«У чэкісцка-бандыцкай групоўкі ў Крамлі і ў яе "філіяла" ў Мінску — касмічны разрыў з рэальнасцю»

Рэпрэсіі лукашыстаў зашкальваюць. Украінцы расчараваныя і бачаць у Беларусі ворага. Але ці ўсё так змрочна? Лангрыд выдання BGMedia пра 2023-ці, які сыходзіць.

1200_luka_9.05.2023.png

Спадарыня прэзідэнт і «беларускі Прыгожын»

Адсутнасць справядлівага і незалежнага суда ў Беларусі даўно не здзіўляе. У 2023 годзе судовая сістэма ў нашай краіне стала яшчэ больш рэпрэсіўнай. Гэтаму спрыялі завочныя прысуды, справы супраць мёртвых, велізарныя тэрміны за данаты, за актыўнасць у сеціве, паўторныя суды над палітвязнямі, бесперапынныя разгляды па «экстрэмісцкіх матэрыялах» і «пікетах». Улада баіцца нават веласіпедных чатаў, у якіх бачыць пагрозу «стабільнасці».

Папраўкі ў заканадаўства, якія дазваляюць завочна судзіць з’ехаўшых апазіцыянераў, стварылі базу для новых прысудаў у духу 1937 года, праўда, ужо завочных. Вынікі найбольш вядомых «судоў» гэтага года былі чаканымі. Святлана Ціханоўская — 15 гадоў пазбаўлення волі, Павел Латушка — 18 гадоў, Марыя Мароз, Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі — па 12 гадоў пазбаўлення волі.

Усіх іх назвалі вінаватымі ў змове з мэтай захопу ўлады, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання, групавым распальванні варожасці. І так па многіх іншых. Былы рэстаратар Вадзім Пракоп'еў атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі: на думку следства, ён кіраваў злачыннай групай і меў намер шляхам тэрактаў захапіць уладу (усяго па справе 18 чалавек атрымалі сумарна 240 гадоў турмы, 15 фігурантаў знаходзяцца ў Беларусі).

Між тым, самі дэмсілы ўмацоўваюць свой імідж за мяжой, імкнучыся, наколькі гэта магчыма, падтрымліваць цікавасць да Беларусі. Праблему палітвязняў гэта наўрад ці зможа развязаць. Але шмат што кажа на карысць таго, што на Захадзе АПК і Ціханоўскую ўсё больш лічаць легітымнымі прадстаўнікамі беларускага народа. Гэта і больш часты зварот да яе з боку заходніх палітыкаў «спадарыня прэзідэнт». І адкрыццё вясной гэтага года ў Бруселі фактычнай амбасады беларускіх дэмакратычных сіл. І стратэгічны дыялог Беларусь — ЗША, які ўпершыню вядзецца не са структурамі дзеючай улады, а з тымі, хто часова ў выгнанні.

У адыходзячым годзе мы назіралі трэнд на павелічэнне колькасці тых, хто альбо падтрымлівае цяперашнюю ўладу, альбо ставіцца да яе лаяльна. Тут нічога дзіўнага няма: многія праціўнікі рэжыму альбо выехалі, альбо сядзяць, альбо запалоханыя і знаходзяцца ў стане дэпрэсіі. Лагер т.зв. «ахоўнікаў» ГУЛАГа, наадварот, умацоўваецца, перш за ўсё, за кошт сілавога рэсурсу.

Мікалай Карпянкоў — намеснік кіраўніка МУС — адзін з новых «герояў» гэтага лагера. За тры з невялікім гады ён прайшоў шлях ад кіраўніка падраздзялення МУС, да аднаго з самых уплывовых сілавікоў у краіне. Па сваёй брутальнасці яго можна смела параўноўваць з Прыгожыным. Нездарма сімволіка «Вагнера» мільгае на флагштоках вайсковых частак МУС.

Па сутнасці, «Вагнер» для Карпянкова — нейкі арыенцір таго, як трэба дзейнічаць у крытычнай сітуацыі. Ці пойдзе ён «маршам справядлівасці» на Мінск, калі сістэма захістаецца? Пакуль ён відавочна нарошчвае мускулы за кошт паглынання або стварэння новых структур, чаго не рабілі яго папярэднікі ў МУС і не робяць іншыя сённяшнія генералы Лукашэнкі.

За апошні год менавіта Карпянкоў стварыў дзевяць новых спецпадраздзяленняў у розных рэгіёнах краіны ў складзе ўнутраных войскаў. І ва ўсіх агульны палітычны фокус — у выпадку чаго даваць адпор «экстрэмістам». Нарэшце, з лета 2023-га менавіта ўнутраныя войскі пад кіраўніцтвам «рускамірнага» Карпянкова сталі самым галоўным бенефіцыярам трэніровак з аселымі ў Беларусі «вагнераўцамі». Так што ў рэжыму, падобна, ёсць свой «чалавек з кувалдай», патэнцыйна гатовы стаць на лязо падаўлення будучых рэвалюцый.


