Рускі поп, руская школа, беларускі чыноўнік. Як імперыя душыць беларускасць

Аляксандр Фрыдман разважае наконт змены палітыкі экспансіі Расіі ў дачыненні да Беларусі.

Помнік літары «Ў» у Полацку. Фота «НЧ»

Помнік літары «Ў» у Полацку. Фота «НЧ»

На пачатку 2024 года можа быць зацверджаны новы комплекс інтэграцыйных мерапрыемстваў на 2024-2026 гады «Саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расіі. Стаўка робіцца на супрацоўніцтва ў адукацыйнай, культурнай і гуманітарнай сферах. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС РФ Лаўроў пасля сустрэчы з беларускім калегам Алейнікам.

Чаму «мяккая сіла» Крамля ўяўляе сур'ёзную пагрозу для Беларусі? Хто прадстаўляе «рускую партыю» ўнутры беларускага рэжыму? І чаму Лукашэнка ўзяў курс на татальнае знішчэнне ўсяго нацыянальнага?

Пра гэта «BGmedia» пагаварылі з гісторыкам і палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Я не думаю, што Крэмль цяпер будзе прадпрымаць нейкія целарухі на беларускім кірунку. Існуе гіпотэза, што Пуціну трэба дэманстраваць поспехі перад выбарамі, таму магчымая актывізацыя на беларускім кірунку. Мне гэта здаецца абсалютна непраўдападобным. Растлумачу чаму.

Па-першае, Пуціну не трэба дэманстраваць наогул ніякія поспехі, таму што ў яго і так усё схоплена. А па-другое, беларускі кірунак не кампенсуе няўдачы на ўкраінскім фронце. У іх разуменні, Беларусь ужо ў іх кішэні, Беларусь з імі, яна на іх баку. Беларуская тэма наогул ніяк не ўплывае на расійскую аўдыторыю. Навошта ўключаць у склад Расійскай Федэрацыі тое, што, з іх пункту гледжання, і без таго ты цалкам кантралюеш? Таму ўсе гэтыя пасяджэнні вышэйшых дзяржсаветаў, саюзных урадаў — дэманстрацыя бурнай дзейнасці, не больш за тое.

Навошта Расіі паглынаць Беларусь, якую ўжо лічаць сваёй?

— Значыць, баяцца паглынання Беларусі, каб прадэманстраваць перамогі, не варта?

— На дадзены момант не. Як бы сумна ні гучала, пакуль ідзе вайна, паглынання Беларусі не будзе. Калі вайна скончыцца нейкім чынам (тым больш, калі РФ дасягне сваіх мэтаў ва Украіне), вось тады гаворка можа зайсці пра нейкую «славянскую дзяржаву» для адраджэння Савецкага Саюза — менавіта ў гэты момант можа ўзнікнуць рэальная пагроза паглынання.


Глядзіце таксама

Для Лукашэнкі цяпер час раздвоіўся. З аднаго боку, цяпер ён знаходзіцца ў эйфарыі, таму што адыходзячы год для яго склаўся добра, асабліва другая палова. А вось у наступным годзе для яго пачнуцца складанасці. Для яго наступны год вельмі сімвалічны: яму спаўняецца 70 гадоў. У наступным годзе споўніцца 30 гадоў, як ён знаходзіцца ва ўладзе, а за 30 гадоў улады пераходзіш у зусім іншую лігу. Па працягласці знаходжання ва ўладзе Лукашэнка пераплюнуў усіх савецкіх кіраўнікоў — усіх, а ў еўрапейскай гісторыі з ім могуць параўнацца хіба што Франка, Салазар, Ціта, Тодар Жыўкаў у Балгарыі. Гэта абсалютна адзінкавы тавар у Еўропе.

А з іншага боку, на фоне палітычнага доўгажыхарства яму трэба вырашаць, што рабіць далей. На гарызонце маячыць 2025 год, таму ў наступным годзе вырашыцца — вылучаецца Лукашэнка ці не вылучаецца. На яго рашэнне будзе ўплываць шэраг фактараў. Пуцін застаецца ва ўладзе, ідзе вайна, трэба нейкім чынам утрымаць краіну, утрымаць рэжым. Магчыма, і сіл ужо асабліва няма, ды і не хочацца, але калі не ісці самому, то каго адправіць? Вось асноўныя праблемы, якія яго клапоцяць на дадзены момант.

