«Па-ранейшаму аддаў бы за яго свой голас...» Ці збіраюцца беларусы ісці на выбары?
Шмат хто плануе праігнараваць электаральную кампанію, якую праводзіць рэжым. Але ёсць і тыя, хто шчыра зацікаўлены падтрымаць свайго кандыдата.
Што беларусы думаюць сёння пра будучыя парламенцкія і мясцовыя выбары ў РБ, ці збіраюцца на выбарчыя ўчасткі, як ставяцца да пратэснага галасавання і ці вераць у значнасць уласнага голасу? «Deutsche Welle» паразмаўляла з жыхарамі Беларусі (імёны змененыя).
«Які сэнс лішні раз кудысьці хадзіць?»
Андрэй працуе ў адным з дзяржаўных СМІ, але прызнаецца, што «ніякіх эмоцый» з нагоды маючых адбыцца выбараў не адчувае. У рэдакцыі, паводле яго, ніякай агітацыі або збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў не было. Суразмоўца кажа, што не бачыць сэнсу ў галасаванні і на ўчастак не пойдзе. «Я і раней не ўдзельнічаў у парламенцкіх, мясцовых выбарах, толькі на прэзідэнцкія хадзіў, і тое не на ўсе. Я не адчуваю, што гэта важныя людзі (дэпутаты. — Заўв. рэд.), якія нешта будуць вырашаць. Які сэнс лішні раз кудысьці хадзіць?» — разважае мужчына.
Паводле слоў Андрэя, сітуацыя ўнутры краіны і падзеі ў свеце не дадаюць аптымізму. Ён кажа, што цяпер «хочацца думаць пра сябе і пра сям'ю, больш ні пра што».
«У 2020-м адчувалася значнасць майго голасу»
«Можа, дзесьці выставілі і па двое кандыдатаў, можа, у іх і будзе нейкая барацьба, але якое я маю да гэтага стаўленне, калі яны мне патэнцыйна абодва не падыходзяць? Паверыць, што можа быць дапушчаны хтосьці, хто б падыходзіў мне — думаю, такіх няма», — кажа мінчанка Ірына, якая таксама не збіраецца ісці на выбары. Дзяўчына згадвае, што падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года была надзея на перамены ў краіне, «адчувалася значнасць майго голасу, майго ўдзелу», а «цяпер сітуацыя зусім па-іншаму выглядае» і падобных пачуццяў няма.
Для сябе Ірына не бачыць сэнсу і ў так званым пратэсным галасаванні. Аднак, лічыць дзяўчына, калі ў дзяржаўных установах, да прыкладу, у школах або бальніцах «адэкватных» супрацоўнікаў будуць прымушаць ісці на выбары, то «напэўна, меншае зло», каб яны пайшлі і прагаласавалі «супраць усіх, за ўсіх або сапсаваць бюлетэнь», каб «не лезці на ражон у сітуацыі, якая склалася» і мець магчымасць далей працаваць. Паводле слоў Ірыны, катэгарычная адмова ад удзелу ў выбарах «наўрад ці нешта зменіць», але можа справакаваць звальненне ці іншыя негатыўныя наступствы для чалавека.
«Не пайду, бо не згодная з тым, што адбываецца ў краіне»
Вольга выкладае ў адным з мінскіх каледжаў, але на выбары таксама не збіраецца. «Я, шчыра кажучы, даўно ўжо не хадзіла на выбары, у 2020 годзе таксама не была, — расказвае яна. — Чаму не пайду? Таму што не згодная з тым, што адбываецца цяпер у краіне».
У той жа час Вольга прызнаецца, што падпісалася за вылучэнне ў дэпутаты дырэктара каледжа — «прааналізавала яго асабістыя якасці і вырашыла, што ён усё-ткі варты». Паводле слоў дзяўчыны, нягледзячы на тое, што яе кіраўнік падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку і што ў Беларусі працягваюцца «чысткі», у каледжы аніводнага чалавека па палітычных прычынах не звольнілі, «не таму што такіх няма, а таму што дырэктар такіх людзей, напэўна, не здаваў».
Вольга таксама кажа, што яна як выкладчыца ніякай ідэалагічнай працы ці агітацыі не праводзіць, але кіраўніцтва збірала даныя аб паўналетніх навучэнцах, верагодна, каб прасачыць, каб яны «абавязкова прагаласавалі».
