Якой павінна быць сістэма ў Новай Беларусі?

Наталля Рабава, сацыёлаг, кіраўніца даследчага аддзела цэнтра «BIPART», адказвае на пытанні «Цэнтра новых ідэй» адносна таго, якімі прынцыпамі павінны кіравацца чыноўнікі, каб змены ў краіне ўсё-ткі наступілі.

Ці будзе новая Беларусь такой, пра якую мы марым? Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ці будзе новая Беларусь такой, пра якую мы марым? Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

— Давайце для пачатку ўвогуле пагаворым пра тое, што значыць «Good governance». Думаю, далёка не ўсе беларусы чулі пра гэты тэрмін. 

— «Good governance» з англійскай перакладаюць як «добрае кіраванне». І гэты пераклад, вядома, зусім нічога не тлумачыць. Гэта занадта абстрактная рэч. Лепш за ўсё будзе пералічыць прынцыпы, якія павінны быць пры такім кіраванні, паколькі абсалютна не ўсе выпадкі можна згадаць у законе: важна, каб самі людзі ў сістэме ўсведамлялі, чаму ім трэба працаваць па-іншаму, і як менавіта. 

Сярод прынцыпаў значацца грамадзянскі ўдзел, эфектыўнасць і выніковасць, надзейнасць, падсправаздачнасць, прадказальнасць, адкрытасць і празрыстасць. І калі ў нас дэмакратычная сістэма, якая прадугледжвае падзел уладаў, сумленныя, свабодныя і рэгулярныя выбары, то такая рэформа дзяржкіравання можа быць праведзеная хутка і эфектыўна. 

— А ў выпадку з Беларуссю, вядома, нават пасля перамен хуткіх вынікаў чакаць не варта? 

— Калі мы гаворым пра цяперашнюю сітуацыю, то дзе мы зараз возьмем тысячы сумленных, эфектыўных, празрыстых і надзейных людзей, якія будуць працаваць у Беларусі ў адпаведнасці з пералічанымі прынцыпамі? Калі ў вас у сістэме будуць тыя ж чыноўнікі, якія глядзяць не на выкананне закону, а на тое, ці падабаецца іх рашэнне начальству, ці не «прыляціць» ім па шапцы за тое, што ён зробіць нешта няправільна, ці не будзе якіх-небудзь наступстваў… 


Глядзіце таксама

Тады відавочна, што адна рэформа нічога не дасць — яна будзе бескарыснай. Атрымліваецца такое замкнёнае кола: для змены палітычнай сістэмы патрэбныя сумленныя і адказныя кіраўнікі, а каб яны былі, патрэбная іншая палітычная сістэма.

Давайце разбярэм па парадку. Пачнём з грамадзянскага ўдзелу. У нас ёсць фармальна нейкія грамадскія абмеркаванні, ёсць Закон «Аб працы са зваротамі грамадзян», нейкія бытавыя праблемы вырашаюцца. Але гэта зусім не азначае прамога ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў. Палітычная актыўнасць у Беларусі заблакаваная, бо яна выходзіць па-за рамкі «лініі партыі». 

З эканамічнай эфектыўнасцю, я думаю, усё ідзе сярэдне, таму што пра нейкія жорсткія правалы мы дагэтуль не чулі. Але калі мы пойдзем далей, становяцца відавочнымі вялікія праблемы. Дзяржаве патрэбная празрыстасць у прыняцці рашэнняў, каб было разуменне, як прымаюцца рашэнні, як трацяцца агульныя грошы. Раней сістэма была больш адкрытай, але цяпер усё больш даных і статыстыкі закрываецца. Так што з гэтым паказчыкам усё таксама становіцца не вельмі добра. 


Глядзіце таксама

Што тычыцца надзейнасці і прадказальнасці, напэўна, тут у нас больш-менш усё стабільна. Калі падсумаваць вельмі груба, то ў Беларусі найбольшыя праблемы сканцэнтраваныя ў галіне грамадзянскага ўдзелу, адкрытасці, празрыстасці. Усё астатняе ў нас адносна нядрэнна, сістэма адносна надзейная і працуе, але пры гэтым яна зусім не ўлічвае меркаванні грамадзян. 

— Яшчэ я хачу разабрацца з карупцыяй. Мы велізарную колькасць разоў чулі, як палітыкі ўдала эксплуатуюць тэзіс барацьбы з гэтай праблемай. Пры гэтым, наколькі я разумею, гэта неад'емная частка палітычнага жыцця. Што прадугледжвае «Good governance» у дачыненні да карупцыі? 

— Людзі не анёлы, у нейкім выглядзе яна заўсёды будзе прысутнічаць у дзяржаве. Пры гэтым нельга сказаць, што гэта складовая частка сістэмы. Дзяржава павінна імкнуцца да ідэалу ў выкараненні карупцыі, таму што апраўданне яе наяўнасці можа стаць спакусай для чыноўнікаў дзейнічаць у сваіх інтарэсах. Таму, прынамсі, «Good governance» павінна працаваць на тое, каб не спрыяць яе распаўсюджанню. 

Вось таму калі чыноўнік працуе ў сістэме, дзе ўсё адкрыта, усё зразумела і празрыста, ён ведае, што за ўсім гэтым сочаць грамадскасць і журналісты. І тады ў яго менш стымулаў зрабіць нешта ва ўгоду сабе. Думаю, у Беларусі нам варта было б імкнуцца да гэтага.


Глядзіце таксама

— Дапусцім, што заўтра нейкім цудам здараецца Новая Беларусь. Што рабіць з чыноўнікамі, як іх перавучваць, каб яны адпавядалі тым самым новым і правільным нормам?  

— У такога пераходу да новай сістэмы ёсць розныя падыходы, ад самых радыкальных да ўмераных. Напрыклад, можна памяняць толькі верхні палітычны ўзровень, але ўсё астатняе пакінуць на сваіх месцах. У такіх выпадках чыноўнікі праходзяць перакваліфікацыю і праверкі, каб гарантаваць іх недатычнасць да злачынстваў, а затым яны працягваюць працаваць. Важна ўстанавіць правільны тон на вышэйшым узроўні: калі персанал разумее, што змены сур'ёзныя, што парушэнне закону пацягне за сабой адказнасць, яны будуць дзейнічаць згодна з законам, імкнучыся забяспечыць найлепшае абслугоўванне грамадзян.  

— А ці ёсць нейкія ідэальныя прыклады іншых краін, дзе была такая ж праблема з дзяржкіраваннем, як у нас, і дзе ўсё цалкам паспяхова памянялася і функцыянуе? 

— Ідэалу, я думаю, няма нідзе. Нават у самых развітых развітых, напрыклад, Фінляндыі, перыядычна ўспыхваюць нейкія скандалы, звязаныя з карупцыяй. З постсавецкіх краін мы можам разглядаць прыклады тых жа балтыйскіх краін, якія набылі незалежнасць і пабудавалі свае сістэмы. Потым, калі яны ўступалі ў Еўрасаюз, дзяржавы павінны былі гэтыя ўсе сістэмы перарабіць пад еўрапейскія стандарты. 

І хоць мы цяпер не можам сказаць, што яны выдатныя, ідэальныя і без недахопаў, але тым не менш сістэма там працуе, яна становіцца ўсё больш адкрытай, празрыстай і сумленнай. Цікава паглядзець і на польскі досвед, ён таксама для нас рэлевантны. У выпадку Беларусі гэта добры прыклад для будучых змен.