыя, хто прыйшоў з торбамі або заплечнікамі, вымушаны паказваць змесціва. Вострыя прадметы, аэразолі і нават вэйпы адбіраюць. Уладальнікі атрымаюць рэчы назад толькі пасля заканчэння мерапрыемства.
Арэол таямнічасці змяняецца раздражненнем. Людзі ў масках ходзяць з туды-назад, пачатак сустрэчы ўсё адкладваецца, а ў невялікім хабе, забітым пад завязку, становіцца душна. З задніх шэрагаў раздаецца: «Ну і навошта яны просяць адключаць тэлефоны?» З разуменнем ставімся да мер бяспекі, але ў думках падзяляем абурэнне прысутных, адключаючы ўсю тэхніку. Будзем фіксаваць адказы па-старому ручкай у нататніку. Таму адразу прыносім чытачам прабачэнні за магчымую недаслоўную перадачу цытат і ў шэрагу выпадку абязлічаныя фразы: з залы не заўсёды відаць, хто са спікераў адказвае на пытанні.
Пасля азнаямляльнага відэа і хвіліны маўчання ў гонар загінулых беларусаў, якія ваююць у палку Каліноўскага, кіраўніцтва пераходзіць да асноўнай часткі мерапрыемства. Вядучых двое. Дзяніс «Кіт» Прохараў абяцае адказваць на пытанні, звязаныя з ваеннай тэматыкай. Намеснік камандзіра Вадзім Кабанчук адказвае за палітычныя тэмы.
«Мы наўмысна не пускаем інфармацыю аб палонных у шырокі доступ»
Адну з прысутных цікавіць, чаму так мала інфармацыі пра беларусаў, узятых у палон расійскімі вайскоўцамі.
— Чаму мы ведаем, як абменьваюць палонных украінцаў, але не чуем, што абмянялі беларусаў? — пытаецца дзяўчына.
— Мы наўмысна не пускаем інфармацыю аб палонных у шырокі доступ, у тым ліку і ў медыя, — тлумачаць каліноўцы. — Усе звесткі старанна фільтруюцца, і толькі пасля таго, як абмен ужо адбыўся і чалавек знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, інфармацыя паступае ў масы.
Падчас размовы кіраўніцтва палка падкрэслівае, што Беларусь — краіна-суагрэсар:
— Афіцыйна зафіксавана, што з нашых тэрыторый ляцелі ракеты.
Заява, аднак, выклікае незадаволенасць і спрэчкі — па шэрагах прабягае шэпт. Тыя, хто смялейшыя, выказваюць нязгоду ўслых, звяртаючыся да кіраўніцтва палка са з'едлівымі заўвагамі.
— Паводле статыстыкі, украінцы ненавідзяць у першую чаргу расіян, на другім месцы — беларусы, — згортваюць дыскусію каліноўцы.
Праўда, праз паўгадзіны, адказваючы на паўторна зададзенае пытанне аб узаемаадносінах народаў, Вадзім Кабанчук удакладняе: за апошні год сітуацыя крыху палепшылася, у асноўным дзякуючы беларускім вайскоўцам і валанцёрам, якія выступаюць на баку УСУ.
— Ва ўкраінцаў язык не павернецца сказаць, што беларусы нічога не зрабілі для вызвалення, — дадаюць вайскоўцы.
Падрыхтоўка будучых вайскоўцаў можа праходзіць і на тэрыторыі Польшчы
Іншую дзяўчыну з залы хвалюе, што «маладзенькіх і нявопытных хлопчыкаў адразу ж кідаюць у зону баявых дзеянняў».
— Мне здаецца, што больш правільна было б праходзіць падрыхтоўку на тэрыторыі той жа Польшчы, — дадае ўдзельніца сустрэчы.
Каліноўцы кажуць на гэта, што спецыяльна падрыхтаваныя інструктары прыедуць у Варшаву.
«А дзе вы былі ў 2020 годзе?»
Тэма, якую немагчыма было праігнараваць, — падзеі 2020 года. Прычым развіваць яе каліноўцы пачынаюць самі, не чакаючы пытанняў з залы.
— Тое, што адбывалася ў 2020 годзе — не рэвалюцыя, а хутчэй спроба выказаць незадаволенасць, — мяркуе Дзяніс Прохараў. — Да рэвалюцыі нам было далёка, таму што беларусы так і не прадэманстравалі адзінства меркаванняў. Адны будавалі барыкады, іншыя крычалі, што гэта правакатары. Хтосьці лічыў, што перамагчы можна толькі сілай, а хтосьці дарыў кветкі. Таму і не атрымалася.
Дадзеная трактоўка падзей таксама выклікае незадаволенасць у зале, праўда, не такое моцнае, як у сітуацыі з «краінай-суагрэсарам».
— А дзе вы былі ў 2020 годзе? — гучыць пытанне з залы.
— Мы былі ва Украіне, за тым, што адбываецца на радзіме, сачылі праз экраны смартфонаў і ноўтбукаў, — адказваюць каліноўцы. — А знаходзіцца ў Беларусі не маглі з простай прычыны — ужо на той момант мы былі абвешчаны ў вышук.
«Калі Украіна не выстаіць, мы будзем наступнымі»
Бліжэй да канца сустрэчы вайскоўцы нагадваюць аб неабходнай падтрымцы і дапамозе. Патрэбны, у першую чаргу, дроны, пікапы і данаты, якія пойдуць на рэабілітацыю параненых беларусаў і абмундзіраванне для вайскоўцаў.
— Наша мэта — гэта свабодна крычаць «Жыве Беларусь» у сябе на радзіме, — дадаюць каліноўцы.
— Калі Украіна не выстаіць, мы будзем наступнымі, — мяркуе кіраўніцтва палка.