«Каб беларуская блыталася пад нагамі і абслугоўвала малазначныя сферы». Пашкевіч — пра дзяржаўныя мовы і Балкунца
На днях у праграме «Двубой» тэлеканала «Б*лсат» Зміцер Лукашук і Дзмітрый Балкунец абмяркоўвалі будучыню беларускай мовы. Гісторык Аляксандр Пашкевіч расказвае, што не так з пазіцыяй Балкунца.
У «Двубоі» Віталя Цыганкова, прысвечаным будучаму статусу беларускай мовы (ясна, што гэтае пытанне можа быць пастаўлена пакуль толькі ў гіпатэтычнай новай Беларусі, а не ў той, якую мы маем цяпер), паміж сабой спрачаюцца Дзмітрый Балкунец і Зміцер Лукашук. Ну, Лукашук ясна за што топіць — за адзіную дзяржаўную беларускую мову. А вось у Дзмітрыя Балкунца пазіцыя нібыта больш складаная. Як піша сам Цыганкоў у анонсе, Дзмітрый Балкунец заяўляе: «Мова — жывы арганізм. У Беларусі павінна быць некалькі моў: беларуская, руская, англійская. Не павінна быць прымусу, на якой мове размаўляць».
«Больш складаная, праўда, гэтая пазіцыя толькі на першы погляд, — піша Пашкевіч у сваім фэйсбуку. — На самой справе тут таксама ўсё гранічна проста: гэтая пазіцыя — за захаванне статусу-кво, каб нічога ў моўнай сферы не мянялася. Каб руская была дэ-факта адзінай функцыянальна дзяржаўнай, а беларуская блыталася пад нагамі і абслугоўвала часткова і вельмі абмежавана нейкія малазначныя сферы. Якія яна і пры Лукашэнку абслугоўвала, ды нават і цяпер, падчас разгулу антыбеларускага дзяржаўнага гвалту, крыху абслугоўвае. Костку ёй кідаць пры любой уладзе будуць нейкую, фасады афармляць не адмовяцца, як прадмет, нікому не патрэбны, у школьнай праграме заставацца будзе — але каб больш, то «ізвініце».
Ну а англійская Балкунцом, канешне, прыплецена «для краснага слоўца», для падкрэслівання «ісціннага» дэмакратызму. Маўляў, не панаваннем рускай мовы я руплюся, як вы маглі падумаць. Не раўнуючы як той Мао Цзэдун — «Хай расцвітаюць сто кветак...». Аднак Мао Цзэдун, калі гэта казаў, крывадушнічаў: аніякія сотні кветак яму не былі патрэбныя, хапала адной-адзінай. То гэткая самая крывадушнасць і тут.
Уплятанне ў канву разважанняў пра руска-беларускае двухмоўе згадкі пра англійскую мову — гэта ж не нейкая аўтарская вынаходка Балкунца. Гэта цалкам адпавядае пэўнай «метадычцы», якой карыстаюцца ўсе шматлікія культурныя «рускамірцы» на ўсіх неабдымных прасторах колішняй «вялікай і магутнай». «Метадычку» я бяру ў двукоссе таму, што яна не ў літаральным сэнсе прымяняецца тут, канешне. Ясна, што ніхто не дыктуе казаць такое непасрэдна з Крамля. Але за гады і дзесяцігоддзі аргументацыя праціўнікаў развіцця, а дзе-нідзе і адраджэння нацыянальных моў адшліфавалася так, што стала «агульным месцам». І гэты нібыта шырокі дэмакратызм прыхільнікаў статусу-кво стаў вельмі зручным інструментам, каб ставіць палкі ў колы развіццю нацыянальных моў.
Рэч у тым, што нават ідэйным «рускамірцам», каб ужо адкрыта казаць, што нам пляваць на лёс нейкай нярускай мовы і мы не збіраемся асабліва рупіцца пра паляпшэнне яе стану, не надта камільфо. На словах усім хочацца паказаць сабе дэмакратамі. Як у маім любімым падручніку па гісторыі СССР пісалі пра Аляксандра І: «Любил щегольнуть либеральной фразой, прикрывая ей свою крепостническую сущность». Вось і тут гэтаксама любяць. Таму і прыплятаюць абсалютна штучна да ўнутранага моўнага пытання, якое ва ўсіх без выключэння краінах, што паўсталі на руінах СССР, стаяла і стаіць (дзе больш востра, дзе менш, а недзе за 30 гадоў ужо і зусім перастала стаяць) у плоскасці падзелу роляў паміж мясцовай нацыянальнай мовай і рускай, яшчэ і пытанне вывучэння замежных моў. Плюс яшчэ асобная фішка — туды ж, у гэты агульны кацёл, дадаткова кідаць «клопат» пра мовы іншых народаў краіны, мовы нацыянальных меншасцей.
І выходзяць тады яны такія ўсе ў белым — мы ж не пра захаванне дамінавання рускай клапоцімся, як вы маглі падумаць. Нам жа яшчэ і лепшае авалоданне нашымі суграмадзянамі міжнароднай англійскай невыносна баліць. А яшчэ ж нам баліць і тое, каб беларускія палякі польскую ведалі, а літоўцы — літоўскую. Ну, то давайце ўсё гэта закінем у адзін кацёл, старанна перамяшаем паміж сабой, зварым і на выхадзе атрымаем трыумф дэмакратыі.
На самой справе ні халеры добрага мы гатаваннем гэтага ўсяго ў адной пасудзіне ніколі не атрымаем. Калі ўсё мяшаць у адным катле, то на выхадзе ўсё задушыць самы моцны элемент (у нашым выпадку гэта руская мова), а іншыя хіба толькі нейкі пах дадуць, які не будзе мяняць сутнасці. У канкрэтна гэтай галіне, каб прыйсці да сапраўды канструктыўнага і станоўчага выніку, усе моўныя праблемы павінны быць строга размежаваны і вырашацца ў розных пакетах: справа статусу беларускай і рускай мовы асобна, справа вывучэння замежных моў, перадусім, англійскай — асобна, і справы моў нацыянальных меншасцей — таксама асобна. Бо гэтыя ўсе праблемы нібыта і падобныя, паколькі ўсе моў тычацца, але на самой справе вельмі розныя. Адпаведна, вельмі розныя для іх пазітыўнага ўрэгулявання патрабуюцца і механізмы.
Не думаю, што прыхільнікі змешвання накшталт Балкунца гэтага не разумеюць. Разумеюць, думаю. Праблема тут выключна ў тым, што дэклараваныя імі мэты розняцца ад рэальных. То-бок, як імператар Аляксандр, яны фарсяць фразай, прыкрываючы ёю сутнасць».