А Расія гуляе ў доўгую. Ёй не настолькі важна далучыць Беларусь, колькі распаўсюдзіць свой уплыў. Калі ў Беларусі пачнуць думаць расійскімі катэгорыямі, калі ў галовах беларусаў усталюецца «рускі свет», то астатняе — справа тэхнікі. Расія ва Украіне сутыкнулася з сур'ёзнай праблемай: тэрыторыі заваявала, а вось перафарматаваць мазгі людзям, нават у рэгіёнах, якія заўсёды лічыліся прарасійскімі, нялёгка. Таму ў дачыненні да Беларусі яны абралі іншы шлях: Крэмль пры дапамозе «мяккай сілы» спрабуе перафарматаваць мазгі беларусам. Пры папушчальніцтве Лукашэнкі, са згоды Лукашэнкі, з дапамогай Лукашэнкі.

А ўжо далей, калі скончыцца Лукашэнка — магчыма што заўгодна. Калі Лукашэнка скончыцца раптоўна і транзіту ўлады не атрымаецца, Лукашэнка проста фізічна знікне, то цалкам магчыма, што наступная фігура з яго атачэння, якая зойме яго месца (не ведаю: Церцель, Качанава, Галоўчанка, Хрэнін) сам пабяжыць у Маскву здаваць рэшткі незалежнасці.

Усе інтэграцыйныя праграмы — крокі на шляху. Крэмль працуе ў доўгую, яго мэты значна больш сур'ёзныя, на жаль.

— Без Украіны адраджэння савецкай імперыі не атрымліваецца ніяк…

— Пакуль Украіна змагаецца, Беларусь не адыгрывае вялікай ролі. Паўтаруся: у Крамлі ўжо лічаць Беларусь сваёй. Па вялікім рахунку, далучыць Беларусь да РФ — гэта не набыць нешта новае, гэта ўсё роўна што перакласці з адной кішэні ў іншую: з кішэні штаноў перакласці ў кішэню пінжака — бліжэй да сэрца, так бы мовіць. У Расіі не ўспрымаюць Беларусь як нешта, што знаходзіцца па-за сферай яе ўплыву. Чытаю, мне расказваюць, як паводзяць сябе расійскія турысты, якія прыязджаюць у Беларусь. А паводзяць яны сябе не як людзі, якія прыехалі за мяжу, яны паводзяць сябе як у любым расійскім рэгіёне. Яны паводзяць сябе як савецкія людзі з розных савецкіх рэспублік, калі прыязджалі ў Балтыю: быццам і іншае, але ўсё роўна наша.


Глядзіце таксама

Качанава, Церцель, Хрэнін і іншыя. Хто спявае «рускую партыю»?

— Менавіта таму ўпор у трохгадовым плане робіцца на адукацыю, культуру, гуманітарную сферу?

— Для іх гэта асноўнае. Працісканне расійскіх наратываў адбываецца з двух бакоў. З аднаго боку, цісне сама Расія, што Лукашэнку не асабліва падабаецца: мяркуючы з усяго, і помнік Неўскаму ён сустрэў не з распасцёртымі рукамі. Праціснулі.

Але і ўнутры рэжыму ёсць так званая «руская партыя», якая і ў культурным, і ва ўсіх астатніх сэнсах арыентуецца на Расію. Яе выкарыстоўваюць, каб праціскаць расійскі светапогляд унутры Беларусі. Яны праштурхоўваюць альбо прамыя расійскія наратывы, альбо іх трохі адаптуюць да беларускіх рэалій. Яны кампастуюць мазгі, для іх гэта важна: яны хочуць з беларусаў зрабіць адэптаў «рускага свету». Яны праводзяць замеры, яны выдатна ведаюць, што з «рускім светам» у Беларусі па-ранейшаму не вельмі добра, а дакладней — зусім не добра. Давядзецца беларусам яшчэ прышчапляць, прышчапляць і прышчапляць ідэі «рускага свету».

