Хто ў Мінску сабраўся ў дэпутаты? Сілавікі, прапагандысты, актывісты праўладных партый
Акруговыя выбарчыя камісіі ў Мінску на 23 снежня зарэгістравалі 45 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
На 23 снежня на дэпутацкія мандаты ад Мінска прэтэндуюць беспартыйныя — 24, чальцы партыі «Белая Русь» — 13, Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) — 5, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці — 2, Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) — 1. Усе гэтыя партыі лічацца праўладнымі.
Сёлета ўлетку і ўвосень былі скасаваныя 11 палітычных структур: Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», Беларуская партыя «Зялёныя».
Экс-кіраўніку «зялёных» Дзмітрыю Кучуку было адмоўлена ў рэгістрацыі групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты. Палітык напісаў, што «фармальнай падставай для адмовы паслужыла памылка друку ў дакументах». Як і раней, ён не ўдакладніў, куды менавіта меў намер балатавацца — у Палату прадстаўнікоў або мясцовы савет дэпутатаў.
Палітык абвясціў пра намер балатавацца ў дэпутаты 20 лістапада, аднак адразу падкрэсліў — ён «не мае ілюзій, што атрымае дэпутацкі мандат». Сваё рашэнне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі экс-кіраўнік БПЗ патлумачыў жаданнем «стаць голасам» беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне, гатовых «падтрымліваць незалежных кандыдатаў».
Ён таксама паведаміў, што яго каманда падрыхтавала законапраект аб амністыі і канцэпцыю рэформ, якую «неабходна рэалізаваць».
Сярод іншых цяпер маюць намер балатавацца старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Сяргей Рачкоў, дзейныя дэпутаты — старшыня ЛДП Алег Гайдукевіч, прадстаўнік КПБ Сяргей Клішэвіч.
Гісторык Ігар Марзалюк балатуецца ў Палату прадстаўнікоў трэці раз запар. Ён традыцыйна зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу па Магілёўска-Ленінскай акрузе №84, але праўладная партыя «Белая Русь» вылучыла па ёй іншага кандыдата. Канкурэнт Марзалюка — таксама навуковец. Дзмітрый Рагаўцоў працуе прарэктарам па выхаваўчай працы Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Рагаўцоў — кандыдат палітычных навук. У 2000-я нават выдаў брашуру «Дзейнасць апазіцыйных моладзевых арганізацый у Рэспубліцы Беларусь».
Маюць намер вылучацца ў дэпутаты памочнік Лукашэнкі — інспектар па Мінску Аляксандр Барсукоў (былы начальнік сталічнай міліцыі і намеснік кіраўніка МУС), дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі і старшыня праўлення таварыства «Веды» Вадзім Гігін, прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі.
На дэпутацкі мандат прэтэндуе генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК) Дзмітрый Шаўцоў, якога вінавацяць у датычнасці да незаконнага вывазу дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.
Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага.
Ніводныя выбары ў Беларусі пасля 1994 года не прызнаваліся свабоднымі і справядлівымі. Апошнія выбары прэзідэнта 2020 году адзначаліся масавымі фальсіфікацыямі, пратэстамі і гвалтам сілавікоў. Яны выклікалі ўнутраны крызіс і міжнароднае асуджэнне. Беларусы замежжа ўпершыню не змогуць прагаласаваць.
Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў пазбягаць удзелу ў рэжымных мерапрыемствах, назваўшы будучую кампанію «рытуалам без сэнсу і справядлівасці».
«Я заклікаю вас выказаць нязгоду з выбарчым фарсам — хаця я разумею, што ва ўмовах тэрору бяспечных спосабаў супраціву амаль не засталося», — падкрэсліла яна.