«Шанец на помсту». Азовец з пазыўным «Тэрор-машына» выехаў з Беларусі пасля сямі гадоў калоніі
Станіслаў Ганчароў, азовец з пазыўным «Тэрор-машына», выехаў з Беларусі і сустрэўся з каліноўцамі.
«Сем год ён правёў у вязніцах рэжыму Лукашэнкі і нарэшце атрымаў шанец на помсту», — піша прэс-служба палка Каліноўскага. «Вітаем у шыхце легенду сучаснага беларускага супраціву», — напісана пад здымкам, на якім Ганчароў разам з камандзірам каліноўцаў Дзянісам Прохаравым («Кітом»). Гэта можа азначаць, што «Тэрор-машына» збіраецца вярнуцца ва Украіну і ўступіць у падраздзяленне.
Камандзінр каліноўцаў разам з намеснікам Вадзімам Кабанчуком здзяйсняе паездку па краінах Еўрасаюза. Відаць, у адной з іх ён і сустрэўся са Станіславам Ганчаровым, мяркуе «Еўрарадыё». Яны знаёмы яшчэ з часоў «антытэрарыстычнай аперацыі» на Данбасе, у якой удзельнічаў тады яшчэ батальён «Азоў».
Жыхар Віцебска Ганчароў у 2014-2016 гадах знаходзіўся ва Украіне, уваходзіў у батальён (пазней — полк, цяпер — брыгада) «Азоў», дзе была група беларусаў. Вясной 2016-га ён вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы. 20-гадовы хлопец заявіў, што не ваяваў, а быў валанцёрам. Справу разглядаў Віцебскі абласны суд. У сакавіку 2017-га Станіслаў Ганчароў быў асуджаны на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў «злосным хуліганстве», «распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або варажнечы». У «найміцтве» не абвінавачвалі, але менавіта ўдзел у баявых дзеяннях ва Украіне мог быць галоўнай прычынай затрымання.
Суд адбываўся ў закрытым рэжыме і доўжыўся амаль тры месяцы. Разам з Ганчаровым па справе праходзілі яшчэ сем чалавек ва ўзросце ад 18 да 22 гадоў. Суд прызначыў ім розныя тэрміны — ад 1 года абмежавання волі да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Афіцыйна Станіслава Ганчарова судзілі за здзек з падлеткаў. Паводле звестак следства, з 2012 года ён быў нефармальным лідарам каляфутбольнай групоўкі. У МУС РБ падкрэслівалі, што Ганчароў меў «неанацысцкія погляды», а на целе ў яго шмат нацысцкіх татуіровак.
У ліпені 2023-га Станіслава Ганчарова, які выйшаў на
свабоду, затрымлівалі сілавікі. Яны паведамлялі, што іх зацікавілі якраз
татуіроўкі. Калі азовец выехаў з Беларусі, невядома.