Аліна Нагорная: Калі б мы больш клапаціліся пра Беларусь, не было б сённяшняй сітуацыі

Быць беларускай зараз складана, а быць беларускамоўнай беларускай — тым больш. Пра тое, наколькі цяжкі шлях да роднай мовы і з чаго ён пачынаецца, «Новаму Часу» расказвае Аліна Нагорная, аўтарка кнігі «Мова 404».

Аліна Нагорная. Фота з архіва гераіні

Аліна Нагорная. Фота з архіва гераіні


— Паколькі мае інтэрв’ю заўсёды пра людзей і для людзей, першае пытанне ў мяне ўвесь час аднолькавае: раскажыце, калі ласка, у якім стане вы зараз?
— Сёння мне прыснілася вандроўка ў Ізраіль (люблю гэтую краіну, ездзіла туды некалькі разоў з намётам). І я была на нейкім карнавале, людзі танчылі, смяяліся, атмасфера свабоды. Я падумала, як даўно тут, у Беларусі, мы не пачуваліся так вольна, і прачнулася ў слязах.
Жыццё стала падобным да марафону. Беларусізаваць больш вытворцаў-сайтаў-устаноў, выдаць яшчэ кнігу, арганізаваць курсы, запусціць кампанію за беларускую мову. Хочацца паспець зрабіць больш. Так, часам я сустракаюся з сябрамі, наведваю выставы, вандрую па Беларусі, але на фоне таго, што адбываецца з маёй сям’ёй і з нашай краінай, гэта не прыносіць мне шмат радасці і не дае пераключыцца і нармальна адпачыць. Мяне ратуе тое, што я заўжды нечаму вучуся. Нядаўна, напрыклад, напісала кнігу, навучылася манціраваць відэа, зараз вучуся граць на мідзі-клавіятуры, хутка чакаю майстар-клас па рэтушы фота — гэта ўсё дапамагае адчуць час, бо, бывае, падаецца, што мы захраслі ў нейкім максімальна абсурдным «дні сурка». Калі б у Стэфана (сын Аліны Нагорнай і Ігара Случака. Заўв. «НЧ») не змяняўся памер адзення, я б думала, што ўсё гэта кепскі сон.
— У Беларусі зараз цяжка займацца любым актывізмам, не гаворачы ўжо пра такую складаную і тонкую матэрыю, як мова. Да таго ж, ніхто не адмяняў асабістае жыццё і звычайны быт, а ў вас, напрыклад, маленькае дзіця. Дзе вы знаходзіце час і сілы, каб працягваць рабіць сваю справу, і што вас матывуе?
— Я не лічу, што займаюся актывізмам, увогуле не люблю гэтае слова.

Калі ты жывеш у Беларусі, разбірацца ў заканадаўстве, у праве — неабходнасць, калі хочаш выжыць. Я проста раблю тое, што ўмею і што павінна, бо хачу жыць тут, у сваёй краіне, хачу, каб яна была заможнай і незалежнай. Ад таго, якой будзе мая краіна, залежыць маё жыццё і жыццё Стэфана — вось мая матывацыя. А калі ўсе будуць проста чакаць гэтага, нічога не зменіцца.


— У сваіх апошніх інтэрв’ю вы гаворыце, што вымушаны зараз часта пераязджаць, каб пазбавіцца «празмернай цікавасці» да вас. Нягледзячы на цяжкасці вы па-ранейшаму застаяцеся ў краіне — чаму? І ці не было ў вас жадання кінуць усё і з’ехаць?
— Пераязджаць — гэта не самае цяжкае. Самае цяжкае — любыя медыцынскія паслугі. Напрыклад, неяк Ігару трэба было тэрмінова рабіць аперацыю на воку. Такую аперацыю прыватныя клінікі амаль не робяць. Мы шукалі хірурга, які пагадзіўся б пад нашу адказнасць яе зрабіць, але ўсе баяліся зрабіць нешта не так — і ў выніку Ігар рэзаў сам сябе без наркозу кухонным нажом.

