Кіраўнікі палка Каліноўскага ў Вільні: «Бяздзейнасць можа прывесці да страшнага рабства нашых дзяцей»
Пару апошніх тыдняў камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Прохараў і яго намеснік Вадзім Кабанчук ездзілі па Еўропе і сустракаліся з беларусамі замежжа. 31 студзеня ваяры завіталі ў апошні горад паездкі — Вільню. Як прайшла сустрэча, распавядае «Наша Ніва».

Вадзім Кабанчук і Дзяніс Прохараў. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: прэс-служба палка Каліноўскага
Перад паездкай у Вільню Прохараў і Кабанчук праехалі па гарадах Польшчы, былі ў Берліне і Празе. Вільню, важны для беларусаў горад, ваяры пакінулі напаследак.
Але на чалавечай цікаўнасці гэта не адбілася — зала ў цэнтры горада на некалькі дзясяткаў месцаў была поўная. Гасцей сустракалі юнакі ў масках на ўвесь твар, не забывалі папярэджваць, што забаронены відэа- і фотаздымка. На піяніна за спінамі выступоўцаў павесілі нацыянальны сцяг і сцяг «Руху беларускіх нацыяналістаў», а каб палотны не ўпалі, прымацавалі іх бутэлькамі з вадой. У адным з першых шэрагаў — Вольга Карач. Выглядае, што нікога іншага з беларускіх палітычных селебрыці ў Вільні гэтая сустрэча не зацікавіла.
Прохараў і Кабанчук прыйшлі са спазненнем. Пасля выступлення арганізатараў кіраўнік палка ўзяў мікрафон і амаль адразу пачаў дзякаваць: «Дзякуючы вам мы сфарміраваліся як падраздзяленне і цяпер маем сучасную і больш прасунутую амуніцыю, чым УСУ. Калі ў 2014 годзе першыя хлопцы паехалі ва Украіну, мы разумелі, што пачалася вайна, але памыляліся з маштабам. Але і ў 2014 годзе, і цяпер было і ёсць усведамленне, што без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі».
На гэтай сустрэчы ўвогуле хапала слоў удзячнасці, у тым ліку за тое, што беларусы, як і ў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны, падтрымліваюць ваяроў палка.
Шмат было сказана і пра тое, што ў будучым полк імкнецца вызваліць Беларусь ад дыктатуры. Гэта адзначаў Дзяніс Прохараў, калі згадваў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны і тое, як 15 беларусаў з досведам баёў у зоне АТА далучыліся да тэрытарыяльнай абароны «Азова» — тады падраздзяленне абараняла Кіеў. У той час, паводле слоў ваяра, і ўзнікла ідэя тады яшчэ батальёна Каліноўскага як будучай адзінкі нацыянальнай беларускай арміі.
Глядзіце таксама

