Яны нешта ведаюць? Нашто ўладзе здалася перад выбарамі народная любоў?

Кагосьці, яшчэ калі ён быў басаногім прэзідэнтам, навучылі, што народу падабаецца, калі народу абяцаюць нізкія цэны і сацыяльную справядлівасць, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__5__logo.jpg


Хтосьці ўчора ўзяўся за цэны. Дакладней, учора хтосьці зноў узяўся за цэны. Таму што калі ў кагосьці выбары, з якімі ён не ведае, што рабіць, то заўсёды бярэцца за цэны. А за што яму яшчэ брацца перад выбарамі? Ён сам учора сумленна так і сказаў. Што калі ён бярэцца за цэны, то гэта не «папулізм перад электаральнай кампаніяй», а ўнутраны маральны закон, які з яго лезе вонкі.

Таму трэба, каб яму прыдумалі сістэму рэгулявання цэн да 1 студзеня. А калі прыдумаюць да 2 студзеня, то будзе ўжо позна. Таму што сёй-той прачнецца 1 студзеня і перш за ўсё праверыць, якая ў яго сістэма рэгуляванне цэн. І трэба, каб была правільнай.

І хочацца, вядома, спытаць: калі вы такія разумныя, што за тыдзень можаце сабе прыдумаць такую сістэму, то чаму мы трыццаць гадоў такія бедныя?

І якім чынам вы рэгулявалі цэны ўвесь гэты год, калі ў вас ніякай сістэмы не было? Можа, спачатку трэба было ўсё ж такі сістэму прыдумаць, а потым ужо рэгуляваць?

Але ж які сэнс? Ну вось прыдумаеш ты сабе сістэму, каб яна не ламалася. І што ты будзеш рабіць потым? Калі ў цябе зноў выбары?

Таму што кагосьці, яшчэ калі ён быў басаногім прэзідэнтам, навучылі, што народу падабаецца, калі народу абяцаюць нізкія цэны і сацыяльную справядлівасць.

Вось гэты хтосьці з тых часоў трыццаць гадоў увесь час гэта абяцае. Таму паказвае сябе як Робін Гуда. Хоць і народ ужо ў краіне не той, і Робін Гуд з яго атрымліваецца версіі king-size.

Аднак жа прыдумаць што-небудзь іншае фантазіі ўжо не хапае. Таму што можна паабяцаць, што ў краіне не будзе багатых. Але нельга паабяцаць, што не будзе бедных.

А наперадзе ж выбары. І перад выбарамі хочацца вярнуць сабе кропельку народнай любові. Таму што цяпер замест народнай любові застаўся адзін ГУБАЗіК.

Хоць, шчыра кажучы, я наогул не разумею, навошта яна — у сэнсе народная любоў — ім здалася. Перад выбарамі. Ці ўвогуле. Але яны так імкнуцца перад гэтымі выбарамі, як быццам і праўда збіраюцца кагосьці выбіраць. Хоць, здавалася б, яны ж самі ведаюць, што ніякія выбары яны ніколі не выйграюць. І мы з табой ведаем, што яны ніякія выбары ніколі не выйграюць.

І паколькі ўсе ўсё ведаюць, то можна было б, здаецца, ужо расслабіцца. Не марнаваць народныя грошы і рэшткі сваёй фантазіі. Але ж не. Яны ж мітусяцца. Стараюцца. Сацыяльную справядлівасць зноў сабе прыдумалі.

І вось я думаю, можа, яны ведаюць нешта такое, што нам з табой невядома? Можа, не так усё з гэтымі выбарамі проста, як мы сабе думаем? Можа, мы проста не бачылі, а там зноў сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада, як было ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы?