Удава Васіля Парфянкова: Ён быў тым героем, які заўжды імкнуўся змагацца з рэжымам Лукашэнкі
Алэна Гэргэль, удава загінулага «каліноўца» Васіля Парфянкова, у інтэрв'ю «Радыё Ўнэт» расказала, якім быў яе муж і які шлях ён прайшоў у Беларусі і ва Украіне.
Беларускі добраахвотнік Васіль Парфянкоў загінуў напрыканцы чэрвеня 2022 года на расійска-ўкраінскай вайне, змагаючыся за свабоду не толькі Украіны, але і роднай Беларусі. Ён шчыра верыў у ідэалы свабоды, за якія цярпеў на радзіме ад дыктатарскага рэжыму. Васіль — былы палітычны вязень. Менавіта пасля выхаду з лукашэнкаўскіх вязніц ён з’ехаў ва Украіну, дзе тады якраз адбывалася першая стадыя вайны супраць Расіі, якая захапіла Крым і часткі Данецкай і Луганскай абласцей. Пра тое, якім быў Васіль Парфянкоў з пазыўным «Сябро» ў сям’і, і пра яго жыццёвыя прынцыпы расказвае яго жонка Алэна Гэргэль.
— Я нават зараз пра гэта думаю, што ён пра тыя свае часы беларускія расказваў вельмі мала. І я дагэтуль, у прынцыпе, мала чаго ведаю пра той яго шлях, які ён там прайшоў. Былі нейкія яго каментары, але збольшага гэта расказвалі людзі, якія ведалі яго ў Беларусі. Першая, хто мне расказаў вялікі абсяг інфармацыі пра яго, гэта была Вольга Нікалайчык. Яна тады часта прыязджала ў Кіеў, і менавіта ад яе я і даведалася пра тое, дзе ён сядзеў, чаго ён сядзеў і ў якіх умовах ён там сядзеў. Яна мне расказала і пра Курапаты, і ўвогуле амаль усю першую інфармацыю, якую я атрымала пра яго жыццё, гэта была інфармацыя ад Вольгі.
Потым яшчэ шмат беларусаў, хто яго ведаў, прыязджалі і расказвалі нейкія гісторыі, звязаныя з Беларуссю. Потым Васіль мне неяк паказаў фільм «У пошуках волі» — невялікі дакументальны фільм, які быў прысвечаны менавіта яму і яго змаганню ў Беларусі. Паглядзела, які ён быў малады і прыгожы некалі даўно. І ўжо тады было бачна, які ён прынцыповы. Нейкую інфармацыю можна было прачытаць у незалежных беларускіх СМІ. Вось так, па каліўцу, карціна неяк больш-менш склалася.
— Калі вы пазнаёміліся з Васілём, ён таксама быў у вайсковай форме. Ці казаў ён вам, што ім рухала, чаму ён быў у шэрагах абаронцаў Украіны?
— Так. У той дзень, калі мы пазнаёміліся, ён ужо ўступіў у батальён АУН і яны мусілі праз кароткі тэрмін – тыдзень-два, — рушыць у раён Данецкага аэрапорта, мястэчка Пяскі. Мы ўвесь час знаходзіліся ў цэнтры горада, бачыліся. І помнік Міхасю Жызнеўскаму таксама знаходзіцца на Грушэўскага. Мы пайшлі тады да помніка. І ён мне расказаў, што адна з яго наймацнейшых матывацый паехаць якраз была праз Міхася. Таму што, калі ён, знаходзячыся ў вязніцы, даведаўся пра гібель Міхася, то гэта была адна з яго асноўных прычын, чаму ён хацеў паехаць.
Пра вайну тады яшчэ не было размовы. Гаворка была пра Майдан. Але, калі ён змог выйсці з вязніцы, сабраць рэчы і літаральна праз некалькі тыдняў выехаць з Мінска ў Кіеў, у нас ужо была вайна і ён ужо планаваў ваяваць. Ваяваць, каб, у першую чаргу, адстаяць гонар беларусаў, бо ён не хацеў, каб на той момант Беларусь прымалі як частку Расіі, нейкую «ватную» краіну, дзе няма сапраўдных герояў. Ён якраз быў тым героем, які заўжды імкнуўся змагацца з рэжымам Лукашэнкі. І ён хацеў дапамагаць Украіне, хацеў адстойваць гонар беларускіх герояў і гонар таго ж самага Міхася Жызнеўскага. Знаходзіцца далей у Беларусі ў яго ўжо не было ніякіх магчымасцей. Гэта было б не жыццё, а працяг тэрмінаў у вязніцах ні за што — проста таму, што рэжыму было так патрэбна.
— Як ён ставіўся да таго, што адбывалася ва Украіне, у Беларусі, да вашага знаёмства?
