На БелАЭС запусцілі другі энергаблок. Колькі ён прапрацуе?
Як паведамляе Мінэнерга, другі энергаблок БелАЭС выведзены на мінімальна кантраляваны ўзровень магутнасці —1% ад намінальнай. Наступным этапам стане ўздым магутнасці рэактарнай устаноўкі да 40% і вышэй.
«У рамках завяршальнага этапу фізічнага пуску другога энергаблока БелАЭС у рэактары блока паспяхова ажыццёўлена кіраваная ланцуговая рэакцыя дзялення — сістэмы кантролю зафіксавалі з'яўленне першых нейтронаў. Рэактарная ўстаноўка блока выведзена на мінімальна кантраляваны ўзровень магутнасці — 1% ад намінальнай. З гэтага моманту пачаўся жыццёвы цыкл рэактарнай устаноўкі: як кажуць ядзершчыкі, пачало біцца “сэрца” рэактара», — пафасна напісана ў паведамленні міністэрства.
Адначасова ў Мінэнерга адзначылі, што гэтаму папярэднічаў вялікі аб'ём будаўнічых, мантажных, пусканаладачных работ і выпрабаванняў, якія былі «выкананы з захаваннем усіх патрабаванняў бяспекі».
Наступным этапам стане ўздым магутнасці рэактарнай устаноўкі да 40% і вышэй з першым выпрабавальным уключэннем блока ў сетку і выпрабаваннямі на розных рэжымах.
Раней генеральны дырэктар Аб'яднанага Інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў — «Сосны» НАН Беларусі Андрэй Кузьмін казаў, што другі энергаблок БелАЭС павінен быць запушчаны да канца года. Пасля ўвядзення ў працу другога энергаблока БелАЭС тэарэтычна зможа выпрацоўваць каля 18 млдр кВт/гадзін электраэнергіі ў год. У 2024 годзе электраэнергію, вырабленую на АЭС, Беларусь плануе прадаваць у Расію.
Варта зазначыць, што ядзернае паліва загрузілі ў другі блок БелАЭС больш за год таму — 27 снежня 2021 года. Увесці ў строй другі рэактар абяцалі да лета 2022 года. А ў мінулым годзе атамная станцыя не працавала больш за паўгода.
Паводле звестак выведкі Літвы, здарылася гэта з-за таго, што беларускія ўлады і расійскі Расатам схавалі інцыдэнты, якія адбыліся на Астравецкай АЭС (БелАЭС) у 2022 годзе, а таксама дэфекты сістэм рэактараў.
«У траўні 2022 года сістэмы кантролю БелАЭС устанавілі, што з'явіліся расколіны ў верхніх швах корпуса рэактара першага блока. Паводле ацэнкі спецыялістаў, якасна ліквідаваць дэфекты можна толькі зняўшы рэактар, аднак у сілу палітычных прычын такі варыянт нават не разглядалі. Тэхнічныя праблемы перашкаджалі запуску другога блока.
Яго павінны былі запусціць у эксплуатацыю ў 2022 годзе, але летась у лютым зафіксавалі хімічнае змяненне складу вады, якая астуджвае рэактар блока, вада была забруджаная смоламі. Канстатавалі, што механічным спосабам трэба пачысціць усе трубы контуру і выгрузіць ядзернае паліва. (...) Цалкам верагодна, што дэфекты тэхнічных дэталяў былі і пасля запуску другога блока.
Расатам зацікаўлены ў пашырэнні свайго ўплыву за мяжой, у стварэнні залежнасці ад тэхналогій, якія прадстаўляюцца, але прыклад БелАЭС і выкліканыя ёю пагрозы паказваюць, што Расатам не можа гарантаваць надзейнасць і бяспеку сваіх тэхналогій», — гаворыцца ў адмысловым дакуменце.