Глядзіце таксама

На паўднёвым фронце — без пераменаў

Зрэшты, нічога рэвалюцыйнага ў Беларусі чакаць не варта, пакуль не захістаецца галоўны слуп лукашэнкаўскага ГУЛАГу — пуцінскі рэжым у Маскве. Перадумовы да гэтага ёсць. Іншае пытанне — наколькі хутка і эфектыўна яны змогуць трансфармавацца ў рэальны палітычны крызіс. Пакуль што абодва дыктатары адчуваюць сябе дастаткова камфортна.

Па сканчэнні амаль двух гадоў вайны, відавочна, што заходнія санкцыі не абрынулі эканоміку Расіі, адпаведна, трымаецца на плаву і беларуская. Лукашэнка і Пуцін думаюць, што яны-такі вытрымалі ў гэтай сутычцы і перспектыва на іх баку. Хоць на самай справе радавацца рана. Бо ўсё можа змяніцца ў любы момант.

У цэлым жа сітуацыя па лініі Україна — Расія нагадвае Беларусь-2020. Тады ў многіх жа таксама было адчуванне: яшчэ трошкі, яшчэ ледзь-ледзь, і ўсё пасыплецца. Але выйшла наадварот: рэжым паказаў такія «зубы цмока», якія не сніліся нават у самым страшным сне. Год таму і Украіна была на кані: поспехі пад Харкавам і Херсонам плюс абяцанні заходняй дапамогі ўсялялі надзею: маўляў, яшчэ трохі падціснем, і Крым зноў наш.

Як аказалася, поспех — штука капрызная. Чаму не задаўся наступ УСУ — павінны аналізаваць ваенныя эксперты. Але калі коратка: тут відавочна адбіліся як недахоп узбраенняў (асабліва ў паветры), памылкі ў планаванні, так і нядрэнная падрыхтоўка расійцаў, якія, хоць і ваююць лікам, не шкадуючы сваіх салдат, але ўрокі з уласных пралікаў здабываць ўмеюць. Увогуле, расчараванне года.

Так ці інакш, вайна відавочна зацягваецца і пагражае працягнуцца яшчэ як мінімум год. Зноў жа, калі зграя чорных лебедзяў не асядлае Крэмль, які, мяркуючы з усяго, рыхтуецца ваяваць у доўгую. Літаральна на днях газета The New York Times са спасылкай на высокапастаўленых расійскіх, амерыканскіх і міжнародных чыноўнікаў паведаміла, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін выкарыстоўвае закулісныя каналы і пасярэднікаў, каб сігналізаваць аб сваёй зацікаўленасці ў спыненні агню. Хоць нядаўнія публічныя заявы самога Пуціна сведчаць пра адваротнае, піша ў сваім аглядзе Інстытут вывучэння вайны.

Чаго тут больш — рэальнага жадання ўзяць паўзу або псіхалагічнага ціску на Захад (маўляў, мы хочам міру, а ў «нацысцкім» Кіеве не хочуць)? — складанае пытанне. Аналітыкі мяркуюць некалькі магчымых матываў Пуціна: будучыя прэзідэнцкія выбары ў Расіі, спроба аслабіць падтрымку Украіны з боку Захаду і адцягнуць яго ўвагу ад канфлікту.

Пры тым, што запыт на мір у самой Расіі існуе (больш за тое, мае тэндэнцыю да нарастання), высокапастаўленыя крамлёўскія чыноўнікі ўсё часцей выказваюць экспансіянісцкую рыторыку. На думку Інстытута вывучэння вайны, часовае спыненне агню прынясе карысць Расіі, бо дасць ёй час падрыхтавацца да новай агрэсіі. Таму прапанова Пуціна хутчэй звязаная са спробамі затрымаць далейшую вайсковую дапамогу Захаду.


Глядзіце таксама

Для ўкраінцаў мы — усё яшчэ «рускі свет». Як і для Лукашэнкі

На днях вярхоўны прадстаўнік ЕС у замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль выказаўся ў інтэрв'ю The Guardian аб мэтах Крамля ў вайне з Украінай і памылках Пуціна. На яго думку, прэзідэнт РФ не задаволіцца частковай акупацыяй Украіны, хоць і недаацаніў супраціў украінцаў, пры гэтым Захаду варта, на думку Барэля, рыхтавацца да зацяжнога канфлікту. «Калі мы не зменім курс хутка, калі мы не мабілізуем усе нашы магчымасці, гэта дазволіць Пуціну выйграць», — сказаў еўрачыноўнік, пасылаючы ясны сігнал у Вашынгтон.

І вось тут нечакана ў завочную палеміку з ім уступіў Аляксандр Лукашэнка. У уласцівай яму манеры, назваўшы Барэля «дурнем», далей заявіў: «Нам што, да вайны сёння новай? Нам з гэтай (ва Украіне) трэба разабрацца. Тым больш цяпер, калі сітуацыя складваецца спрыяльна. І не толькі для нас. Але і для іх, каб не страціць Украіну».