— Напрыклад, у АУНе яго заўжды называлі «вечным рэвалюцыянерам». Гэта чалавек, які змагаўся за праўду і справядлівасць у любой сітуацыі. Ці гэта паліцыя ў нейкай бабулі забрала кроп каля пераходу і не заўважыла, што там побач стаяць нейкія барыгі, якія гандлююць, і іх не чапаюць. Ён за гэта ўпісваўся і змагаўся. То-бок, за справядлівасць. Дзе заўгодна, як заўгодна і ў якой заўгодна сітуацыі.
Ён гэтаму прысвяціў ладны кавалак жыцця ў Беларусі і потым вымушаны быў з’ехаць з Беларусі, і ў яго была магчымасць замагацца за свабоду Беларусі нават з Украіны. Менавіта праз тое, што ў нас усё адно адзін вораг — гэта Расійская імперыя. Ён быў яшчэ зусім маладым і юным і прымудрыўся прыехаць яшчэ на «памаранчавы» Майдан — у 2004 годзе яны якраз з УНА-УНСО ездзілі не адзін раз сюды і змагаліся супраць фальсіфікацыі выбараў ва Украіне тады, калі Януковіч не перамог, але яму «намалявалі» тады гэты рэйтынг. То-бок, ён паспяваў і ў Беларусі, і ва Украіне ваяваць і змагацца за дэмакратыю.
— Як ён ставіўся да сям’і — прытым, што ён такі ваяр, змагар? Які ён быў у такіх прыватных сямейных адносінах?
— Калі б не «поўнамаштабка», я думаю, што ў нас бы атрымалася пражыць ціхае, спакойнае, хатняе жыццё з абсалютна мірнымі турботамі. Клопат пра дзяцей, нейкія вакацыі, канцэрты… Але, на жаль, што заўжды прыярытэт — гэта абараніць будучыню дзяцей, а не сённяшні дзень. Сённяшні дзень абараняць — гэта мая задача. Яго задача была, каб нашым дзецям праз нейкі час не давялося ісці ваяваць. Таму выбар паміж сям’ёй і будучыняй ніколі не стаяў, і я гэта разумела, і ён гэта разумеў.
А так, калі быў нейкі час займацца сям’ёй, а не вайной, то зусім ніхто на тую вайну не цягнуўся, ніхто пра гэта не марыў, і нас цалкам задавальняла наша жыццё ў Кіеве: займацца дзецьмі, рабіць нейкія малюнкі і рыхтаваць вырабы ў садочак, школу, гуляць, вучыць іх, пачынаючы з гісторыі Беларусі і Украіны і заканчваючы катаннем на роварах. Цалкам такое не рэвалюцыйнае жыццё, а нават вельмі спакойнае і хатняе ў нас было.
— Як ён успрыняў пачатак поўнамаштабнага ўварвання?
— Перад «поўнамаштабкай», калі ўсё было ўжо зразумела, што гэта адбудзецца, мы не ведалі толькі, які гэта будзе дзень, але плюс-мінус было ўсё зразумела. Адзінае што, мы ў хату сабе не паспелі набыць скотч, каб заляпіць вокны крыжом у выпадку чаго. Але пачалося раней, чым мы чакалі.
Усе былі гатовыя. Ён быў гатовы, у яго быў сабраны заплечнік, ён ведаў, дзе там што трэба дакласці. Ну, гэта паўгадзіны на зборы. У яго так і пайшло. Ён выпіў зранку кавы і за паўгадзіны сабраўся. Ён стала астатнія тыдні быў на сувязі як са сваімі беларусамі, якія таксама ваявалі з 14-15 гадоў, з «азоўцамі», і таксама ён быў увесь час на сувязі з АУНаўскім штабам. Таму, як толькі гэта ўсё пачалося, ён паехаў у штаб АУН на зборы, каб вырашаць далей, якія іх дзеянні. І яны паехалі аўтобусам запісвацца ў вайскамат, атрымліваць зброю. Гэта ўсё было ў першы дзень. Усё вельмі хутка вырашалася.
— Потым ён апынуўся ў беларускім падраздзяленні. Чаму так адбылося, як ён даведаўся пра яго, як ён туды патрапіў?
— Даведаўся ён ад хлопцаў, таму што хлопцы, якія былі заснавальнікамі, — гэта ж хлопцы, якія ўжо даўно былі ва Украіне. Напрыклад, як Ян Мельнікаў — ён увогуле прыехаў на Майдан і застаўся дагэтуль.
Размова пра тое, што будзе створанае нейкае падраздзяленне з беларусаў, ішла ад самага пачатку, яшчэ да «поўнамаштабкі.» Ён шматкроць з хлопцамі сустракаўся, яны абмяркоўвалі ўсе гэтыя пытанні, што рабіць у выпадку, калі ўсё ж Расія нападзе.
