«Лепш лішні раз не правяраць, як яно там працуе. Бо могуць выявіцца нечаканыя сюрпрызы»
Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае пра тое, што ў нас у краіне працуе нармальна. І падаецца яму, што лепш гэта не правяраць. Бо ўчора паламаліся біятэхналогіі і меліярацыя, а што выявіцца заўтра?
Сёй-той учора загадаў, каб яму паправілі яго любімыя цацкі, якія ён пакуль яшчэ не да канца паламаў. Гэтым разам біятэхналогіі, у сэнсе Беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю і меліярацыю. Таму што ў меліярацыі, а асабліва ў біятэхналогіях сёй-той дамогся выбітных, проста ўнікальных практычна поспехаў. Уклаў, можна сказаць, усё, што ў яго было за душой. Зрабіў поўны аналагаўняма. Каб было чым ганарыцца і было што паказаць людзям.
Вось паказаў. Таму што гэта прадмет асаблівага гонару. Праўда, трошкі не працуе. То-бок працуе, але трошкі не так, як было задумана. Вось літаральна сёй-той учора так і сказаў: «Усё паламана, усё зламана». Гэта ён, калі што, пра меліярацыю. Але нешта мне здаецца, што і да ўсяго астатняга гэта падыходзіць.
Таму што, напрыклад, унікальная атамная станцыя таксама неяк часцей ламаецца, чым працуе. А летась яна, аказваецца, магла не проста зламацца, а яшчэ і паламаць усё вакол сябе.
Хоць атамная станцыя — гэта, вядома, асаблівы выпадак. Атамная станцыя ў нас добрая. Іншай такой няма. А тое, што яна ламаецца, гэта ўсё варожыя фэйкі. Каб гэтымі фэйкамі дыскрэдытаваць адносіны са старэйшым саюзнікам. Учора сапраўдны намеснік міністра энергетыкі сам так усё і патлумачыў. Намеснік міністра энергетыкі хлусіць не будзе, правільна?
Не, усё лагічна. Сама падумай, як атамная станцыя можа зламацца, калі «быў прыняты шэраг нарматыўных дакументаў», каб яна не ламалася. І «кіраўнік дзяржавы паставіў» ім «жорсткую ўмову», каб не ламалася. Таму нармальна ўсё з атамнай станцыяй. Яна не ламаецца. Яна проста ўвесь час рамантуецца. Разумець жа трэба розніцу!
І ёсць у мяне смутнае адчуванне, што многае ў нас у краіне прыкладна як тая атамная станцыя. Або меліярацыя. Гэта значыць, знаходзіцца ў стане рэгулярнага планава-папераджальнага рамонту. І лепш лішні раз не правяраць, як яно там працуе. Таму што калі праверыш, то могуць выявіцца нечаканыя сюрпрызы.
Вось учора сакратар Рады бяспекі Вальфовіч зноў сказаў, што ён не збіраецца нападаць. На Украіну не збіраецца нападаць, на NATO не збіраецца нападаць. Ні на каго не збіраецца нападаць. Хоць мог бы. Калі б захацеў. Але ён не хоча. Таму не нападае. А калі б захацеў, то тады б напаў. Але не нападзе. Таму што, ну ты зразумела, не хоча.
Сакратар Вальфовіч ужо, вядома, не першы раз паабяцаў, што ні на каго нападаць не будзе. І нават не ў другі. Хоць ніхто яго ні разу пра гэта не пытаўся. І вось я сабе падазраю, што настойлівасць сакратара Вальфовіча нараджаецца не ад яго прыроднай міралюбнасці. А проста сакратар Вальфовіч ведае, што бяспека, за якую адказвае сакратар Вальфовіч, знаходзіцца прыкладна ў такім жа стане, як Беларуская атамная станцыя. Ці нават меліярацыя. І лепш гэтую бяспеку лішні раз не правяраць. Таму што калі яе хто-небудзь раптам неспадзявана праверыць, то могуць здарыцца ўсякія непрыемныя сюрпрызы.
Як той, што быў з сокаламі, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.