Мікола Аксаміт: «Мы ўбачым вольную і дэмакратычную любую Беларусь!»

Сёньня зьявілася трагічная навіна пра сьмерць Мікалая Аксаміта — дэпутата Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня ад апазыцыі БНФ. У сваім сэрцы ён заўжды змагаўся за вольную Беларусь, нават калі радзіма фактычна пазбавіла яго права на працу і выракла на выгнаньне. Узгадаем зямны шлях і выказваньні спадара Аксаміта. 

Мікалай Аксаміт (справа), Барыс Гюнтар (зьлева). 1993

Мікалай Аксаміт (справа), Барыс Гюнтар (зьлева). 1993

Мікалай Аксаміт скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут

Мікалай Аксаміт нарадзіўся 18 траўня 1954 года. Да абраньня дэпутатам працаваў мастаком-афарміцелем.

Спадар Мікалай сапраўды меў надзвычайны мастацкі талент. Паглядзіце на некаторыя ягоныя творы:

У 1990 годзе быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12-га скліканьня ад Ваўкавыскай гарадзкой выбарчай акругі № 248

Спадар Аксаміт уваходзіў у Камісію Вярхоўнага Савету ў справах адукацыі, культуры і захаваньня гістарычнай спадчыны (так званая «камісія Гілевіча», паводле імя яе старшыні).

«У камісію ўваходзіла некалькі дэпутатаў БНФ і Грамады — Алег Трусаў і Лявон Баршчэўскі (намесьнікі старшыні), Яўген Цумараў (сакратар), Мікалай Аксаміт, Лявон Дзейка, Лявонцій Зданевіч.

У тым, што было зроблена ў пачатку 1990-х на ніве беларушчыны — вялікая заслуга гэтых людзей», — пісаў Сяргей Навумчык у кнізе «Дзевяноста другі».

У 1993-м сярод іншых дэпутатаў патрабаваў «адстаўкі недзеяздольнага кіраваньня Савету міністраў»

Подпіс Мікалая Аксаміта стаяў пад заявай дэпутатаў Апазыцыі «склікаць нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету па пытаньні адстаўкі недзеяздольнага кіраваньня Савету міністраў і аб фармаваньні кааліцыйнага ўраду Беларусі».

У заяве сьцьвярджалася:

«…Усе антыбеларускія ініцыятывы падтрымліваюцца і ініцыююцца Саветам міністраў Беларусі. Тым самым груба, бессаромна парушаюцца абавязкі перад народам і законы дзяржавы. Змоўніцкая антыбеларуская пазыцыя Саўміну выкліканая, перш за ўсё, поўным правалам палітыкі ўраду ў эканоміцы, што паставіла ў вельмі цяжкае становішча наша грамадзтва. Каб пазьбегнуць адказнасьці, людзі, надзеленыя ўладай, што загразьлі ў мафіёзных дачыненьнях, гатовыя чарговым ашуканскім чынам здаць абрабаваную ім дзяржаву і прадаць беларускую незалежнасьць расейскай дзяржаве і расейскай мафіі».

У 1995-м быў сярод 19 дэпутатаў, якія бралі ўдзел у гераічнай галадоўцы

Галадоўка дэпутатаў апазыцыі БНФ у Вярхоўным савеце 12-га скліканьня. 1995

Галадоўка дэпутатаў апазыцыі БНФ у Вярхоўным савеце 12-га скліканьня. 1995

«Мікалай удзельнічаў у нашай галадоўцы 11-12 красавіка 1995-га супраць ганебнага лукашэнкаўскага рэфэрэндуму, яго жорстка зьбілі», — узгадвае Сяргей Навумчык.

«На Мікалая Аксаміта наваліліся некалькі чалавек у чорных масках, адзін гэтак моцна скочыў на сьпіну, што Мікалай страціў прытомнасьць (яго і вывалаклі з Авальнай залі апошнім)», — пісаў спадар Сяргей у кнізе «Дзевяноста пяты».

