«Калі беларуская мова перажыла ўсё гэта, яна абавязкова перажыве і Лукашэнку»

Міжнародны дзень роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага, заклікае нас задумацца пра мовы, на якіх мы гаворым, а таксама пра тыя, на якіх мы не гаворым, і чаму.

Фота Вольгі Ермалаевай

Фота Вольгі Ермалаевай

У той час як большасць беларусаў добра ўсведамляюць складаны статус сваёй роднай мовы, замежнікі часта ўпускаюць сутнасць праблемы. Бразільскі лінгвіст і даследчык беларускай мовы і культуры доктар Патэрсан Франка Коста простымі словамі тлумачыць для «Voiceofbelarus.org», як гэта адбылося і што мае здарыцца, каб сітуацыя змянілася.

Гледзячы на карту Еўропы, можна заўважыць пэўную заканамернасць: французы размаўляюць па-французску, немцы — па-нямецку, і вельмі цяжка ўявіць італьянца, які не ўмее размаўляць па-італьянску. Еўрапейскія межы, як правіла, адпавядаюць этнічным межам, утвараючы так званыя нацыянальныя дзяржавы. Беларусь у гэтым сэнсе не выключэнне. Больш за 80% яе насельніцтва складаюць этнічныя беларусы, роднай мовай якіх, прынамсі, у тэзісах, мае быць беларуская. Рэальнасць, аднак, значна больш складаная.

Паводле перапісу 1989 года, амаль 71% насельніцтва тагачаснай Беларускай ССР лічыў сваёй роднай мовай беларускую. Гэтая лічба ўзрасла да больш чым 85% усяго за адно дзесяцігоддзе пасля абвяшчэння незалежнасці і ўпала да значэння крыху вышэйшага за 60% у 2019 годзе, у сярэднім -1% за год рэжыму Лукашэнкі. Тым не менш, гэта дастаткова высокая лічба, каб любая мова не апынулася пад пагрозай, бо атрымліваецца, што па-беларуску могуць размаўляць больш за пяць мільёнаў чалавек.

Але, калі вы хоць аднойчы былі ў Беларусі, то ведаеце, што нешта з гэтымі лічбамі не так. І нават калі не былі, то навошта вам чытаць гэты тэкст і чаму ён увогуле існуе?

Чаму больш за 5 мільёнаў чалавек могуць размаўляць па-беларуску (але ў большасці не робяць гэтага)

Сумная праўда ў тым, што беларуская мова мае экзістэнцыйную пагрозу. Яе нават уключылі ў Атлас моў свету ў небяспецы ЮНЕСКА са згадкай, што «хоць яна з’яўляецца афіцыйнай мовай незалежнай краіны, [яна] лічыцца ўразлівай праз шырокае выкарыстанне расійскай мовы замест яе». Калі вы паедзеце ў Беларусь, вы напэўна будзеце чуць і бачыць усё пераважна па-расійску. Калі вы сустрэнеце чалавека з Беларусі, хутчэй за ўсё, яго першай мовай будзе расійская, а не беларуская. Зноў зірнуўшы на карту, можна смела сцвярджаць, што гэта звязана з геаграфічнай блізкасцю краіны да Расіі. Аднак, здаецца, гэта не ўплывае на іншых яе суседзяў. Напрыклад, фіны, палякі і літоўцы пераважна размаўляюць на сваіх нацыянальных мовах, хаця ўсе яны перажылі расійскую акупацыю. Насамрэч, расійская мова занепадае няўхільна па ўсіх былых савецкіх рэспубліках, акрамя Расіі і Беларусі. Дык чаму так адбываецца?

Каб зразумець парадокс, чаму так шмат беларусаў кажуць, што яны могуць размаўляць на сваёй мове, але не размаўляюць, трэба крыху паглыбіцца ў беларускую культуру, гісторыю і палітыку. Тэрмін родная мова значыць «мова твайго народу» — і менавіта так беларусы разумеюць гэта пытанне на перапісе. Вы можаце ніколі ў жыцці не размаўляць па-беларуску, але ўсё роўна лічыце сябе носьбітам беларускай мовы, бо гэта не замежная мова для вас. Па-другое, за беларускую мову ў Беларусі можна трапіць у турму. Сур’ёзна.

