Аліна Нагорная — пра тое, як у Беларусі затрымліваюць за мову

Актывістка Аліна Нагорная ў сваім фэйсбуку расказвае некалькі гісторый, якія здарыліся яшчэ да 2020 года, — ужо тады ў Беларусі можна было трапіць за краты за беларускую мову.

Аліна Нагорная. Фота: facebook.com

Аліна Нагорная. Фота: facebook.com


Бачу, тут не ўсе вераць, што за беларускую мову ў Беларусі могуць затрымаць. Раскажу некалькі гісторый.У канцы 90-х хлопцы каталіся на скейтах каля Палаца Рэспублікі. Паміж сабой яны размаўлялі па-беларуску. Да іх падышлі міліцыянты, акружылі і сказалі, што зараз навучаць хлопцаў размаўляць на правільнай мове. Адзін з хлопцаў сказаў, што беларуская мова дзяржаўная, за што атрымаў дубцом па спіне. Пасля іх затрымалі.
У 2008 быў мітынг у падтрымку прадпрымальнікаў. Двух сяброў зацягнулі ў апорны пункт на Кастрычніцкай, каб перапісаць звесткі. Адзін з іх адказваў па-беларуску, на што было патрабаванне размаўляць па-руску. Чалавек працягваў размаўляць па-беларуску — і яго збілі. Яго сябра не чапалі, бо той адразу перайшоў на рускую мову. Пасля абодвух адвезлі ў Цэнтральны РАУС.
У 2015 пасля канцэрта музыкі пайшлі ў бар на чыгуначным вакзале папіць піва. Каля іх стаяла пустая пляшка з-пад гарэлкі. Заўважыўшы гэтую пляшку, да іх падышоў патруль. Хлопцы адказалі, што гэта не іх пляшка, што яны тут нядаўна і прыйшлі выпіць піва. На што ім было сказана, што ўсе беларускамоўныя — адмарозкі. Хлопцы нешта адказвалі, іх скруцілі і завалаклі ў пастарунак. У пастарунку прапанавалі па-руску размаўляць, а беларускую мову «засунуть себе в жопу». У выніку аднаго з хлопцаў білі некалькі чалавек да сіне-чырвонага стану. Пасля далі штраф і вызвалілі. Хлопец не змог устаць, аказалася, што нага зламаная.
Гэтыя гісторыі здарыліся да 2020 года, а колькі іх было пасля. Калі за беларускую мову затрымлівалі на вуліцы, калі не аказвалі меддапамогу, калі збівалі. Некалькі такіх гісторый увайшло ў кнігу «МОВА 404», але дзясяткі падобных гісторый вы там не ўбачыце, бо не ўсе гатовыя адкрыцца, не ўсе гатовыя апублічваць свой боль.
Такія гісторыі здараюцца таму, што мы дазваляем моўнай дыскрымінацыі быць. Калі ты сёння пагаджаешся запоўніць па-руску бланк, калі не патрабуеш адукацыю па-беларуску, калі набываеш тавары без беларускай мовы на ўпакоўцы, то няма чаго здзіўляцца, што заўтра за беларускую мову кагосьці могуць затрымаць ці пабіць. У нашай краіне трэба абараняць свае правы. Асабліва права на беларускую мову, бо гісторыя паказвае, што без яе не будзе свабоды.