Аб'яднаны пераходны кабінет абвясціў 2023-ці годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык падвяла вынікі 2022 года, павіншавала беларусаў з Новым годам і абвясціла яго Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння.

309422702_401890975485280_4836856906667952131_n.png

«Гэта быў адзін з самых складаных гадоў. Год пачатку вайны. Год няспынных рэпрэсій. Год усеагульнай дэпрэсіі і, падаецца, безвыходнасці. Але, з іншага боку, год цвёрдай упэўненасці, што мы працягваем барацьбу. Год партызанскага змагання і няскоранасці. Год яднання беларусаў і ўсеагульнай дапамогі. Год, які ясна паказаў, дзе чорнае, а дзе белае. Год, які пераканаў, што за нашу краіну мы будзем змагацца. Год каштоўнасці беларушчыны і год палітычнага разумення неабходнасці нацыянальнага адраджэння. Год, калі мы ясна ўсвядомілі, што культура — гэта нашая зброя ў барацьбе за будучыню», — цытуе Аліну Коўшык прэс-служба АПК.

Паводле Коўшык, у адыходзячым годзе дэмакратычная супольнасць Беларусі дасягнула наступных вынікаў:

  • абмеркавала пытанне падтрымкі беларускай культуры і адукацыі ва ўсіх нашых міжнародных паездках і афіцыйных сустрэчах;
  • дамаглася прызнання беларускіх дыпломаў у Польшчы, нягледзячы на тое, што беларускі рэжым у аднабаковым парадку разарваў пагадненне аб прызнанні дыпломаў;
  • падтрымала беларускія кнігавыдавецкія ініцыятывы ў справе стварэння сеткі цэнтраў рэалізацыі беларускіх кніг за мяжой, паспрыялі агульнаму пашырэнню даступнасці беларускай кнігі ў электронным і папяровым выглядзе;

  • прыняла гістарычныя для беларусаў заявы па асуджэнні камунізму і прызнанні Галадамору генацыдам украінскага народу;
  • стварыла Камісію па ўзнагародах, разам з Геральдычнай камісіяй падрыхтавала новую лінейку беларускіх узнагародаў для асобаў, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі;
  • сумесна з дарадцам па пытаннях адукацыі і навукі офіса Святланы Ціханоўскай Таццянай Шчытцовай стварыла працоўныя групы па рэфармаванні адукацыйнай сістэмы і абмене вопытам са спецыялістамі розных еўрапейскіх краін;
  • наладзіла супрацоўніцтва са стваральнікамі мабільнай прылады «Новая Беларусь» і пачала інтэграваць у яе свае напрацоўкі;
  • перадала кнігі ваярам палка Каліноўскага і пачалі збор новых падарункаў;
  • перавяла на беларускую мову камунікацыю і справаводства Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі.

photo_2022_12_31_12_53_32.jpg

Наступны год Аб'яднаны пераходны кабінет абвясціў годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння.

«Будзем разам з вамі пашыраць беларускую прастору вакол нас. Кожнага з нас», — падкрэсліла Аліна Коўшык.

Нагадаем, што рэжым Лукашэнкі, каб чарговы раз дагадзіць Крамлю, абвясціў 2023 год годам рускай мовы ў Беларусі.