«На кожнае месца ідзе праўладны кандыдат і яшчэ адзін ці нават два»

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» аналізуе спіс вылучэнцаў у кандыдаты ў парламент ад Міншчыны.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Персанальныя звесткі аб асобах, вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, усё яшчэ працягваюць публікавацца і днямі з’явіліся на сайце Мінскага аблвыканкама ў адпаведным раздзеле. На 17 месцаў у заканадаўчым органе прэтэндуюць 38 чалавек. На кожнае месца ў Палаце прадстаўнікоў ідзе праўладны кандыдат і яшчэ адзін ці нават два праўладныя кандыдаты. Бо іншых проста няма. 

«Ілюзія выбараў размазана па ўсіх акругах тонкім слоем набіраючай абароты псеўдаканкурэнцыйнай барацьбы.

Не маючы шанцаў на перамогу над сваімі апанентамі ў адкрытым і роўным паядынку, улада прыдумала канкурыраваць сама з сабой», — каментуе сітуацыю манітор кампаніі.

Глядзіце таксама

З 38 асоб, вылучаных у кандыдаты, членамі партыі «Белая Русь» з’яўляюцца 15 чалавек, ЛДПБ – тры чалавекі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці – тры чалавекі, Камуністычнай партыі Беларусі – адзін чалавек. Яшчэ 16 чалавек – умоўна беспартыйныя.

«Чаму ўмоўна? Таму што амаль усе яны – функцыянеры ў той ці іншай ступені, але каб прадэманстраваць «непарушны блок» вядучай партыі і беспартыйных, трэба, каб частка кіруючай эліты заставалася па-за партыйнымі шэрагамі. Для поўнай імітацыі дэмакратыі да «непарушнага блока» дазволена прытуліцца яшчэ пары-тройцы прадстаўнікоў іншых «канструктыўных» партый».

З 38 вылучэнцаў у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 33 чалавекі – гэта дырэктары, начальнікі ўпраўленняў, намеснікі па ідэалогіі, галоўныя дактары і спецыялісты, першыя сакратары, кіраўнікі і іншыя начальнікі і старшыні розных масцей.

Сярод іх ёсць нават міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч і дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шыпула.

З 16 беспартыйных асоб усяго толькі тры чалавекі не належаць да дырэктарска-кіраўнічага пула: прадавец-кансультант, настаўнік і ваеннаслужачы.

Глядзіце таксама

Але так падаецца толькі да таго часу, пакуль не капнуць глыбей. Сціплы «ваеннаслужачы» вайсковай часці №03940 Анатоль Булаўка не хто іншы як намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА па ідэалагічнай працы —начальнік упраўлення.

Настаўнік Барысаў выкладае гісторыю і грамадазнаўства ў «Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце» і ў 2018 годзе быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацы «Выдатнік адукацыі» за добрасумленную плённую працу, высокі ўзровень прафесійнага майстэрства, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення. Яго фотаздымак упрыгожвае сайт Міністэрства адукацыі. Звесткі аб прадаўцы-кансультанце ў адкрытым доступе адсутнічаюць. Магчыма, ён таксама мае нейкія дасягненні, якія дазволілі яму прабіцца скрозь сіта першапачатковага адбору.