Я бачу, што Расія вельмі актыўна праштурхоўвае свае наратывы ў гістарычнай навуцы. Чаму цяпер знішчаюць Каліноўскага? Маскве трэба выкарчаваць усё, што носіць антырасійскі характар. Таму ідзе барацьба і з Каліноўскім, ідзе барацьба і з Касцюшкам. Гэтую барацьбу вядуць і мясцовыя прарасійскія актывісты, але імпульсы паступаюць з Крамля. Погляд на нацыянальных герояў, які ўсё больш становіцца дзяржаўным, — гэта не погляд савецкіх беларусаў, гэта ўжо расійскі, імперскі погляд: погляд на ворага, які змагаўся з Расійскай імперыяй.


Глядзіце таксама

— А што, дарэчы, уяўляе сабой партыя «рускага свету» ў Беларусі? Ці вядомыя галоўныя дзеючыя асобы?

— Ёсць фігуры, якія сімпатызуюць ім. Безумоўна, гэта Качанава, гэта Церцель, гэта Хрэнін, гэта Сергіенка, безумоўна Вальфовіч, з ідэалагічных фігур варта адзначыць Гігіна, а з прапагандыстаў можна вылучыць тыпаў кшталту Маркава або Азаронка. Персанажаў з «рускім светам» у галаве хапае. Першасным для ўсіх іх з'яўляецца Лукашэнка, але мазгі іх арыентаваны на Расію: мы з Расіяй, расійская мова, расійская культура. Гэтыя людзі арыентуецца на ўсё расійскае, не на беларускае, а на расійскае, і яны з задавальненнем пераймаюць расійскія каштоўнасці.

Лукашэнка страціў большасць толькі ў 2020 годзе

— Як можна растлумачыць феномен палітычнага доўгажыхарства Лукашэнкі?

— Па-першае, трэба адзначыць і асабістыя характарыстыкі чалавека, які аказаўся таленавітым папулістам, таленавітым дэмагогам, які ўсё сваё жыццё падпарадкаваў заваяванню ўлады.

З іншага боку, Лукашэнка вельмі доўгі час быў увасабленнем спадзяванняў і жаданняў, поглядаў большай часткі беларускага насельніцтва. Сапраўды, сітуацыя змянілася толькі к 2020 году, калі Лукашэнка канчаткова страціў большасць.

Людзі з ім прызвычаіліся, ён задавальняў большасць. З аднаго боку, Лукашэнка сапраўды выбудаваў дыктатарскі рэжым, але зрабіў ён гэта з маўклівай згоды і шмат у чым пры падтрымцы людзей, якія хацелі менавіта гэтага.

А цяпер выбудаваная сістэма падаўлення любога іншадумства. І настолькі трывалай яна аказалася, што яе проста так і не зрушыш. Уласна кажучы, рэальная спроба была толькі адна — у 2020 годзе.

— Ці справядліва сцвярджаць, што значная частка беларусаў дагэтуль жыве марамі пра «цвёрдую руку»?

— Пэўная частка насельніцтва — безумоўна. Пэўную частку цяперашняе становішча рэчаў задавальняе, а да 2020 года задавальняла яшчэ большую частку. Такая мадэль паводзінаў, такі тыран, такі дыктатар на чале шмат у чым задавальняў людзей. Гэта быў свядомы выбар. Людзі, якія ў 90-я гады вялі барацьбу супраць дыктатуры, былі меншасцю; меншасць выходзіла на вуліцы і пратэставала, а большасць падтрымлівала Лукашэнку ці, прынамсі, маўкліва назірала за тым, што адбываецца.


Глядзіце таксама

Як бы сумна гэта ні гучала, нават сённяшнія апытанні «Chatham House» паказваюць (так, яны робяцца ва ўмовах дыктатуры, яны спрэчныя), але, тым не менш, яны паказваюць, што Лукашэнка працягвае карыстацца пэўнай падтрымкай. А сімпатыі да Расіі ў Беларусі па-ранейшаму носяць татальны характар. У той час як ва ўсёй Усходняй Еўропе, і ва ўсёй Еўропе, стаўленне да Расіі радыкальна змянілася ў горшы бок з-за вайны, беларусы працягваюць сімпатызаваць Расіі. Гэта гарадскія беларусы, а калі б вывучыць меркаванне і сельскіх жыхароў, то сімпатыі да Расіі, думаю, былі б яшчэ большымі.