«Галоўнае — забяспечыць явачны лік»
«Дзяцей мы наогул не агітуем, адзінае, пра што мы гаворым на выхаваўчых гадзінах, — каб пайшлі паўналетнія дзеці, якім 18 гадоў, выканалі проста грамадзянскі абавязак. За каго яны там прагаласуюць, гэта не хвалюе, галоўнае — забяспечыць явачны лік», — расказвае Сяргей, выкладчык каледжа. Сам ён таксама пойдзе галасаваць, таму што на працы «намякнулі», што «вы працуеце ў дзяржаўных установах, таму неяк павінны падпарадкоўвацца нейкім стандартам дзяржаўным».
«Не тое каб нас з-пад палкі гоняць, вядома, трохі навязваюць. Пры добрым раскладзе я б мог плюнуць на гэта і сказаць, што гэта мой выхадны дзень, — кажа Сяргей. — Ён (дырэктар. — Заўв. рэд.) кажа: "Не псуйце сабе жыццё, проста схадзіце, а то ці мала, можа, нейкія камеры будуць стаяць" (на ўчастках для галасавання. — Заўв. рэд.)».
Мужчына таксама кажа, што многія, у тым ліку і ён сам, пойдуць галасаваць, таму што цяпер пры змене працы патрэбная добрая характарыстыка ад папярэдняга працадаўцы. Сяргей мяркуе, што калі б у яго была ўласная справа і ён «не залежаў ад дзяржавы», то мог бы не ісці на выбары.
«Наўрад ці вылучаць палітыкаў, якія думаюць пра нейкую дэмакратыю»
Што тычыцца кандыдатаў у дэпутаты, то, паводле слоў Сяргея, наўрад ці вылучаць палітыкаў, «якія думаюць пра нейкую дэмакратыю», хоць «у нас адносна дэмакратычнае грамадства ў дачыненні да некаторых момантаў, але ёсць нейкія перагібы на месцах». «Кандыдатаў, хутчэй за ўсё, вылучаць тых, якія з партыі якой-небудзь "Белая Русь", якія падтрымліваюць ідэалогію нашай дзяржавы, якім не патрэбныя нейкія путчы, перавароты і гэтак далей, — мяркуе мужчына. — Я проста прыйду, пагляджу, хто мне больш спадабаецца, за таго прагаласую».
Сяргей перакананы, што дэпутатамі павінны станавіцца «паліттэхнолагі, ідэолагі», «чыноўнікі, якія сядзяць ва ўпраўленнях», а не лекары, настаўнікі або дырэктар «паравознага дэпо». На думку мужчыны, мясцовыя саветы дэпутатаў «яшчэ нешта і робяць», а вось у парламенце занадта доўга прымаюць законы. «Адзін дэпутат, які вылучаўся з нашага раёна, неяк стараўся людзям дапамагчы, дарогі аднаўляў, дапамог камунікацыі нейкія хутчэй правесці, хоць для гэтых спраў не дэпутат патрэбны, а павінны працаваць камунальныя арганізацыі. А тыя дэпутаты, якія сядзяць наверсе, у Нацыянальным сходзе, якія законы прымаюць, гэта наогул нонсэнс, часам закон мусіруецца цэлы год», — абураецца выкладчык каледжа.
«Ад дэпутатаў залежыць вырашэнне многіх пытанняў»
Яшчэ адзін суразмоўца DW, мінчук Дзяніс, займаецца бізнeсам і падтрымлівае дзеючую ўладу. На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ён галасаваў за Аляксандра Лукашэнку і цяпер, прызнаецца мужчына, па-ранейшаму аддаў бы за яго свой голас. 25 лютага Дзяніс таксама пойдзе на выбарчы ўчастак, таму што ў яго «прынята так, калі ёсць выбары, калі ёсць магчымасць». Мужчына кажа, што мясцовыя выбары важныя, бо ад дэпутатаў залежыць развязанне многіх пытанняў, «паляпшэнне якасці жыцця», «сацыяльная праца».
Мінчук ужо вызначыўся, што на выбарах у сталічны гарсавет падтрымае Алену Іванову. Як пазначана на сайце ЦВК Беларусі, гэта лекарка 1-й цэнтральнай раённай паліклінікі Мінска, сябра партыі «Белая Русь».