Украінскі юрыст: Беларусь нельга прызнаваць агрэсаркай і патрабаваць ад яе рэпарацый
Больш эфектыўным рашэннем Вярхоўнай Рады Украіны было б прызнанне Беларусі акупаванай Расіяй краінай, а не дзяржавай-агрэсаркай, лічыць колішні намеснік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Украіны, спецыяліст у канстытуцыйным праве Андрэй Магера.

А ўхваленьне пастановы Вярхоўнай Рады Ўкраіны аб прызнаньні Беларусі дзяржавай-агрэсаркай ня створыць ніякіх наступстваў для Аляксандра Лукашэнкі, піша «Свабода» са спасылкай на Facebook юрыста.
«Мы павінны разумець, што беларускі народ даўно знаходзіцца ў расейскай акупацыі; расейцы даўно на беларускай зямлі, як у сябе дома. І ня трэба нам згадваць пра выбар беларусамі Лукашэнкі. Па-першае, адзінымі несфальсыфікаванымі выбарамі ў Беларусі былі выбары 1994 году, а па-другое, не марсіяне, а ўкраінцы ўжо выбіралі сабе Януковіча ў 2010 годзе», — напісаў Андрэй Магера.
Сваю пазыцыю юрыст абгрунтаваў некалькімі гістарычнымі фактамі: у 1956 годзе СССР з тэрыторыі Ўкраіны правёў узброеную агрэсію супраць Вугоршчыны, а ў 1968-м — супраць тагачаснай Чэхаславаччыны, у 1979 годзе СССР увёў войскі ў Аўганістан, а ў 2008-м дысьлякаваныя на тэрыторыі Ўкраіны караблі Чарнаморскага флёту Расеі ўдзельнічалі ў агрэсіі супраць Грузіі.

«Агульнавядома, што Ўкраінская народная рэспубліка была акупаваная бальшавіцкай Расеяй. На месцы колішняй УНР стварылі саюзную рэспубліку — УССР як частку СССР. У 1944 годзе ў сьпешным парадку ва ўсе канстытуцыі саюзных рэспублікаў унесьлі зьмены, якія прадугледжвалі стварэньне рэспубліканскіх народных камісарыятаў замежных справаў, з часам МЗС. Мэта была зразумелай — у часе заснаваньня ААН атрымаць для СССР не адзін голас, а адразу 17. Урэшце, заснавальнікамі ААН сталі толькі дзьве саюзныя рэспублікі — БССР і ЎССР. Усе мы цудоўна разумеем, што Ўкраіна зьяўляецца адзінай правапераемніцай УССР», — адзначыў юрыст.
Андрэй Магера перакананы, што ўхваленьне пастановы Вярхоўнай Рады Ўкраіны аб прызнаньні Беларусі дзяржавай-агрэсаркай ня створыць ніякіх наступстваў для Аляксандра Лукашэнкі.
«Можам яму насыпаць хіба солі на яго шчуравы хвост, бо эканамічныя і культурныя сувязі зь Беларусьсю спыненыя. Але афіцыйная лукашэнкаўская прапаганда атрымае дадатковы шанец дастукацца да нэўтральных і пазытыўна настроеных да Ўкраіны беларусаў. Апроч таго, беларусы, якія ўцяклі ад рэжыму і жывуць ва Ўкраіне, ня змогуць атрымаць дазволу на пражываньне і ня змогуць падавацца на грамадзянства Ўкраіны», — заявіў юрыст.
Таму я супраць магчымага рашэньня парлямэнту аб прызнаньні Беларусі дзяржавай-агрэсаркай. Трэба ўхваліць іншую пастанову — пра прызнаньне Беларусі акупаванай Расеяй і аб непазьбежнай адказнасьці тых беларусаў, якія садзейнічаюць агрэсіі Расеі супраць Украіны», — падкрэсьліў Андрэй Магера.

Нагадаем, што 16 чэрвеня 25 дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны зарэгістравалі праект пастановы аб прызнаньні Беларусі краінай-агрэсаркай. Як сказаў ініцыятар гэтага рашэньня Яраслаў Юрчышын,«адказнасьць мае несьці і краіна, з тэрыторыі якой учыняецца расейская агрэсія».
Паводле працэдуры, спачатку праект пастановы мусіць разгледзець профільны камітэт парлямэнту і рэкамэндаваць яго ўключыць у парадак дня чарговай або бліжэйшай сэсіі. Парадак дня фарміруе пагаджальная рада, якая складаецца зь кіраўнікоў фракцый і парлямэнцкіх камітэтаў. Пастанова будзе лічыцца ўхваленай толькі ў тым выпадку, калі яе ў зале падтрымаюць 226 дэпутатаў.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзесяткі тысячаў цывільных украінцаў.