Першае пытанне, якое задалі Прохараву і Кабанчуку, было якраз пра будучыню Беларусі. Колькі чалавек будуць абараняць Лукашэнку ў апошнія дні рэжыму? На думку Кабанчука, няшмат: «Праз свой узрост я бачыў, як развальваўся СССР з мільённай арміяй. Ніхто тады не выйшаў [масава] яго абараняць, хаця пэўная кроў і пралілася. Упэўнены, што прыйдзе дзень — і ад Лукашэнкі пабягуць».
На сустрэчу прыйшоў экс-ваяр палка Аляксандр «Кусь» Клачко — некалькі месяцаў таму ён перабраўся ў Вільню. Яго пытанне да былых камандзіраў: «Магу памыляцца, але мяне вельмі здзівіла, што тэма вайны цяпер забытая. Вайна быццам ідзе на Марсе, а добраахвотнікі — нейкія міфічныя героі. Як вярнуць тэму добраахвотнікаў у парадак дня?»
Вадзім Кабанчук адзначыў у адказе, што людзі насамрэч стамляюцца і абстрагуюцца ад вайны, але ж, акрамя саміх беларусаў, ніхто гэтаму не дасць рады. Небяспека, упэўнены ён, толькі павялічваецца, і, калі Украіна не пераможа Расію, наступнымі яе ахвярамі стануць Літва і Польшча.
«Наша бяздзейнасць цяпер можа прывесці да страшнага рабства нашых дзяцей. У 1939-ым у Еўропе быў лозунг «Навошта паміраць за Данцыг?» — і ў выніку пачалася вайна, у якой загінулі 55 мільёнаў чалавек. Сітуацыя аналагічная», — кажа Кабанчук.
Адно з пытанняў на сустрэчы прагучала па-літоўску, але шмат каму было зразумелае і без перакладу. Віленчук пытаўся, як кіраўнікі палка называюць краіну, дзе праходзіла сустрэча — Літва ці Жамойція?
На адсылку да ліцвінізму Кабанчук адказаў так, што выклікаў апладысменты ў зале:
«Відавочна, гэта Літва. Мы ведаем, пра што вы кажаце, нам дасылалі правакацыйныя ролікі, але гэта ідзе спецыяльная праца, каб нас рассварыць, спецслужбы працуюць. Давайце пакінем гістарычныя спрэчкі гісторыкам, а самі будзем глядзець на тое, што нас аб’ядноўвае.
У Савецкім Саюзе рэпрэсавалі і літоўцаў, і беларусаў. Мы не жадаем нейкай экспансіі і захопу чужых тэрыторый, так робяць толькі расійцы, і іх трэба спыніць».
Выглядае, што паездкі і гутаркі трохі стамілі ваяроў, і мо таму віленская сустрэча аказалася нядоўгай — крыху большай за гадзіну. Але напрыканцы, перад хвілінай маўчання па загінулых пабрацімах, Кабанчук і Прохараў знайшлі час прагаварыць галоўнае — як ПКК мог бы вызваліць Беларусь, калі ён — адзінка УСУ: «Украіна не прабачыць 2022 год, яна не даруе 700 ракет, выпушчаных з боку Беларусі, не даруе Бучу і Ірпень. Лукашэнка і яго хеўра заплацяць за гэта».
Каліноўцы згадалі лёс краін, акупаваных нацыстамі, якія хутка вызваліліся пасля аслаблення гітлераўскага рэжыму ў Берліне. Пасля таго, як расійскі рэжым, што падтрымлівае Лукашэнку, будзе пераможаны ва Украіне, каліноўцы не даюць і месяца жыцця беларускай дыктатуры.
Глядзіце таксама

Прадстаўнікі ПКК адказалі на некалькі пытанняў.
— Якія ўражанні ў вас ад камунікацыі з беларусамі замежжа?
Дзяніс Прохараў: Вельмі цёплыя. Прыемна чуць, што парадак дня трымаецца, людзі жадаюць дапамагчы, хаця часта не ведаюць як. Не адзначыў на сустрэчах крытычных пытанняў.
— Як ацэньваеце вынікі гэтай паездкі?
Вадзім Кабанчук: У нас было некалькі мэт, першая з іх — падзякаваць беларусам. Таксама мусілі нагадаць, што вайна трывае і што па-ранейшаму патрэбны матэрыяльна-тэхнічныя сродкі, пікапы, бронікі. І трэцяя мэта — сфарміраваць палітычнае прадстаўніцтва палка.
— Ці былі правакацыі, спробы сарваць сустрэчы з вамі?
ВК: Адбылася дробная правакацыя ў Кракаве, калі на сустрэчу прыйшло некалькі чачэнцаў. Ахова іх вывела, нічога страшнага.
На развітанне Кабанчук згадаў пры журналістах, што
кіраўнікі палка прыехалі ў Вільню за пару дзён да 2 лютага — дня нараджэння
Кастуся Каліноўскага, у чый гонар названы полк, так што варта ўшанаваць яго
памяць і пакласці кветкі. Ёсць думка, падзяліўся Вадзім, што і пратэсты 2020-га
пачаліся з Каліноўскага — з таго, што ў 2019-ым цела беларускага героя нарэшце
знайшлі і пахавалі належным чынам.