Аліна Нагорная, Ігар Случак і іх сын Стэфан. Фота з сямейнага архіва

Аліна Нагорная, Ігар Случак і іх сын Стэфан. Фота з сямейнага архіва

Выпадкі рознага ўзроўню жорсткасці, звязаныя з медыцынай, з рознымі бытавымі рэчамі, у нас перыядычна здараюцца. І ў такія моманты ўзнікае моцнае жаданне ўсё кінуць і з’ехаць. Тым больш ёсць людзі, якія дапамогуць на месцы, нам не прыйшлося б самім разбірацца з дакументамі, шукаць жытло і г. д.

Але я сябе не буду паважаць, калі з’еду, бо звыкла лічыць сябе моцным і свабодным чалавекам, а свабода і бяспека — не адно і тое ж.


Калі я пераеду, то толькі часова, дзеля навучання або нейкай цікавай працы, а не таму, што мне страшна.  
Я не веру, што з-за мяжы атрымаецца нешта істотна змяніць унутры, і не ведаю аніводнага прыкладу з гісторыі Беларусі, каб нешта такое атрымалася.
— Ваша беларускасць мае даволі доўгую гісторыю, ладную частку якой вы займаліся і займаецеся менавіта пашырэннем беларускай мовы. Як вы прыйшлі да гэтага выбару? І наколькі складана было пазбавіцца «рускай часткі» сябе?
— Я спрабавала займацца ўсім: заснавала літаратурны клуб, неаднойчы была назіральніцай на выбарах, вырашала мясцовыя праблемы, балаціравалася ў «палатку», прыстройвала коцікаў, арганізоўвала мерапрыемствы — ад фрымаркетаў да канцэртаў, праводзіла трэнінгі. Але ў нейкі момант зразумела, што, калі займацца ўсім, выніку мала.


Апошнія 10 стагоддзяў беларускай гісторыі паказваюць: калі з беларускай мовай тут усё было добра, то і з краінай таксама. І наадварот.

Мова і незалежнасць моцна звязаныя, таму я зразумела, што, абараняючы беларускую мову, я магу паспрыяць лепшай будучыні.

Я размаўляю па-беларуску апошнія восем гадоў. Было няпроста перайсці: я вырасла на ўсім рускім, чытала рускія кніжкі, сустракалася з рускамоўнымі хлопцамі, спявала пад гітару рускія песні. І я пазбаўлялася рускай часткі сабе асэнсавана, для мяне гэта было як квэст: напрыклад, калі трапілася навіна пра Расію, то чытала і пра іншых суседзяў — Літву, Латвію, Польшчу і Украіну. І менавіта гэты спосаб мне добра дапамог, бо рускамоўная медыяпрастора чорна-белая і вельмі абмежаваная.
— Тарашкевіца ці наркамаўка? І чаму?
— Тарашкевіца, вядома. Я за класічны правапіс, бо наркамаўка — вынік гвалтоўнай рэформы. Але я пішу наркамаўкай, бо большая частка таго, што я пішу — камунікацыя з уладамі і рознымі ўстановамі, а заканадаўства рэгулюе правілы.

