Зянон Пазьняк: Беларусы чакаюць зручнага моманту, каб паўстаць
Многія беларусы спадзяюцца на дапамогу Захаду ў імкненні да дэмакратычных перамен, але «ніхто за нас нічога не зробіць, калі мы самі не зробім», заявіў 27 студзеня на сустрэчы з суайчыннікамі-эмігрантамі ў Лодзі лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк.
![Зянон Пазьняк. Фота Павал Хадзінскі Зянон Пазьняк. Фота Павал Хадзінскі](/img/v1/images/had_0972_logo.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Зянон Пазьняк. Фота Павал Хадзінскі
На яго думку, «гэтая псіхалогія, што нам нехта дапаможа, вельмі глыбока ўкаранілася ў Беларусі», але ў заходніх краін «свае інтарэсы», перадае «Позірк».
Перамен магчыма дасягнуць толькі тады, калі з’явіцца ўласны «моцны рух».
«Нас у Польшчы 120 тыс. налічылі. Але мы — эміграцыя. Палова ці больш за палову тут проста выжываюць. Вялікіх перспектыў тут няма. Нашыя перспектывы — там, [унутры Беларусі]», — адзначыў палітык.
«Самае галоўнае — гэта людзі, якія засталіся ў Беларусі, — дадаў ён. — Я маю кантакты з такімі людзьмі. Я вам скажу, што вельмі шмат людзей толькі чакаюць зручнага моманту, [каб паўстаць]. Лукашэнку ніхто не падтрымлівае. Ну, як ніхто? 20%, напэўна, падтрымлівае. Улічваючы бюракратыю».
Глядзіце таксама
![30 гадоў таму Захад праігнараваў папярэджаньне Пазьняка пра пагрозу імпэрскага рэваншу. Чаму так атр 30 гадоў таму Захад праігнараваў папярэджаньне Пазьняка пра пагрозу імпэрскага рэваншу. Чаму так атрымалася і што з гэтага выйшла?](/img/v1/images/e96e4743b83a92cfc05586f45e1b81ef.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Паводле слоў Пазьняка, першае пытанне, якое ён задае людзям, якія прыязджаюць у Польшчу, — «што новага ў Беларусі?»
«Што ў тралейбусе, што на вуліцы? Як паводзяць сябе беларусы? Адказ: маўчаць, — сказаў ён. — Калісьці ў Карамзіна спыталі: як там у Расіі. Ён адказаў: воруют-с. А ў Беларусі — маўчаць. Таму што нельга гаварыць, пасадзяць. Але людзі разумеюць, чакаюць моманту. І гэта добра, гэта развіваецца».
«Сіла — там, — паўтарыў лідар “Вольнай Беларусі”. — І наша задача — рабіць так, каб гэты дух мацаваўся».
Пазьняк падкрэсліў, што спосабы барацьбы з рэжымам Лукашэнкі ёсць, прычым «канкрэтныя», але іх нельга адкрыта агучваць, бо ўлады змогуць да гэтага падрыхтавацца.
Важным складнікам змагання з дыктатурай ён лічыць полк імя Кастуся Каліноўскага.
«[Ва Украіне] ідзе вайна, і [відавочна, што] без сілы вырашыць праблемы не удасца. Можа, гэтая сіла не ўступіць у барацьбу, але важна, каб яна была.
Таму наша пазіцыя — мы абапіраемся на полк усімі магчымымі сродкамі. Дапамагаем, збіраем грошы, на пікапы, аўтобусы, дроны і гэтак далей. У гэтым наша вялікая надзея.
Без войска, без узброенай сілы тут нічога не зробім», — перакананы палітык.