У 2004 годзе быў даверанай асобай Мікалая Аўтуховіча на выбарах у Палату прадстаўнікоў

Мікалай Аксаміт распавядаў, што пасьля 1995 года існаваў загад не ўладкоўваць былога дэпутата на працу. Тады адзіным, хто рызыкнуў забясьпечыць спадара Аксаміта працоўным месцам, апынуўся прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

«Гэта было прыкладна ў 1996—1997 годзе. Аўтуховіч узяў мяне на працу, хаця добра ведаў, што я былы апазыцыйны дэпутат. Ён сапраўды рызыкаваў, але пайшоў на гэта. У той момант у яго не было канфліктаў з уладай, ён не зьбіраўся ў палітыку. Але палітыка сама прыйшла да яго, бо яму як бізнэсоўцу ўлада не дала працаваць. Калі ён гэта зразумеў, то мусіў заняцца і палітыкай. Таму балятаваўся і ў Палату прадстаўнікоў.

А характар у яго нязломны, пра што сьведчыць і ягоная галадоўка. Яго хочуць зламаць, а ён сваёй галадоўкай паказаў, што яго можна забіць, але зламаць — ніколі», — распавядаў Мікалай Аксаміт у размове з Алегам Груздзіловічам.

«Чалавек зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі вымушаны быў 4 гады працаваць на будоўлі ў Польшчы, а затым у Расеі»

«Пасьля таго, як у 1995 годзе скончыўся тэрмін маіх паўнамоцтваў у парлямэнце, існаваў загад нікуды не прымаць на працу.

Нават тыя дырэктары розных прадпрыемстваў, якім я, будучы дэпутатам, імкнуўся дапамагаць, цяпер апускалі вочы і казалі, што ім пастаўлены загад: ня браць на працу. І вось так я, чалавек зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі, вымушаны быў 4 гады працаваць на будоўлі ў Польшчы, а затым у Расеі.

У мяне ў той час якраз падрасьлі дзеці, і я мусіў даць ім адукацыю. Яны атрымоўвалі платную адукацыю, а я на гэта зарабляў», — дзяліўся спадар Мікалай са «Свабодай» у 2016-м.

Мікалай Аксаміт

Мікалай Аксаміт

«Цяпер я заслужыў ад сваёй дзяржавы пэнсію ў мільён 750 тысяч рублёў»

«Мой працоўны стаж пачаўся з 16 год, і цяпер я заслужыў ад сваёй дзяржавы пэнсію ў мільён 750 тысяч рублёў (да дэнамінацыі 2016 года — заўв. рэд.).

Дзякуй Богу, што пакуль працуе жонка, то ўдвох неяк выжываем. А калі з такой пэнсіяй застаесься адзін, то гэта папросту галодная сьмерць у сёньняшняй сытуацыі.

Дарэчы, тыя дэпутаты, якія былі пасьля мяне ў наступным скліканьні, атрымалі іншыя пэнсіі ад Лукашэнкі.

Памятаю, тады Натальля Машэрава пісала, што яе пэнсія складае тысячу даляраў.

Вядома, па-чалавечы гэта нават і крыўдна, бо мы, працуючы ў Вярхоўным Савеце тады яшчэ не на прафэсійнай аснове, прымалі па 15–20 законаў у дзень. Калі памятаеце, тады зьмянялася цалкам заканадаўства. Мы прыходзілі ў гатэль пасьля 22 гадзіны, каб толькі пераначаваць. Шмат законапраектаў апазыцыя распрацоўвала сама, часам не было нават калі і спаць. А ўся Палата прадстаўнікоў, у якой працавала і Натальля Машэрава, не прымала столькі законаў за год, колькі нам даводзілася прымаць за дзень, а пэнсіі мы маем зусім розныя. Зрэшты, гэта не патрабуе тлумачэньняў», — казаў Мікалай Аксаміт у 2016-м.

Лічыў, што зьмены ў Беларусі можна зрабіць толькі праз байкот выбараў

«Ужо цяпер відавочна, што людзі на выбары ісьці ня хочуць, бо бачаць, што гэта практычна не зьмяняе іх жыцьця.