Старонкі кнігі «Мова 404». Фота з архіва Аліны Нагорнай

Старонкі кнігі «Мова 404». Фота з архіва Аліны Нагорнай


Мой зварот тарашкевіцай застанецца без адказу, бо ў Законе «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» напісана, што зварот можа быць пададзены на рускай або беларускай мове. Як павінна выглядаць беларуская мова, вызначае Закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».
— Беларуская мова сёння папулярная сярод актыўных людзей, сярод моладзі, а яшчэ гэта, у тым ліку, і мова пратэсту. Але па-ранейшаму гаворка ідзе пра даволі абмежаванае кола людзей. Што звычайныя людзі могуць зрабіць для пашырэння беларускай мовы? Як пазбавіць яе стэрэатыпнага налёту «калгаснасці»? І ці трэба гэта ўвогуле рабіць?
— Трэба паказваць, што беларуская мова вам патрэбная. Напрыклад, прыйшлі ва ўстанову, запаўняеце бланк — а ён па-руску. Запоўніце яго па-беларуску, заканадаўства гэта дазваляе. І абавязкова напішыце зварот, каб установа зрабіла і беларускую версію бланка. Набываеце ў краме прадукты — а на іх няма беларускай мовы. Напішыце вытворцу, каб беларуская мова з’явілася. І так паўсюль і ва ўсім.
Толькі калі беларуская мова будзе на такіх базавых рэчах, як рэклама, тавары, дакументы, афішы, сайты,  толькі тады да самых адсталых «саўкоў» дойдзе, што беларуская мова — сродак камунікацыі і падыходзіць для любой сферы, як і ўсялякая іншая мова, а не толькі для музеяў і шыльдаў «Белпошта».
— У маёй сям’і я некалькі разоў чула фразу «говори по-человечески», калі пачынала размаўляць па-беларуску. То-бок падзел у каштоўнасцях праходзіць нават па такіх базавых рэчах, як мова зносін. І гэта, на жаль, досыць частая сітуацыя. Ці сутыкаліся асабіста вы з такім у жыцці? І як рэагуеце на падобныя выпадкі?
— Я шмат сутыкаюся з моўнай дыскрымінацыяй. Настолькі шмат, што ўжо не рэагую эмацыйна. Я заўжды дзейнічаю ў прававым полі: пішу зварот ці скаргу. І досвед паказвае: гэта самы эфектыўны шлях.
— Перыядычна з’яўляюцца навіны пра тое, што праваабаронцы Аліна Нагорная і Ігар Случак «беларусіфікавалі» тую ці іншую кампанію, ці грамадскі транспарт, ці нейкі інфармацыйны рэсурс. Наколькі цяжкая для вас гэтая праца? Як рэагуюць на вашы запыты «з таго боку»?
— Гэта цяжкая праца, якая займае шмат часу. Мы атрымліваем сотні адказаў, якія трэба сартаваць, сканаваць. Кожны адказ патрабуе асобнага вывучэння і, у большасці выпадкаў, зваротнай камунікацыі — з некаторымі ўстановамі мы перапісваемся па некалькі гадоў.

Напрыклад, на тое, каб на цягнік можна было набыць беларускамоўны квіток, спатрэбілася тры гады, а каб па-беларуску з’явілася страхавое пасведчанне — гадоў пяць.


Мы ўвесь час імкнёмся далучыць іншых людзей да справы: ладзім кампаніі, навучанне, публікуем звароты і спасылкі, куды іх дасылаць, але, на жаль, сістэмна гэтым больш ніхто не займаецца.

Фота з архіва Аліны Нагорнай

Фота з архіва Аліны Нагорнай


— Як у вас узнікла ідэя зрабіць кнігу «Мова 404»? Раскажыце, як вы яе стваралі і адкуль такая назва?

— Даўно хацела зрабіць кнігу, якая раскажа пра моўную сітуацыю ў Беларусі, але ўсё ніяк не магла ўявіць, як яна павінна выглядаць. І вось калі нараджала Стэфана, зразумела, якой будзе кніга. Бо медперсанал замест таго, каб запытвацца, як я пачуваюся ці пра нешта яшчэ, звязанае з родамі, запытваліся, ці заўжды я
па-беларуску размаўляю. Гэта так мяне раззлавала і было настолькі не да месца, што некаторы час я нават не адчувала болю. І тады я вырашыла зрабіць кнігу з жывымі гісторыямі, каб паказаць моўную дыскрымінацыю менавіта праз такія выпадкі. Я напісала пост, што збіраю гісторыі — і людзі адгукнуліся. Былі цяжкасці з друкам, бо ўсе ўсяго баяцца, але атрымалася.


Назва «Мова 404» , бо беларуская мова быццам бы ёсць, яна дзяржаўная і павінна абараняцца законам. Нават пры перапісе шмат людзей называюць яе роднай.

Наша мова — як тая неіснуючая старонка ў інтэрнэце: павінна быць на любой беларускай вуліцы, але паспрабуй яе знайдзі.


