Украіна супраць Расіі: Міжнародны суд ААН прызнаў РФ вінаватай у фінансаванні тэрарызму

Гэта першае з 2014 года абавязковае для ўсяго свету рашэнне аб прызнанні расійскай дзяржавы міжнародным злачынцам. Таму што да гэтага часу такіх рашэнняў не існавала! Аднак суд ААН пацвердзіў толькі меншую частку абвінавачанняў Украіны супраць РФ у фінансаванні тэрарызму.

Тэчкі з Мемарандумам (змястоўнае апісанне супрацьпраўных дзеянняў РФ) у Гаазе, у амбасадзе Украіны, перад перадачай у суд. Фота Алены Зеркаль, першага агента Украіны па гэтай справе

Тэчкі з Мемарандумам (змястоўнае апісанне супрацьпраўных дзеянняў РФ) у Гаазе, у амбасадзе Украіны, перад перадачай у суд. Фота Алены Зеркаль, першага агента Украіны па гэтай справе

Міжнародны суд ААН у сераду, 31 студзеня, вынес канчатковае рашэнне па сутнасці так званай «вялікай справы» Украіны супраць Расіі, якая ўключала абвінавачанні ў фінансаванні тэрарызму. Абвінавачванні тычыліся эпізодаў 2015–2017 гадоў.

Гэты пазоў Украіны супраць Расійскай Федэрацыі датуецца 2017 годам, хаця эпізоды, якія ляглі ў аснову першай справы Украіны супраць Расіі, датуюцца 2014–2015 гадамі. 

Чаму так доўга чакалі? Таму што Украіна рупліва выконвала ўсе працэдуры, прадугледжаныя міжнароднымі канвенцыямі, перш чым звярнуцца ў суд ААН, адзначаюць украінскія палітолагі.

Пазоў пададзены ў сувязі з парушэннем Расіяй дзвюх міжнародных Канвенцый: аб барацьбе з фінансаваннем тэрарызму і аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі, паведамляе «Еўрапейская праўда». 

У рашэнні Міжнароднага суду, якое зачытала старшыня суда Джоан Донах’ю, суд прызнаў Расію вінаватай у парушэнні Канвенцыі аб фінансаванні тэрарызму паводле аднаго з артыкулаў — №9. 

Суд канстатаваў, што Расія не выканала абавязальніцтвы па расследаванні спраў аб фінансаванні тэрарызму, на што Украіна неаднаразова звяртала ўвагу.

Аднак суд палічыў неабгрунтаванымі большасць абвінавачанняў Украіны супраць РФ.

Ключавая праблема палягала ў тым, што суд абраў кансерватыўны падыход да тлумачэння Канвенцыі і вырашыў, што фінансаванне тэрарызму ў сэнсе Канвенцыі адносіцца толькі да пераводу сродкаў і не распаўсюджваецца на прадастаўленне ваеннай тэхнікі і ўзбраення баевікоў. Так, напрыклад, пастаўкі «Бука» пад гэтую забарону не трапляюць.

Аднак у выніку гэта азначае, што Міжнародны суд ААН часткова прызнаў Расію вінаватай у парушэнні Міжнароднай канвенцыі аб барацьбе з фінансаваннем тэрарызму.

Зрэшты, раней украінскія палітолагі адзначалі, што нават адхіленне судом скаргі Украіны па Данбасу можа... фактычна аказацца юрыдычнай перамогай Украіны. Напрыклад, калі суд, прызнаючы, што Расія не можа быць пакараная за фінансаванне тэрарызму па эпізодзе з абстрэлам жылых кварталаў Марыупаля або аўтобуса пад Валнавахай, у сваіх тлумачэннях і аргументах прызнае той факт, што Расія ўжо вяла вайну ў 2014-2015 супраць Украіны, гэта значыць, што тады на Данбасе адбываўся міжнародны ўзброены канфлікт.

Яшчэ напярэдадні суду ўкраінскі бок адзначаў, што суд зможа задаволіць толькі частку пазову Украіны — і гэта было вядома з самага пачатку працэсу.

Міжнародны суд ААН не з’яўляецца органам крымінальнага правасуддзя і яго рашэнне не можа пасадзіць за краты ні Пуціна, ні Лаўрова, ні Шайгу, аднак значэнне гэтай перамогі непараўнальнае. Гэта будзе першае з 2014 года абавязковае для ўсяго свету рашэнне аб прызнанні расійскай дзяржавы міжнародным злачынцам.

Бо да гэтага часу такіх рашэнняў не існавала!

Рэзалюцыі Генасамблеі ААН такой сілы не маюць. Гэта палітычныя рашэнні без прававых наступстваў. 

А Рада Бяспекі, якая паводле Статуту ААН мае законнае права прызнаць кагосьці парушальнікам, знерухомленая праз злоўжыванне Расіяй правам вета. 

Толькі Міжнародны суд ААН можа разарваць гэтае замкнёнае кола — і ён гэта зрабіў. 

Таму ў выпадку перамогі Украіны ў далейшым усе міжнародныя рашэнні могуць і будуць спасылацца на яго.