Пытанне, каго самапрызначаны меў на ўвазе пад займеннікамі «нам», «для нас» і «для іх»? Мяркуючы з усяго, ён даўно бачыць сябе з Пуціным як адзінае цэлае — тут не трэба мець ніякіх ілюзій наконт таго, нібыта Лукашэнка здолеў саскочыць з крамлёўскага кручка, так і не ўступіўшы ў вайну з Украінай. Не ўступіў — значыць, не надта Пуціну і трэба было. Будзь па-іншаму, даўно б уступіў, нават пры поўным разуменні ўсіх рызык.

Але калі ён кажа, што «сітуацыя складваецца спрыяльна» (маючы на ўвазе прыпыненне контрнаступу УСУ), кіраўнік, відавочна, спрабуе закінуць сігнал еўрапейцам: рабіце што-небудзь, хоць бы паспрабуйце схіліць Зяленскага да перамоваў. Кажа ён ад імя Крамля ці нясе адсябяціну? Адказ на гэтае пытанне мы, хутчэй за ўсё, даведаемся ўжо ў наступным годзе.

На выніковым саміце ЕАЭС у Піцеры Лукашэнка зноў завёў сваю пласцінку: Украіне, маўляў, трэба пайсці на замірэнне на расійскіх умовах. І чарговы раз казырнуў тым, што тактычная расійская ядзерная зброя ўжо завезеная ў Беларусь і знаходзіцца ў выдатным стане. Так яно ці не, невядома. Гэта, мабыць, галоўная загадка адыходзячага года. Дарэчы, не адзіная. Напрыклад, чаму Яўген Прыгожын не дайшоў да Масквы, хоць паспеў пасеяць паніку ў кіруючых колах? Што ці хто яму перашкодзіў. Наўрад Ці Лукашэнка.

Аднак, гэты, як яго яшчэ назвалі, «недамяцеж» стаў папярэднікам трансфармацый у Расіі, якія найбольш выразна можна назіраць да канца года. Рэзкае зашрубоўвання гаек і крывадушныя пропаведзі новых «настаўнікаў маралі» на фоне дзяржаўнай палітыкі, якая парушае ўсе мажлівыя міжнародныя нормы, і называюць сёння «рускім светам». Супраць якога працягваюць змагацца ўкраінцы. І часткай якога яны, мяркуючы па апошніх апытаннях, лічаць Беларусь. Негатыўна ставяцца да нашай краіны 78% жыхароў Украіны. Яшчэ адзін сумны вынік апошніх двух гадоў, які з'яўляецца стоадсоткавай «заслугай» лукашэнкаўскага рэжыму.

Што цмок будучы нам рыхтуе?

Калі коратка падсумаваць, то бліжэйшая будучыня не выглядае аптымістычнай для тых, хто даўно хоча пераходу да нармальнай рэальнасці. Перспектывы Беларусі можна і трэба разглядаць не інакш як у кантэксце трохвугольніка «Расія – Украіна – Захад». Па-іншаму, на жаль, не атрымліваецца. Захад, відавочна, робіць стаўку на павольнае знясіленне РФ. Мабыць, баючыся яе хуткага паражэння, ён будзе старацца глыбей зацягнуць Маскву ў пастку новай гонкі ўзбраенняў, магчыма, спадзеючыся пры гэтым на нейкія ўнутрыпалітычныя змены ў Крамлі. Пуцінскі рэжым у сваю чаргу зацікаўлены ў чарговым распальванні канфрантацыі паміж Захадам і «Глабальным Поўднем» і вельмі спадзяецца на прыход да ўлады з ЗША «больш дружалюбных сіл», якія (на думку крамлёўскіх стратэгаў) могуць заняць іншую пазіцыю датычна падтрымкі Украіны. Беларусь ва ўяўленні Крамля — ужо на сто адсоткаў свая.

У самой Расіі ў сакавіку пройдуць... Не, не хочацца называць гэта выбарамі, дні галасавання — так правільней сказаць. З пункту гледжання вынікаў — быццам бы ўсё наканаванае. Але што будзе пасля (або напярэдадні, у разгар?..) — смеем выказаць здагадку, усё ж загадка. Больш за тое, загадка года, адгадаць якую наўрад ці камусьці сёння па сілах. Бо галоўны прынцып аўтакратаў — ствараць ілюзію, што яны ўсё кантралююць.

Рэальнасць, праўда, — сцерва бессардэчная. Часам наносіць зваротны ўдар. І чым далей ад яе адарвешся, тым больш балюча б'е, звычайна ў самае слабое месца. У чэкісцка-бандыцкай групоўкі ў Крамлі, як і ў яе «філіяла» ў Мінску, разрыў з рэальнасцю дасягнуў проста касмічных маштабаў. І гэта ўсяляе некаторы аптымізм.