Размаўляючы па-беларуску ў Беларусі, можна стаць палітвязнем

Беларусь з 1994 года знаходзіцца пад уладай Аляксандра Лукашэнкі, чалавека, які лічыць распад СССР «найвялікшай геапалітычнай катастрофай ХХ стагоддзя». Толькі задумайцеся пра гэта. Чалавек, які лічыць падзею, што прынесла незалежнасць яго ўласнай краіне, «катастрофай», горшай за абедзве сусветныя вайны, халакост, ядзерныя бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі ( і гэта толькі некаторыя прыклады), становіцца прэзідэнтам. Гэта само па сабе катастрофа, асабліва калі ўлічыць, што ён гісторык паводле адукацыі. З таго часу Лукашэнка правёў шэраг рэформаў, якія па сутнасці зрабілі Беларусь працягам Расійскай Федэрацыі:

надаў расійскай мове статус дзяржаўнай, нароўні з беларускай, якая была адзінай афіцыйнай мовай з часу здабыцця краінай незалежнасці;

замяніў нацыянальную сімволіку (тагачасныя афіцыйныя дасавецкія бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня») на выявы, відавочна натхнёныя сцягам і гербам Беларускай ССР. Варта адзначыць, што Беларусь — адзіная з былых савецкіх рэспублік, якая так зрабіла, у той час як яе суседкі (Расія, Літва, Латвія, Эстонія і Украіна) аднавілі сваю дасавецкую сімволіку, якая застаецца афіцыйнай да сёння;

стварыў Саюзную дзяржаву з Расіяй і ліквідаваў памежны кантроль паміж Беларуссю і Расіяй. Як бы абсурдна гэта ні гучала, многія лічаць, што мэтай Лукашэнкі было стаць прэзідэнтам абедзвюх краін.

Чым далей умацоўвалася сувязь краіны з Расіяй, тым больш уразлівымі рабіліся беларуская мова і культура. Беларускі праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі яшчэ ў 2007 годзе адзначаў:

— Амаль усе абласныя і раённыя газеты пераведзены на расійскую мову. Тое ж адбылося з радыё і тэлебачаннем. Карэспандэнты нацыянальных тэлеканалаў дэманстратыўна гавораць па-руску, нават калі звяртаюцца да беларускамоўных;

У краіне пераследуюць беларускамоўных пісьменнікаў і паэтаў. Іх творчасць знаходзіцца пад негалоснай забаронай, а імёны знеслаўляюцца дзяржаўнымі СМІ;

Штогод з розных прычын зачыняецца каля 100 беларускамоўных школ. (…) У краіне няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучання. Такім чынам парушаецца канстытуцыйнае права на атрыманне адукацыі на роднай мове.

З таго часу сітуацыя толькі пагоршылася, што, на жаль, пацвярджае і становішча самога Бяляцкага: цяпер ён палітзняволены ў беларускай турме, у выніку найгоршых рэпрэсій у найноўшай гісторыі Беларусі, пасля пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

На шчасце, змены ў палітыцы могуць прывесці да рэзкага паляпшэння

Але ці толькі Лукашэнка вінаваты? Вядома, не. Сам ён — вынік шматвяковай русіфікацыі, якая пачалася з уварвання Расійскай імперыі ў канцы 1700-х гадоў. Стагоддзі акупацыі, генацыду, эпістэміцыду, голаду, рабства, вайны і прымусовых перасяленняў нанеслі велізарную шкоду беларускай мове. Спадзяюся, даведаўшыся пра гэта, вы падумаеце: «Гэта насамрэч цуд, што нехта яшчэ размаўляе па-беларуску», бо так і ёсць. Але тады вы таксама можаце спытаць: «Чаму Лукашэнка наўпрост не забароніць размаўляць па-беларуску?» Урэшце рэшт, беларуская мова па-ранейшаму з’яўляецца афіцыйнай і абавязковай для вывучэння ў пачатковай і сярэдняй школе.

Справа ў тым, што беларуская мова патрэбна рэжыму Лукашэнкі, бо гэта адзінае, што сапраўды вылучае нацыю сярод суседзяў. Без гэтага Беларусь проста будзе не адрозніць ад Расіі, а рэгіёны першай пяройдуць у падпарадкаванне да другой, як ужо прапаноўваў асабіста Уладзімір Пуцін. Такі сцэнар быў бы жахлівым для Лукашэнкі не таму, што Беларусь страціць суверэнітэт, а таму, што ён страціць уладу.

Добрая навіна ў тым, што калі беларуская мова перажыла ўсё гэта, яна абавязкова перажыве і Лукашэнку. Пры ўрадзе, які не будзе пераследаваць беларускамоўных, а гэта даволі нізкая планка, беларуская мова верне вялікую частку сваіх страчаных пазіцый. Калі нацыянальна арыентаваная адміністрацыя прыйдзе да ўлады і адменіць рэформы Лукашэнкі, напрыклад, пазбавіць расійскую мову статусу афіцыйнай (з разлікам, што Расія будзе занадта аслабленай, каб «прыйсці на дапамогу»), не будзе дзіўным, калі менш чым за дзесяць гадоў беларусы стануць размаўляць пераважна на сваёй нацыянальнай мове, як і іх еўрапейскія суседзі.