На той момант, у той дзень, Васілю было прасцей пайсці да сваіх ў АУН. Ім адразу ў першы дзень далі зброю. Ён тых хлопцаў ведаў даўно, гэта яго пабрацімы. Не было прычыны выбіраць, з кім ваяваць, бо і тыя, і тыя — гэта яго пабрацімы, і выбар стаяў, куды бліжэй дабрацца.
Потым ужо, калі вызвалілі Кіеўшчыну, было не зусім зразумела, што далей будзе з менавіта з батальёнам АУН, як іх будуць фармаваць, ці яны будуць у складзе УСУ, ці ТРО. Былі нейкія там бюракратычныя тэмы. І ўжо ў той момант якраз стварыўся батальён «каліноўцаў», ён вырашыў туды перайсці, ужо да сваіх беларусаў.
— А ці падтрымліваў ён з вамі сувязь, калі ў складзе батальёна ці потым палка даводзілася выязджаць на баявыя?
— Калі была магчымасць, быў там «Старлінк», інтэрнэт ці проста мабільная сувязь, нешта збольшага было, мала было дзён, калі з ім не было сувязі. Ці, калі выходзілі некуды ў выведку, то магло некалькі дзён не быць сувязі, але ў асноўным ён быў з сувяззю. Дэтальна нічога не расказваў. Ніколі не расказваў, што плануецца. Толькі ўжо потым, постфактум ён мог сказаць, што« мы былі там і там, рабілі тое і тое». І, зноў жа, гэта ўжо было пры сустрэчах асабістых, не па тэлефоне, не па інтэрнэце.
Моцна ў дэталі не ўдаваўся. Я ведала прыблізна, дзе яны знаходзяцца, на якім напрамку, мог пахваліцца нейкімі побытавымі рэчамі — фоткі, відэа мне ў асноўным прысылаў. А нейкія сур’ёзныя «замесы», напрыклад, калі яны былі на заводзе «Азот» у Севераданецку, я не ведала, чаго яны там былі і ці планавалі яны туды ехаць. Ужо калі вяртаўся і ехаў трасай на Кіеўшчыну, недзе ў раёне Палтавы ён патэлефанаваў, сказаў, што я ўжо каля вас, хутка буду, праз некалькі гадзін. І расказваў ужо, адкуль яны менавіта едуць.
— Гэта было ў канцы чэрвеня 2022 года. Як вы даведаліся пра тое, што адбылося?
— Спачатку мяне праінфармавалі са штаба палка Каліноўскага. То-бок, яны першыя, хто паведаміў. Потым я трымала сувязь з хлопцамі з яго батальёна «Волат», і ўжо з імі разам трохі назбіралі інфармацыі. Яны мне скідалі нейкія відэа з тых расійскіх ТГ-каналаў, калі там была інфармацыя пра палонных. І менавіта гэтыя хлопцы з яго батальёна скінулі мне відэа, дзе паказаныя фотаздымкі, што хлопцы загінулі — з беларускага дзяржаўнага тэлебачання.
Пасля гэтага ўжо і полк пацвердзіў гібель. Спачатку полк не пацвярджаў гібель усіх чатырох. Бо было незразумела, ці яны ў палоне, ці яны недзе хаваюцца. Але ўжо пасля выхаду таго ТБ-сюжэту было пацвярджэнне.
— Як змянілася ваша жыццё пасля атрымання такой звесткі і чым вы цяпер займаецеся?
— Цяпер на мне ляжыць удвая большая задача: гэта не толькі маё жыццё, але і яго жыццё. Я мушу працягваць яго барацьбу. І, калі раней мая барацьба было ў асноўным толькі за Украіну, то цяпер мая барацьба палягае таксама і за Беларусь. На жаль, я не магу дазволіць сабе пайсці ваяваць праз тое, што мне няма з кім пакінуць дзяцей. Але я магу дапамагаць і ўкраінскім, і беларускім хлопцам і дзяўчатам, якія ваююць.
І адзін з такіх важных момантаў, якія адбыліся за гэты год, — гэта тое, што мы зрабілі праекты пра ўшанаванне і памяць пра хлопцаў, якія загінулі. Каб болей інфармацыі не толькі ўкраінцы, але і еўрапейцы атрымлівалі менавіта пра сапраўдных беларусаў, якія ваююць ва Украіне, а не думалі, што Беларусь — гэта краіна, якой нічога не патрэбна і якая хоча быць часткай Расіі.
Калі пра Васіля, то яго барацьбу можна падзяліць на два этапы: беларускі этап, потым украінскі. І абодва яны вельмі магутныя. Ён сапраўды ўсё жыццё намагаўся дасягнуць той ілюзорнай справядлівасці, якой зараз пакуль у нас не атрымалася.