Заробкі кандыдатаў у дэпутаты: ці вышэйшыя за сярэднія?

Памятаеце анекдот пра разлік сярэдняга заробку: мы ямо капусту, вы — мяса, а разам мы ямо галубцы. «Белнавіны» высветлілі, хто, аказваецца, «есць мяса», і зрабілі аналіз дэкларацый аб даходах кандыдатаў у дэпутаты Бярэзінскага райсавета.

Ілюстрацыйнае фота house.gov.by

Ілюстрацыйнае фота house.gov.by

Кандыдаты ў дэпутаты Бярэзінскага райсавета апублікавалі свае дэкларацыі аб даходах. Можна даведацца, колькі зарабляла кіраўніцтва раёна: чыноўнікі, аграрыі, прапагандысты, сельсаветчыкі. Даныя прыведзены за 2022 год.

Сярэднямесячны даход жадаючых стаць дэпутатамі значна перавышае сярэдні заробак у Бярэзінскім раёне, які ў той час з'яўляўся бяднейшым у Мінскай вобласці. У 2022 годзе там налічвалі работнікам у сярэднім па 1292 рублі штомесяц.

У дэкларацыях кандыдатаў у дэпутаты паказваецца агульны даход. Гэта значыць, што калі чалавек менавіта ў той перыяд прадаў кватэру ці машыну, то лічба можа выглядаць анамальна вялікай.

Старшыня райсавета

Сярэднямесячны даход дзеючага старшыні райсавета камуніста Віктара Лашкоўскага складаў 3 600 рублёў ($1375 па тагачасным курсе). Лашкоўскі ў дэкларацыі пазначыў, што мае дом у райцэнтры, а таксама мае два аўтамабілі: ВАЗ 2121 і VOLVO V-60.

Чыноўнікі райвыканкама

Кіраўнік спраў райвыканкама камуніст Міхаіл Бурцаў задэклараваў даход 2900 рублёў у месяц ($1107). У чыноўніка дом у Беразіно, лецішча ў раёне і аўтамабіль HYUNDAI ATOS.

Намесніца старшыні райвыканкама камуністка Вольга Калячка ўказала штомесячны даход у 2451 рубель ($935). Маёмасцю Калячка не валодае.

Даход кіраўніцы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама камуністкі Алесі Цітавай складаў 2300 рублёў ($878). На яе запісаны два аўтамабілі: RENAULT MEGANE SCENIC і MAZDA 323.

Вераніка Джыгера, якая з'яўляецца кіраўніцай ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, пазначыла, што ў сярэднім атрымлівала 1592 рублі ($608). Даход Джыгеры найменшы сярод чыноўнікаў, якія балаціруюцца ў райсавет.

Топ-медыкі

Галоўны ўрач раённай бальніцы, 33-гадовая камуністка Крысціна Крук мела 5800 рублёў у месяц ($2214). Беспартыйны галоўны ўрач раённай санэпідэмстанцыі Вадзім Буйніцкі атрымліваў 2900 рублёў ($1107). Каб мець такі даход, падначаленым Крук і Буйніцкага трэба працаваць на дзве стаўкі і забыцца, што ў іх ёсць сям'я і дом.

Прапагандыстка і бібліятэкар

Даход галоўнай рэдактаркі раёнкі «Бярэзінская панарама» Юліі Букель, якую адправіла ў дэпутаты «Белая Русь», складаў 2250 рублёў ($858).

Кіраўніца раённай бібліятэкі камуністка Наталля Маеўская зарабляла па 2880 рублёў (амаль $1100). Даход Маеўскай яе падначаленыя могуць толькі ўбачыць у сне. Радавы бібліятэкар мае якую-небудзь тысячу рублёў у месяц.

Старшыні сельсаветаў

У райсавет спрабуе прабіцца процьма сельсаветчыкаў з прыкладна аднолькавым прыбыткам. Яны таксама беспартыйныя. Самыя багатыя з іх: старшыня Бярэзінскага сельсавета Аляксандр Болсун зарабляў 2300 рублёў ($879), старшыня Паплаўскага сельсавета Аляксей Сарнаўскі напрацаваў на 2130 рублёў ($813).

Аграрыі

Найбагацейшыя вылучэнцы ў райсавет — кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў (рэфармаваных калгасаў). У іх развіццё ўкладваюцца велізарныя дзяржаўныя інвестыцыі. Аграрыі вылучаюцца ў райсавет як беспартыйныя.

Дырэктар сельгаспрадпрыемства «Аграмаз» Валерый Цэдрык па бярэзінскіх маштабах мясцовы Ракфелер. Ён зарабляў па 4700 рублёў (амаль $1800).

У дырэктаркі акцыянернага таварыства «Пагосцкі» Наталлі Сокал выходзіла 4130 рублёў у месяц ($1575).

Дырэктар таварыства «Брадзец» Аляксандр Крук зарабляў па 4030 рублёў ($1537).