— Як вы ставіцеся да моўнага «пурызму»?
— Мова — жывая матэрыя, яна змяняецца, развіваецца. Ды і мы (пакуль што) не ў Паўночнай Карэі жывём — мы вандруем, вывучаем іншыя мовы, знаёмімся з рознымі людзьмі. Таму для мяне абсалютна натуральна, калі ў адной мове чалавек ужывае часам словы з іншай. І калі мне прылятае ад каго-небудзь за якое-небудзь «ок», то проста пасылаю падалей.

Аліна Нагорная. Фота з архіва гераіні

Аліна Нагорная. Фота з архіва гераіні

Што тычыцца слоўнікаў, там я была б больш асцярожнай. Мне падабаецца прыклад Эстоніі: у іх ёсць установа, якая прыдумляе новыя эстонскія словы для новых з’яў. Нам такая ўстанова таксама патрэбная.
— Перыядычна ў інтэрнэце можна пачуць і прачытаць меркаванні адносна «рускамоўнасці» такіх буйных рэсурсаў, як «Б*лсат» і «Z*rkalo», якая тлумачыцца «большым ахопам аўдыторыі». Што вы думаеце на гэты конт?
— Я думаю, што гэта проста жаданне пайсці лёгкім шляхам. Бо, вядома, прасцей па-руску нешта зрабіць, чым зрабіць нешта настолькі класнае, што ўсе і па-беларуску паглядзяць.
Ёсць рэчы важнейшыя за прагляды, асабліва калі рэсурс выступае як незалежны. Нічога незалежнага для беларусаў у рускай мове няма. Калі даць якасны артыкул або перадачу, беларусы будуць глядзець на любой мове.
Разлік на расійскі рынак — гэта глупства, у іх і так ёсць што чытаць і глядзець.

Увогуле, калі б усе беларускія СМІ, кампаніі, уплывовыя асобы клапаціліся найперш пра Беларусь і беларускі рынак, не было б сённяшняй сітуацыі.


— Нядаўна ў адным інтэрв’ю мой суразмоўца сказаў, што «беларускай справе» больш за ўсё паспрыяў Пуцін, калі сказаў, што «рускі свет» будзе паўсюль, дзе гучыць руская мова. Як вы лічыце, адкуль сёння ў беларусаў цікаваць да сваёй мовы і культуры?
— Насамрэч, не вельмі паспрыяў. І падзеі 2020 года асабліва не паспрыялі. Так, частка людзей стала пасля гэтага больш размаўляць па-беларуску, з’явілася цікавасць да свайго, бо шмат хто зразумеў, што чужое не зусім «коцік». Але ад таго, што нехта пераходзіць на беларускую мову, яе асабліва не становіцца больш. У асноўным гэтыя людзі, за вельмі рэдкім выключэннем, па-ранейшаму запаўняюць рускамоўныя дакументы, набываюць тавары без беларускай мовы на ўпакоўцы, аддаюць дзяцей у рускамоўныя садкі і школы, размаўляюць па-руску на працы, чытаюць рускамоўныя СМІ, глядзяць фільмы па-руску — размаўляюць па-беларуску, але не ствараюць попыт на беларускую мову. Таму па-ранейшаму беларускай мовы становіцца менш у адукацыі, у спорце і г. д.

Аліна Нагорная. Фота з асабістага архіва

Аліна Нагорная. Фота з асабістага архіва

І дыскрымінацыя вось проста з незнаёмцамі ёсць па-ранейшаму. Калі да 2020 года мне гаварылі «Размаўляй па-руску», цяпер кажуць «Ой, якая ў вас цудоўная беларуская мова!» — і тысяча апраўданняў, чаму сам гэты чалавек не размаўляе па-беларуску. І ў тым, і ў другім выпадку суразмоўца звяртае ўвагу не на сэнс таго, што я сказала, а на маю мову. Вядома, другі варыянт лепшы, але ён паказвае, што яшчэ працаваць і працаваць.

У нашай сітуацыі мала проста размаўляць па-беларуску. Трэба паказваць, што беларуская вам патрэбная ва ўсім, чым вы карыстаецеся, і ад усіх, з кім маеце стасункі.


