Аліна Коўшык: У сваёй мове можна быць надзвычайнымі

Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык у гутарцы на «Deutsche Welle» разважае пра тое, якімі стратэгіямі сёння можна абараніць сябе ад «рускага свету».

Аліна Коўшык. Фота Паўла Хадзінскага

Аліна Коўшык. Фота Паўла Хадзінскага


На dw.com выйшла гутарка з прадстаўніцай Аб'яднанага пераходнага кабінета Алінай Коўшык, выдаўцом Змітром Вішнёвым і блогеркай Лізай Ветравай пра тое, навошта рэжым русіфікуе Беларусь і ці можа беларуская мова знікнуць. Аліна Кошык акрэсліла сваё бачанне таго, што такое беларуская мова, якую будучыню яна мае, і як абараніць краіну ад «рускага свету».

— Тое, як выглядае «рускі свет», мы зараз бачым ва Украіне, дзе падаюць бомбы і дзе прэтэкстам да ўварвання і поўнамаштабнай вайны стала менавіта распаўсюджанне «рускага свету» і, пачаткова, яшчэ на Данбасе, абарона так званых «рускамоўных грамадзян». Чым гэта заканчваецца, а дакладней, які мае працяг, мы бачым яскрава штодзень — гінуць людзі, гінуць дзеці, ушчэнт разбураюцца гарады расійскімі бомбамі. Мы бачым, як расійскія жаўнеры прыбываюць у Беларусь. І ўсё гэта мае пах менавіта «рускага свету».


Я думаю, што для Беларусі, як і для Украіны, абарона нацыянальнай ідэнтычнасці, сваёй мовы, культуры, гісторыі, можа стаць акурат тым падмуркам, дзякуючы якому мы можам супрацьстаяць гэтай агрэсіўнай палітыцы «рускага свету» і, фактычна, русіфікацыі — русіфікацыі, якая вялася на тэрыторыі Беларусі яшчэ з часоў Кацярыны ІІ, потым у Савецкім Саюзе, потым — Лукашэнкам і вядзецца зараз. Я бачу, як беларусы самі паступова разумеюць гэта. Нікога не трэба пераконваць. Яны самі пачынаюць пераходзіць на беларускую мову, разумеючы, якую небяспеку нясе зараз «рускі свет» — а дакладней, гэта страта нашай незалежнасці.

Доўгі час нам спрабавалі ўнушыць, што беларуская мова непаўнавартасная, сялянская. Мне мама, напрыклад, часта расказвала, як у іх дзяцінстве было сорамна мець беларускі акцэнт, усе спрабавалі пазбавіцца яго — маўляў, гэта кепска. Усё пераводзілася на рускую мову, бо толькі так ты можаш быць паспяховым. Зараз варта паказваць, што на беларускай мове можна быць паспяховымі, што сапраўды гэта дае шанцы для развіцця, можна быць адметнымі і сапраўды мацнець. Яшчэ нашы класікі пісалі, што ў сваёй мове можна быць надзвычайнымі.

Канечне, зразумела, калі выйсці на вуліцы нашых гарадоў, там не пачуеш беларускай мовы цяпер. Але мы выдатна разумеем чаму. Гэта проста небяспечна зараз — размаўляць па-беларуску. Памятаем, што выракі прыходзяць і за беларускую мову — напрыклад, экскурсаводам, якія ладзяць экскурсіі па-беларуску. Вядома, людзі не хочуць трапляць у турму, таму яны максімальна стараюцца сябе абараніць. Але мы бачым, як, напрыклад, у сацыяльных сетках людзі ў бяспечным асяроддзі стараюцца пераходзіць на беларускую мову. І такіх прыкладаў сярод маіх знаёмых (і не толькі знаёмых) вельмі багата. І нават мае бацькі, якія, скажу шчыра, усё жыццё былі расійскамоўнымі, зараз стараюцца трошкі пераходзіць на беларускую мову. Выдатна бачна, што ёсць прага да беларускай мовы.


Зараз мы пераломваем стэрэатыпы і гаворым, што беларуская мова — гэта далёка не мова меншасці, гэта не мова апазіцыйнасці і мінуўшчыны. Гэта мова, якая стане мовай нашай будучыні. І гэта важна паказаць: калі вы будзеце рамзаўляць па-беларуску, у вас будзе больш магчымасцей дасягнуць поспеху і зрабіць шмат цікавых рэчаў. І я вельмі спадзяюся, што калісьці ў Беларусі ў нас сапраўды будзе беларускі ўнверсітэт і беларускамоўныя дзеці не будуць вымушаныя пераходзіць на расійскую мову, калі будуць атрымліваць вышэйшую адукацыю.

Што тычыцца дзяржаўнай мовы, то гэта вельмі прынцыповае пытанне — на якія каштоўнасці мы ставім. «Дзяржаўная мова» азначае тое, што на гэтай мове будуць друкавацца Канстытуцыя, законы, будуць выдавацца пашпарты і даведкі, і гэта відавочны выбар — у якім кірунку мы ідзём. Зараз у нас замацавана двухмоўе, але фактычна другая мова абсалютна не выкарыстоўваецца як дзяржаўная. Калі ты хочаш атрымаць даведку па-беларуску, то, хутчэй за ўсё, у цябе не атрымаецца гэтага зрабіць. Таму паступова трэба давесці да той сітуацыі, калі беларуская мова стане мовай раўнапраўнай, і потым перайсці да адной дзяржаўнай мовы. Я думаю, што да гэтага гістарычны працэс нас падштурхне. Але, канечне, гэта велізарная праца.