І калі б апазыцыйныя палітыкі хоць трохі думалі пра Беларусь, а не пра ўласныя патрэбы, яны б аб’ядналіся і зрабілі байкот.

Дастаткова толькі наладзіць кантроль за тым, колькі людзей насамрэч заходзіць на выбарчыя ўчасткі, і не дазваляць прымусова заганяць людзей. Перакананы, што выбары папросту не адбудуцца. І толькі тады, пры гэтых умовах, улада вымушана будзе пайсьці на зьмены заканадаўства», — лічыў былы дэпутат. 

«Яшчэ адзін аргумэнт даводзіцца чуць ад апазыцыянэраў — што народ не сасьпеў. І гэта поўнае глупства, бо насамрэч не сасьпелі апазыцыйныя лідэры. І самае сумнае, што тыя ж лідэры заклікаюць ізноў народ на выбары».

«З Лукашэнкам можна размаўляць толькі з пазіцыі сілы»

«Выбарчага заканадаўства ніхто мяняць ня будзе, бо гэта сук, на якім ён сядзіць. Лукашэнку можна толькі прымусіць нешта зьмяніць, і зь ім можна размаўляць толькі з пазыцыі сілы, а не ўгаворамі.

А што Захад цяпер ізноў спрабуе гаварыць з Лукашэнкам пра лібэралізацыю, то думаю, што гэтыя рамантычныя памкненьні рана ці позна скончацца», — казаў Мікола Аксаміт «Свабодзе».

У 2020 годзе падпісаў заяву былых дэпутатаў, якія заклікалі да новых выбараў

«Пачатак кампаніі, якую ўлады назвалі «выбарчай», яскрава прадэманстраваў, што выбараў у нас у краіне па-ранейшаму няма. Іх ня будзе і 9-га жніўня!

Сама канцэпцыя «моцнага прэзыдэнта» ў Беларусі абсалютна дыскрэдытавала сябе, і ў пэрспэктыве мы бачым неабходным вяртаньне Беларусі да парлямэнцкай рэспублікі.

Падчас свабодных выбараў мы падтрымаем кандыдата, які будзе ініцыяваць такое паэтапнае вяртаньне», — сьцьвярджалася ў заяве былых дэпутатаў.

Заяву падпісалі дэпутаты Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня ад апазыцыі Беларускага Народнага Фронту Мікола Аксаміт, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Лявон Дзейка, Уладзімір Заблоцкі, Лявон Зданевіч, Пётра Садоўскі, Алег Трусаў.

Мікалай Аксаміт

Мікалай Аксаміт

«Расіяне, спыніце свайго вар'ята!»

Мікалай Аксаміт рэзка асудзіў напад Расіі на Украіну.

«Расіяне, спыніце гэта вар'яцтва і свайго вар'ята, інакш вас праклянуць усе народы не толькі былога саюза, але і ўвесь сьвет.

Дарагія украінцы, мы з вамі і наша сэрца абліваецца крывёй за ўсё, што цяпер у вас адбываецца. Агонь па братэрскаму народу — гэта рашэньне не народа Беларусі, а яго кіраўніка. Прабачце нас, што мы такое дапусьцілі. Мы з вамі, як і ўвесь сьвет. Няма тых слоў, каб выказаць увесь боль», — пісаў спадар Мікола ў сваім Facebook 24 лютага 2022 году, у дзень пачатку поўнамаштабнага нападу. 

«Вялікі дзякуй усім! Разам мы убачым вольную і дэмакратычную любую Беларусь!» — такі допіс Мікалай Аксаміт пакінуў 25 траўня 2022 году ў адказ на віншаваньні з днём нараджэньня. На жаль, яму не было наканавана ўбачыць любую краіну вольнай, але агмень гэтай надзеі заўжды саграваў ягонае сэрца.

Мікола Аксаміт пакінуў гэты сьвет 28 студзеня 2024 году ва ўзросьце 69 гадоў.

Спачуваньні родным. Вечная памяць годнаму беларусу!