— Шмат прэтэнзій зараз ляціць ад нашых суседзяў і замежных палітыкаў за прадастаўленне рэжымам беларускай тэрыторыі для нападу на Украіну і абслугоўванне патрэб расійскай арміі. Як вы лічыце, ці ёсць віна на беларусах? І што вы думаеце пра паняцце «адказнасці»?
— Адказныя за гэта не толькі тыя, хто рабіў беззаконне, але і тыя, хто маўкліва яго дзесяцігоддзямі падтрымліваў. І гэта не ўсе беларусы — і не толькі беларусы.
Многія зараз пішуць, што не трэба шукаць вінаватых, а я лічу, што трэба. Трэба дапамагаць, вядома, але заўжды трэба аналізаваць, чаму гэта ўсё адбылося, каб не дапусціць падобнага ў будучыні.

Калі вярнуцца да беларускай мовы і яе ролі ў незалежнасці, я ведаю дакладна, што, калі б людзі ў Беларусі размаўлялі па-беларуску, расійскія вайскоўцы не пачуваліся б тут як дома. Іх тут увогуле не было б.


— Адна з найглыбейшых ліній падзелу паміж беларусамі сёння — на тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся. Першыя абвінавачваюць другіх у бяздзейнасці, а ў адказ атрымліваюць абвінавачанні ў здрадзе. Што вы думаеце на гэты конт? Як можна сёння пачаць дыялог паміж людзьмі?
— Аб’яднанне, якое адбылося ў 2020 годзе, адбылося на хвалі «супраць». Яно не глыбока каштоўнаснае, таму не можа доўга праіснаваць. Заўжды будуць канфлікты і падзелы па розных крытэрыях, гэта нармальна. Вядома, было б лепш, калі б людзі замест халівараў заняліся справай і натхнялі сваім прыкладам іншых. Але гэта немагчыма, і паўплываць на гэта таксама немагчыма.

Аліна Нагорная з сынам Стэфанам. Фота з асабістага архіва

Аліна Нагорная з сынам Стэфанам. Фота з асабістага архіва


— Нядаўна была навіна: мужчыну затрымалі за тое, што ён размаўляў па-беларуску. Нехта паставіў гэта пад сумнеў, і вы ў адказ напісалі пра некалькі вядомых вам выпадкаў рэпрэсій за мову — не толькі пасля 2020-га. Як, на вашу думку, насамрэч зараз адчувае сябе мова ў краіне? І што вы адчуваеце, калі сутыкаецеся з выпадкамі моўнай дыскрымінацыі?

— Беларуская мова адчувае сябе як замежная. Розніца толькі ў тым, што за англійскую ці любую іншую замежную цябе наўрад ці затрымаюць.


— У адным са сваіх інтэрв’ю вы сказалі, што «праблема ў сённяшнім грамадстве — гэта маўчанне людзей». З пункту гледжання сённяшняга дня, на ваш погляд, як можна вырашыць гэтую праблему?
— Дарожны рабочы можа не класці ўзімку асфальт у ямку, а сказаць начальству, што гэта не па тэхналогіі. Прадавец у краме можа не пераклейваць этыкетку з тэрмінам прыдатнасці, а сумленна спісаць тавар. Настаўнік у школе можа не прымушаць завучваць параграф, а растлумачыць яго так, каб было зразумела — сваімі словамі. Супрацоўнік дзяржустановы можа не афармляць падпіску на газеты і часопісы. Жыхар вёскі, замест таго, каб чакаць аўталаўку гадзінамі, можа проста напісаць адзін зварот — і яна пачне прыязджаць своечасова. Работнік медустановы можа замаўчаць фальсіфікацыі статыстыкі па кавідзе, а можа сказаць праўду.

Фота з асабістага архіва Аліны Нагорнай

Фота з асабістага архіва Аліны Нагорнай

Кожны на сваім месцы можа ўзяць на сябе адказнасць за маленькі кавалачак будучыні, навучыцца часам ісці насуперак меркаванню большасці і перастаць закрываць вочы на беззаконне.