Украінскія СМІ: Расія запусціла ракету з Беларусі

Увечары 5 жніўня расійскія войскі нанеслі чарговы масіраваны ракетны ўдар па Украіне. У прыватнасці, як паведамілі ў ВПС Украіны, ракетныя абстрэлы вяліся па гарадах Украіны і з тэрыторыі Беларусі.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__14_.jpg

Сёння ўвечары, 5 жніўня, падчас ракетнага ўдару па Украіне ў тэлеграм-канале ВПС з’явілася паведамленне пра ракеты з Беларусі. Аднак дадатковых дэталяў і тлумачэнняў не было. Пакуль невядома, ці ляцелі ракеты з РФ праз Беларусь, ці сапраўды былі запушчаны непасрэдна з беларускай тэрыторыі, адзначае РБК-Украіна.

Тэлеграм-канал ВПС Украіны

Уладзімір Зяленскі паведаміў, што «Кінжалы» і «Калібры» білі па «Матор Січы», Хмяльніцкай вобласці. Частка ракет была збітая.

Украінскі вайсковы эксперт Аляксандр Мусіенка распавёў СМІ, чаму расіяне ўпершыню за шмат месяцаў выкарысталі Беларусь для ўдараў па Украіне. 

Упершыню за шмат месяцаў ажыццёўлены запускі ракет з тэрыторыі Беларусі, кажа ўкраінскі бок. Сёння ў 19:14 паветраныя сілы паведамілі аб пусках ракет з тэрыторыі Беларусі.

Украінскія СМІ згадваюць, што апошнім разам ракеты ляцелі з Беларусі 6 кастрычніка 2022 года. Тады 4 самалёты Ту-22 М3 стратэгічнай авіяцыі РФ з паветранай прасторы Беларусі нанеслі ўдар ракетамі Х-22 па Хмяльніцкай вобласці. А да таго папярэдняе прымяненне авіяцыі з гэтага кірунку было 28 жніўня 2022 года.


Глядзіце таксама

Мусіенка: Ад Беларусі варта чакаць правакацый

На думку Аляксандра Мусіенкі, цалкам магчыма, што расіяне выкарысталі Беларусь для нападу на Украіну, бо апошнім часам там назіраецца актыўнасць войскаў РФ.

«Цяпер мы бачым, што актыўнасць расійскіх вайскоўцаў і «вагнераўцаў» у Беларусі ўзмацнілася, і адтуль варта чакаць правакацый. Мы бачым, што сёння Беларусь ізноў разглядаецца Расіяй як сур'ёзны плацдарм для эскалацыі, перш за ўсё супраць Захаду, супраць Польшчы і Літвы, па-другое, супраць Украіны. Таму мы зноў сутыкаемся з рызыкамі ракетнага і авіяналёту адтуль», — растлумачыў ён.

Раней некаторыя ўкраінскія эксперты лічылі, што расіяне доўгі час не напалі на Украіну з тэрыторыі Беларусі з-за пазіцыі Лукашэнкі. Аднак, як запэўнівае Мусіенка, адсутнасць удараў з Беларусі зусім не звязаная з Лукашэнкам.

«Удары з тэрыторыі Беларусі наносіліся толькі таму, што ў расійскай авіяцыі былі іншыя планы, іншыя маршруты, — толькі з-за гэтага. Як толькі трэба было рэалізоўваць сцэнар з Беларусі, зноў сталі выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі, таму, уласна кажучы, Лукашэнка тут абсалютна ні да чаго, ён, у прынцыпе, толькі выканаўца», — адзначыў Мусіенка. 

Ракетны ўдар па Украіне: што адбываецца?

Увечары 5 жніўня расіяне нанеслі масіраваны ракетны ўдар па тэрыторыі Украіны. Спачатку з'явілася інфармацыя аб «Калібрах» з поўдня, якія рухаліся ў бок Кіева, а потым яны павярнулі ў бок Хмяльніцкага. А потым ВПС Украіны паведамілі аб пуску «Кінжалаў» з Тамбова і «хуткаснай ракеты» з Поўначы. Тады ж стала вядома пра ракету, што ляцела нібыта з Беларусі.

Падчас авіяналёту выбухі прагрымелі ў Запарожскай, Хмяльніцкай і Жытомірскай абласцях. У Запарожжы армія РФ абстраляла наваколле, а пра сітуацыю ў двух іншых рэгіёнах інфармацыі няма.