Чаму еўрапейскія фермеры пратэстуюць і пры чым тут Украіна?

Фермеры ў Францыі, Бельгіі, Германіі, Італіі і іншых краінах Еўрапейскага саюза арганізавалі пратэсты гэтай зімой, піша «Голас Амерыкі». 

_krajavid__leta___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg

Фермеры скардзяцца, што дзеянні нацыянальных урадаў і Еўрапейскага саюза зніжаюць дабрабыт сельскагаспадарчых работнікаў і пагражаюць еўрапейскаму аграрнаму сектару эканомікі.

Цяжкасці сялян сталі больш відавочнымі на фоне ўварвання Расіі ва Украіну, што прывяло да ваганняў коштаў на энерганосьбіты, сыравіну і прадукты.

Расійская вайна таксама рэзка змяніла паток украінскага збожжа, у прыватнасці, экспарт якога абмежаваны расійскай блакадай украінскіх партоў і пагрозамі затаплення караблёў у Чорным моры.

Удзельнікі еўрапейскіх пратэстаў перакрываюць аўтамагістралі, выстаўляюць пікеты з намётамі і вогнішчамі, прыцягваюць на свой бок палітыкаў і актывістаў.

Яны сцвярджаюць, што закупачныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю занадта нізкія, а кошт паліва для сельгастэхнікі, электраэнергіі, угнаенняў, насення і г. д. Да спісу праблем фермеры дадаюць і дзеянні, накіраваныя на зніжэнне наступстваў сельскай гаспадаркі на навакольнае асяроддзе ва ўмовах змены клімату.

«Існуе пытанне даходаў, і ясна, што французскія фермеры зарабляюць мала. Другая, і гэта вельмі французская праблема, — гэта назапашванне правілаў, законаў і ўсяго таго, што фермеры вымушаныя выконваць. І трэцяе — рэакцыя на негатыўнае стаўленне да сельскай гаспадаркі з боку жыхароў гарадоў, спажыўцоў, якія адначасова жадаюць больш натуральных прадуктаў, каб яны былі наўпрост з фермаў і г.д., але не гатовыя за гэта плаціць», — патлумачыў французскі эканаміст Філіп Шалмін, адзначае Reuters.

Глядзіце таксама

Вядучым фактарам аграрнай палітыкі ў Еўропе з'яўляецца сістэма субсідый і правілы Еўрасаюза, якія строга рэгулююць, а таксама падтрымліваюць аграрны сектар.

Але цяпер усё часцей гучаць заявы пра тое, што сістэма патрабуе карэнных зменаў.

Украінскае пытанне

З 2016 года Украіна мае пагадненне аб свабодным гандлі і асацыяцыі з Еўрасаюзам, а ў 2023 годзе яна стала кандыдатам у чальцы ЕС і павінна пачаць працэс перамоваў аб уступленні, які, верагодна, будзе доўжыцца некалькі гадоў.

Украіна пакуль не з'яўляецца часткай агульнага еўрапейскага рынку, але пасля адкрытага расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года ЕС зняў шэраг абмежаванняў на імпарт з Украіны.

У прыватнасці, Еўракамісія спрыяла стварэнню так званых калідораў салідарнасці, каб дапамагчы экспарту ўкраінскага збожжа і іншых тавараў праз Еўропу.

Такія дзеянні выклікалі незадаволенасць прадстаўнікоў аграрнага сектара, перш за ўсё ў суседніх з Украінай краінах ЕС, дзе скардзіліся на так званы наплыў украінскага збожжа і іншай украінскай прадукцыі і падзенне коштаў на рынку.

Пяць краін — Польшча, Славакія, Венгрыя, Румынія і Балгарыя — насуперак рашэнню Еўракамісіі ў 2023 годзе ўвялі аднабаковыя забароны на ўвоз украінскага збожжа, і яны, акрамя Румыніі, захоўваюць іх дагэтуль.


Глядзіце таксама

У гэтых краінах падкрэсліваюць, што забарона на імпарт не распаўсюджваецца на транзіт з Украіны ў іншыя краіны.

Фермеры, і найперш удзельнікі пратэстаў у краінах Заходняй Еўропы, у прыватнасці ў Францыі, таксама выказваюць асцярогі з нагоды наступстваў паступлення на іх рынкі прадукцыі ўкраінскіх вытворцаў, якая можа быць таннейшай і перамагчы ў канкурэнцыі.

«Мы баімся, таму што ў іх няма такіх правілаў, як у нас. Для спажыўцоў гэта будзе танней. Такім чынам, якую муку і г. д. возьмуць спажыўцы або кампаніі? Вядома, што таннейшую», — цытуе агенцтва AP французскую фермерку Стэфані Фламан, якая вырошчвае збожжавыя і буракі пад Парыжам.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон 30 студзеня заявіў, што разумее цяжкасці еўрапейскіх сялян і хоча ім дапамагчы:

«Нам на еўрапейскім узроўні патрэбная палітыка, якая адпавядае абароне харчовага суверэнітэту... Мы прасілі Еўракамісію пра некалькі канкрэтных рэчаў. Першае — гэта выразныя меры адносна імпарту з Украіны, таму што мы цяпер маем аб'ёмы і колькасці, якія дэстабілізуюць еўрапейскі рынак, калі справа даходзіць да курэй ці збожжа...»

Пераклад «НЧ»