483-ці дзень вайны. Контрнаступ Украіны не будзе лёгкім, але будзе
Украіна працягвае «рэжым цішыні» ў дачыненні да ходу контрнаступлення. У той жа час па зводках бачна, што пакуль УСУ «прамацоўвае» расійскія пазіцыі і актыўна рыхтуе глебу для поўнамаштабнага прарыву лініі фронту.
Генштаб УСУ паведамляе
Як гаворыцца ў ранішняй зводцы Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны, цяжкія баі працягваюцца на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. На працягу сутак адбылося 40 баявых сутыкненняў. Украінскія вайскоўцы працягваюць наступ у Запарожскай вобласці і маюць частковы поспех. Акрамя таго, УСУ контратакуюць акупантаў у Луганскай вобласці.
Спікер Генштаба УСУ Андрэй Кавалёў у эфіры тэлемарафона паведаміў, што сілы абароны Украіны працягваюць весці наступальныя дзеянні на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках. Ён дадаў, што вораг засяроджвае асноўныя намаганні па вядзенні абароны і спрабуе не дапусціць прасоўвання ўкраінскіх войскаў.
УСУ працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў на Ліманскім і Бахмуцкім напрамках. Адначасова УСУ маюць частковы поспех у Луганскай вобласці.
Ноччу 21 чэрвеня РФ нанесла чарговы ракетны і авіяцыйны ўдар іранскімі ўдарнымі БПЛА «Shahed» па Украіне. Інфармацыя аб наступствах гэтай тэрарыстычнай атакі пакуль удакладняецца. За мінулыя суткі расійскія акупанты нанеслі ўдар па Украіне 33 іранскімі ўдарнымі БПЛА тыпу «Shahed», 7 зенітнымі кіраванымі ракетамі з ЗРК С-300 і 1 крылатай ракетай наземнага базавання «Іскандэр-М». Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны знішчана 30 ударных БпЛА «Shahed».
За мінулыя суткі сілы абароны знішчылі яшчэ 540 акупантаў, 35 БПЛА, 32 артылерыйскіх сістэмы і іншую тэхніку ворага.
Аналіз ад эксперта ўкраінскага Інстытута будучага Ігара Тышкевіча
«Бярэм калькулятар і глядзім у афіцыйную статыстыку Генштаба. У траўні сілы абароны Украіны знішчылі 553 артылерыйскія сістэмы ворага (124,8 у тыдзень, альбо 17,8 у суткі).
За першыя 17 дзён чэрвеня знішчана 373 артылерыйскіх сістэмы (153,5 у тыдзень, альбо 21,9 у суткі).
У траўні знішчана 31 РСЗА, за 17 дзён чэрвеня — ужо 35.
У траўні знішчана 38 сродкаў СПА, за 17 дзён чэрвеня — ужо 30.
Страты расійскай артылерыі за гэтыя паўтара месяца — самыя высокія за паўтара года. У траўні быў рэкорд, у чэрвені ён, хутчэй за ўсё, будзе пабіты. Нават калі не мець ніякіх іншых уводных, атрымліваецца, што паўтара месяца ўкраінская армія мэтанакіравана выкошвала артылерыю расійцаў, павялічваючы тэмп.
У перыяд з 5-6 па 9 чэрвеня (за 5 дзён) нашы войскі знішчылі 150 адзінак артылерыі (30 штук у дзень у сярэднім), 16 РСЗА і 12 сістэм СПА.
Калі абагульніць, то з боку выглядае так: нашы войскі метадычна выбівалі артылерыю ворага. У гэтай статыстыцы, напэўна, ёсць нейкія недакладнасці, прыпіскі і гэтак далей, але тэндэнцыі бачныя і вельмі красамоўныя».
Расія рыхтуе эвакуацыю
Расійскія акупанты маюць намер найбліжэйшым часам вывезці з захопленай часткі Луганскай вобласці 750 непаўналетніх, паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Арцём Лысагор. Ён адзначыў, што ў бягучым месяцы расіяне ўжо вывезлі з рэгіёна 150 дзяцей. Іх забралі са Старабельскага раёна і вывезлі нібыта на аздараўленне ў Расію. Але ў адміністрацыі няма інфармацыі аб іх вяртанні.
Кіраўнік АВА адзначыў, што захопнікі, каб мець апраўданне для вывазу дзяцей, аб'яўляюць іх хворымі.
Расійскія акупанты ў Генічэске Херсонскай вобласці рассылаюць калабарантам інструкцыі па эвакуацыі на выпадак прарыву Узброеных Сіл Украіны, паведамляе Генштаб УСУ.
Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў у эфіры нацыянальнага тэлемарафона параіў расійцам у Крыме «як мага хутчэй карыстацца паслугамі Крымскага моста, каб быць у бяспецы».
Ён падкрэсліў, што Украіна верне ўсё, што ў яе адабрала Расія пасля 2014 года: «Усе, хто меў уласнасць да 2014 года, вернуць сабе гэтую ўласнасць, усе, хто атрымаў страты, атрымаюць кампенсацыю за тое, што там нарабіла расійская тэрарыстычная арганізацыя».
Што бачыць разведка NATO?
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Twitter адзначыла, што расійскія акупацыйныя сілы будуюць сур'ёзныя абарончыя збудаванні на подступах да Крыма.
Нягледзячы на тое, што на поўдні Украіны працягваюцца жорсткія баі, у апошнія тыдні Расія працягвала прыкладаць значныя намаганні для будаўніцтва абарончых рубяжоў у глыбокім тыле, асабліва на подступах да акупаванага Крыму. Па дадзеных брытанскай выведкі, сюды ўваходзіць шырокая паласа абароны працягласцю 9 км у 3,5 км на поўнач ад Армянска, на вузкім сухапутным пярэсмыку, які злучае Крым з Херсонскай вобласцю.
«Гэтыя прадуманыя абарончыя збудаванні падкрэсліваюць меркаванне расійскага камандавання, што ўкраінскія сілы здольныя наўпрост атакаваць Крым. Расія па-ранейшаму лічыць захаванне кантролю над паўвостравам сваім галоўным палітычным прыярытэтам», — адзначаюць у Мінабароны Брытаніі.
Намесніца прэс-сакратара Пентагона Сабрына Сінгх падчас брыфінгу адзначыла, што УСУ здольныя дамагчыся поспеху ў наступе, аднак украінскіх абаронцаў чакаюць цяжкія баі з ворагам. Са слоў Сінгх, баявыя дзеянні ва Украіне штодня «ператвараюцца ў зацяжныя бітвы, як гэта было ў Бахмуце». «Мы ведаем, што бітвы будуць цяжкімі. Мы ведаем, што на гэта сыдзе час. Расійцы будуць адаптавацца, але гэтак жа адаптуюцца і ўкраінцы», — сказала яна.
Вайна ў Расіі
У Падмаскоўі ў ноч на 21 чэрвеня ўпалі некалькі беспілотнікаў. Выбухі прагрымелі каля вёскі Лукіна і ў раёне пасёлка Калінінец недалёка ад вайсковай часткі.
Губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб'ёў заявіў аб «адбіцці атакі беспілотнікаў» на ваенныя склады. «Адносна беспілотнікаў у Нара-Фамінскай гарадской акрузе ў пасёлку Калінінец. Сёння два апараты самалётнага тыпу ўпалі арыентыровачна ў 5:30 і 5:50 раніцы на падлёце да складоў адной з вайсковых частак у выніку процідзеяння вайскоўцаў. Абломкі выяўленыя, разбурэнняў і пацярпелых няма, тэрыторыя цяпер ачэпленая», — сказаў ён.