«Гэта ўсё зноў — майстэрства стратэгічнага планавання»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае над планамі ўлад пабудаваць другую атамную станцыю. Асабліва ў тых умовах, калі і першая, па вялікім рахунку, ні халеры не патрэбная. 

Фота з rg.ru

Фота з rg.ru

Хацеў бы я пажартаваць, ды толькі гэта ўжо не жарт. Сёй-той па-сапраўднаму хоча сабе другую атамную станцыю. Гэта называецца стратэгічнае планаванне. Калі ты не прыдумаў, куды падзець электрычнасць з першай, але ўсё роўна хочаш сабе другую.

Добра было раней, калі ў станцыі толькі адзін энергаблок быў і ён увесь час ламаўся. Ніякай табе праблемы лішняй электрычнасці. А цяпер жа ў яе два энергаблокі будзе. Яны ў два разы больш электрычнасці стануць рабіць. А калі яны яшчэ пры гэтым не будуць ламацца? Ну, за тры гады маглі ж так паправіць, каб ужо нічога не ламалася. І куды гэтую лішнюю электрычнасць тады падзець?

Вось аказваецца, пабудаваць атамную станцыю значна прасцей, чым прыдумаць, куды падзець лішнюю электрычнасць. Таму што так ужо ўладкаваны свет і беларуская энергасістэма, што электрычнасці ў Беларусі хапала і без атамнай станцыі.

Што характэрна, гэта электрычнасць, якой і так хапала, яе на самай справе нельга проста так узяць і замяніць электрычнасцю з атамнай станцыі. Таму што 99 адсоткаў электрычнасці ў Беларусі выраблялі ЦЭЦ. А ЦЭЦ, акрамя электрычнасці, вырабляюць яшчэ і цяпло. І калі адключыць ЦЭЦ, то яны не толькі электрычнасці не будуць вырабляць, ад іх і цяпла не будзе.

Сёй-той, вядома, прыдумаў, каб усё абаграваць адной суцэльнай электрычнасцю. Усё роўна ж гэтую электрычнасць няма куды падзець. І ўсё, вядома, добра, але ёсць нюанс.

Цяпер на ацяпленне траціцца прыкладна адзін адсотак ад усёй беларускай электрычнасці. І каб павялічыць хоць бы да пяці адсоткаў, трэба некалькі гадоў і шмат грошай на новыя лініі электраперадач. Таму што старыя лініі электраперадач не спраўляюцца з прагрэсіўнай атамнай электрычнасцю. Не кажучы ўжо пра новыя ацяпляльныя катлы. На якія трэба яшчэ больш гадоў і яшчэ больш грошай.

Сёй-той, вядома, прыдумаў сабе, што ў яго цяпер будзе шмат электрамабіляў. Ну, гэта значыць, адкуль яны ўсе возьмуцца не вельмі зразумела, ну дый добра. Не ў гэтым жа сутнасць. А ў тым, што нават калі перавесці на электрычнасць увесь беларускі грамадскі транспарт, то на гэты грамадскі транспарт спатрэбіцца ўсяго два з паловай працэнты ад той электрычнасці, якая ёсць (не лічачы электрычнасці з атамнай станцыі). А вось калі калі-небудзь усе беларусы пагалоўна раптам пяройдуць на электрамабілі, то на гэта спатрэбіцца якраз уся тая электрычнасць, якую вырабляе атамная станцыя.

Калі першую атамную станцыю пачыналі будаваць, то думалі прадаваць лішнюю беларускую электрычнасць суседзям. Але праз атамную станцыю суседзі наогул перасталі купляць беларускую электрычнасць. (Ты калі раптам не ў курсе, то гэта зноў называецца стратэгічнае планаванне).

І таму электрычнасць з першай атамнай станцыі падзець цяпер рашуча няма куды. Так што абавязкова, вядома, трэба пабудаваць ужо, нарэшце, другую. Ну, ты ўжо ў курсе. Гэта ўсё зноў — майстэрства стратэгічнага планавання.