— Шчыра кажучы, усе гэтыя сацапытанні ў канцлагеры выклікаюць моташнае адчуванне: які беларус, што знаходзіцца ў краіне, прызнаецца ў нянавісці да Лукашэнкі і да Расіі? Але калі дапусціць праўдзівасць сацыялагічных высноў, як іх растлумачыць?

— Справа ў тым, што Расія ніколі не знікала, ніхто ніколі не спрабаваў выцесніць ні расійскія СМІ, ні тэлебачанне, ні расійскую культуру. А свой кантэнт, калі і вырабляўся, то капіяваў расійскае, альбо ўсё гэта рабілася на рускай мове. Расійскі культурны ўплыў нікуды не знікаў: уся эпоха кіравання Лукашэнкі працятая русіфікацыяй. Таму нічога дзіўнага ў прарасійскіх настроях няма: інакш і быць не магло.

Хрушчоў падаў сігнал на русіфікацыю. А савецкі правінцыйны Лукашэнка яго падхапіў

— І мы падыходзім да адзіна магчымай высновы: проціяддзем «рускаму свету» можа стаць толькі беларуская мова?

— Беларуская мова, беларуская культура. Але я б не абсалютызаваў беларускую мову ў такой ступені. У нас перад вачыма прыклад Аўстрыі, дзе гавораць на нямецкай мове, людзі масава глядзяць германскае тэлебачанне і чытаюць кнігі, якія выходзяць у Германіі. Але гэта не робіць іх германцамі, ніякім чынам не знішчае аўстрыйскую ідэнтычнасць. Але, уласна кажучы, у Аўстрыі няма сваёй мовы, якую можна было б культываваць у процівагу нямецкай. А ў Беларусі ёсць свая мова, ёсць беларуская культура.

Пытанне не толькі і не столькі ў рускай мове і рускай культуры — бо не Пушкіна з Чайкоўскім свету навязваюць, вось у чым праблема. Пушкін з Чайкоўскім — гэта сусветная культура, і як частка сусветнай культуры павінны вывучацца. Беларусы ў большасці сваёй валодаюць рускай мовай, а любая дадатковая замежная мова толькі ўзбагачае чалавека. Іншае пытанне, што праз расійскі культурны ўплыў беларусам навязваецца пункт гледжання, што яны з'яўляюцца часткай Расіі. І, адпаведна, ідзе напад на незалежную беларускую дзяржаву. Гэта значыць, пілуецца сук дрэва беларускай незалежнай дзяржавы. І калі Лукашэнка (ці ўся сістэма) спрабуе сцерці ўсе адрозненні беларусаў ад рускіх, зрабіць беларускае фальклорным... А Лукашэнка мае менавіта фальклорнае ўяўленне пра беларускае — накшталт «Песняроў» ці «Сяброў». Пра раўнапраўе моў няма і гаворкі.

Але выкарыстанне беларускай мовы сёння — гэта адкрытая прыкмета апазіцыйнасці, сімвал таго, што з'яўляешся апанентам рэжыму.


Глядзіце таксама

—  Лукашэнка і ёсць галоўны носьбіт «рускага свету»?

— Лукашэнка не хоча знішчыць беларускую дзяржаву, бо для яго «дзяржава — гэта я». Але ў гэтым сэнсе ён тыповы савецкі правінцыйны беларус, які глядзіць на Маскву і лічыць усё расійскае (што ў Савецкім Саюзе насаджалася ўсім) узорам больш высокай цывілізацыі. Вывучыць рускую — значыць стаць носьбітам чагосьці больш высокага. Паводле формулы Хрушчова: чым хутчэй мы загаворым па-руску, тым хутчэй мы пабудуем камунізм. Дарэчы, гэтую фразу ён вымавіў у 1959 годзе ў Мінску.

Хрушчоў падаў сігнал на далейшую русіфікацыю. А хто яе праводзіў у Беларусі? Праводзілі ўсе тыя ж правінцыйныя камуністычныя функцыянеры кшталту Машэрава і ўсёй кагорты, якая прыйшла пасля яго.

Лукашэнка з гэтай кагорты, толькі больш малады.