Крыніцы: Кіраўніка СК па Магілёўскай вобласці звольнілі з-за «нелаяльнага» беларускамоўнага бацькі
Генерал-маёр юстыцыі Уладзімір Шалухін страціў пасаду з-за поглядаў свайго таты ды, магчыма, іншых сваякоў. Пра дзіўны для 2023 года выпадак распавядае «Н*ша Ніва».

«Генерал-маёр
юстыцыі Уладзімір Шалухін вызвалены ад пасады начальніка ўпраўлення Следчага
камітэта па Магілёўскай вобласці», — паведаміла прэс-служба Аляксандра
Лукашэнкі 17 студзеня.
Што стала
прычынай адстаўкі, не паведамляецца.
Уладзімір
Шалухін у 1997 годзе скончыў Беларускі інстытут правазнаўства і пачаў працаваць
у органах пракуратуры. Доўгі час служыў у Віцебску, узначальваў упраўленне
Следчага камітэта па Віцебскай вобласці, у 2017-м, зусім маладым, атрымаў ад
Лукашэнкі званне генерал-маёра, у 2019-м быў пераведзены ў Магілёўскую вобласць.
У 2023
годзе зняты з пасады.
«Фармальна
Шалухіна прыбралі праз праблемы са здароўем, характэрныя для многіх людзей, чыё
дзяцінства прыпала на час Чарнобыльскай катастрофы, — расказалі «НН»
крыніцы. — Але сапраўднай прычынай лічыцца праваленая праверка на лаяльнасць
сям'і, у якой ясная пазіцыя ў адносінах да палітыкі Аляксандра Лукашэнкі».

«Васіль
Шалухін, бацька генерала Шалухіна — прынцыповы беларускі патрыёт», — сказаў інфармаваны суразмоўца.
«Спадар
Васіль свядома размаўляе толькі па-беларуску, гэта актыўны чалавек, з
прынцыпамі, ён некалі нават узначальваў віцебскі філіял БНФ «Адраджэнне». Цяпер
ён ужо даволі пажылы і цяжка хворы чалавек, але сваім прынцыпам не здраджвае,
яго пазіцыя ясная. З сынам яны камунікацыі не перарывалі, але і выбар сына ён
не асабліва разумеў. Што датычыць Уладзіміра, то ён быў беларусам, як ні
дзіўна, нягледзячы на сваю пазіцыю», — дадаюць знаёмыя з сям'ёй.

Пасля
падзей 2020-га сталі правілам звальненні тых сілавікоў і дзяржслужачых, чые
сваякі пакідалі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў або праявілі сваю пазіцыю
на пратэстах ці ў сацыяльных сетках. У адрозненне ад ранейшых «правіл гульні», цяпер вернасці прарасійскай дыктатуры патрабуюць не толькі ад саміх
афіцэраў і чыноўнікаў, але і ад іх сямей.
Існуе
вялікая імавернасць таго, што генерал на новым месцы работы ў органах не
ўсплыве, кажуць суразмоўцы. «Сын пацярпеў за бацьку. Але не за
Бацьку», — іранізуе адзін з іх.
52-гадовы
Іван Наскевіч, які ўзначальваў Следчы камітэт да сакавіка 2021 года, пасля
сваёй адстаўкі новай пасады не атрымаў. Назіральнікі адзначалі, што Наскевіча
Аляксандр Лукашэнка лічыў недастаткова лаяльным, бо ў 2020 годзе СК не спяшаўся
з рэпрэсіямі, а некаторыя следчыя нават спрабавалі збіраць звесткі пра гвалт
сілавікоў.