Ва «ўнікальнай» біякарпарацыі, якой выхвалялася прапаганда, праблемы з загрузкай і збытам
У Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК) узніклі праблемы з загрузкай магутнасцей і збытам прадукцыі. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на спецыяльнай нарадзе па працы гэтай кампаніі. «Справы ідуць не зусім так, як мы планавалі», — сказаў палітык, спасылаючыся на звесткі дзяржкантролю.
Пры гэтым яшчэ ў пачатку лістапада на дзяржТБ выхваляліся поспехамі БНБК, але ў «BELPOL» заяўлялі, што ўсё не так вясёлкава — прадпрыемства адстае ад планаў і не плаціць па даўгах, заўважыла «Люстэрка».
«Ужо год, як адбылося ўрачыстае адкрыццё ўнікальнай маштабнай вытворчасці БНБК. Мы ганарымся гэтай вытворчасцю. Для старту яе працы былі створаны ўсе ўмовы. І мы дамовіліся, што будзем усяляк падтрымліваць праект. Аднак па прадстаўленых дакументах бачу, што справы ідуць не зусім так, як мы планавалі. Камітэт дзяржкантролю дакладвае: ёсць істотныя недапрацоўкі і праблемы па загрузцы магутнасцей завода, збыце гатовай прадукцыі», — заявіў на нарадзе 19 снежня Лукашэнка.
Паводле яго слоў, сітуацыя, якая склалася, негатыўна ўплывае на фінансавыя паказчыкі БНБК. «Хацелася б пачуць ад урада выразны алгарытм ліквідацыі ўсіх наяўных недапрацовак, забеспячэння фінансавай устойлівасці ў працы прадпрыемства», — сказаў палітык.
У пачатку лістапада гэтага года ў Акадэміі навук пахваліліся дзяржСМІ поспехамі БНБК. Там заявілі, што такімі тэхналогіямі валодаюць толькі сем краін у свеце. Але, паводле інфармацыі «BELPOL», усё не так вясёлкава — прадпрыемства адстае ад планаў і не плаціць па даўгах. У гэтым аб'яднанні адзначалі, што фірма не выконвае вытворчыя планы, у яе назапашваюцца пратэрмінаваныя крэдыты, ёсць велізарныя даўгі. А таксама будучы, па сутнасці, прыватнай фірмай, яна карыстаецца гіганцкімі ўліваннямі з дзяржбюджэту.
Выпуск прадукцыі ў натуральным выражэнні па выніках 2022 года аказаўся амаль у 2 разы меншы за запланаваны (260 тыс. тон замест 480 тыс. тон). Выручка ад рэалізацыі і зусім склала 40% ад плана (160 млн долараў замест 400 млн). Такая ж тэндэнцыя назіраецца і ў бягучым годзе. Па выніках працы за 8 месяцаў гэтага года аб'ём вытворчасці — 200 тыс. тон пры гадавым плане ў 600 тысяч тон, выручка ад рэалізацыі — 120 млн долараў пры гадавым плане 460 млн долараў, пішуць аўтары «BELPOL».
Гледзячы на такія вынікі працы, кіраўніцтва карпарацыі летам гэтага года прыняло рашэнне аб зніжэнні вытворчага плана да 340 тыс. тон, гэта значыць амаль у два разы. Там сцвярджаюць, што ў выніку такой правальнай працы ЗАТ «БНБК» цалкам неплацежаздольнае, не ў стане выконваць свае крэдытныя абавязацельствы і разлічыцца за закупленае зерне.
У праекце звярталі ўвагу, што гэта не дзяржаўнае прадпрыемства, а прыватнае. Доля беларускай дзяржавы ў ім складае ўсяго 25%. Асноўнымі ўладальнікамі карпарацыі з'яўляюцца замежныя кампаніі. Сярод іх дзве кітайскія (CITIC International Investments Ltd. і Cofco Corporation), дзве — з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў (Al Salaam Biotech Investments Ltd. і Al Ziad Agro Investments Ltd.) і дзве зарэгістраваны ў Шатландыі (Maxforce LP і Altastar LP). «Шатландскія» фірмы падкантрольныя Асылбеку Саліеву — пляменніку былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, які ўцёк у Беларусь.
Крэдыт на будаўніцтва БНБК (фактычна прыватнай кампаніі) на суму 4 млрд 290 млн юаняў (прыкладна 610 млн долараў па сярэднім курсе ў перыяд будаўніцтва) быў выдадзены пад гарантыі беларускага ўрада. Гэта значыць, што калі прадпрыемства не зможа разлічыцца па даўгах, то гэта за яго зробяць беларускія чыноўнікі, узяўшы грошы падаткаплацельшчыкаў з бюджэту.
Паводле іх даных, асноўны доўг па кітайскіх крэдытах карпарацыя кампенсаваць нават не пачынала, часткова аплачаны толькі працэнты. Па просьбе Мінска ў 2023 годзе графікі пагашэння асноўнага доўгу былі ссунуты на два гады. Акрамя таго, у кампаніі ёсць запазычанасць па кароткатэрміновых крэдытах перад беларускімі банкамі на суму каля 80 млн долараў. Яны таксама браліся пад гарантыі ўрада.
Замежныя акцыянеры БНБК адмаўляюцца аказваць ёй фінансавую падтрымку.
Як паведамлялі ў «BELPOL», прынята рашэнне, што ў самы бліжэйшы час з рэспубліканскага бюджэту БНБК будзе пералічана 170 млн рублёў (53 млн долараў у эквіваленце) у абмен на акцыі фірмы. Гэта павінна дапамагчы пратрымацца прадпрыемству да канца года.
Варта нагадаць, што кіруе кампаніяй, якую прасоўвае сам Лукашэнка, «Данііл Урыцкі», які на самай справе з'яўляецца беглым экс-прэм'ерам Кыргызстана Даніярам Усенавым. На радзіме яго завочна прысудзілі да пажыццёвага зняволення ў сувязі з падзеямі 2010 года і гібеллю дзясяткаў дэманстрантаў.
Сярод акцыянераў БНБК таксама могуць быць Курманбек Бакіеў і яго сыны — Марат і Максім, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку і жывуць у Беларусі па запрашэнні Лукашэнкі з 2010 года. Бакіева-старэйшага на радзіме прызналі вінаватым у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і завочна прысудзілі да 24 гадоў калоніі, а таксама да 25 гадоў пазбаўлення волі — за арганізацыю замаху на жыццё брытанскага бізнесоўца Шона Дэйлі. Максіма Бакіева завочна прысудзілі да 30 гадоў пазбаўлення волі. Мінск адмаўляў Бішкеку ў запытах аб экстрадыцыі Курманбека Бакіева.
У 2023 годзе ў раду БНБК увайшоў бізнесовец Леў Дзяньгоў,
дарадца кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава і дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы
Дзмітрыя Мезенцава.