Пра «язык» і родную мову

21 лютага, паводле рашэння ЮНЕСКА, традыцыйна ўжо больш двух дзесяцігоддзяў адзначаецца дзень роднай мовы. З гэтай нагоды й адпаведная падборка гістарычных анекдотаў з калекцыі журналіста і даследчыка беларускай літаратуры Сяргея Шапрана.

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

«Калі ласка»

Аповед у запісе пісьменніка Аляксея Гардзіцкага. Славуты мовазнаўца Фёдар Янкоўскі згадваў, як упершыню сутыкнуўся з беларускай фразеалогіяй. Было гэта ў 1933 годзе, калі ў школу, дзе ён вучыўся, прыйшоў інспектар па прозвішчы Паперны. Размову госць чамусьці пачаў з дзіўнага пытання:
— Вось некаторыя навыдумлялі нейкіх слоў, такіх, напрыклад, як «калі ласка». Што гэта за «калі ласка»? Хіба вы чулі ад каго?
Янкоўскі сапраўды ніколі не чуў раней гэтага «калі ласка», але калі ў тым жа годзе прыехаў у Менск, каб паступіць у тэхнікум, і не было дзе пераначаваць, дык выпадкова сустрэты менчук, распытаўшы адкуль, куды і чаго прыехаў, пасля запрасіў:
— Пераначаваць у мяне пераначуеш. Калі ласка.
Праз некалькі гадоў гэтае «калі ласка» Фёдар Янкоўскі занатаваў ужо не раз, прычым не толькі ў Менску, але і ў навакольных вёсках і мястэчках.

Нюансы мовы

Фёдар Янкоўскі распавядаў, як паехаў неўзабаве пасля вайны разам з адным студэнтам у вёску Стральцы на Гродзеншчыне. Вырашылі спачатку весці гутарку з людзьмі разам, каб пасля кожны працаваў ужо асобна. І вось пазнаёміліся з вельмі гаварлівым дзедам, разгаварыліся, і калі гаворка пайшла на лад, Янкоўскі пакінуў студэнта сам-насам з дзедам, даўшы яму заданне: даведацца, як называюць мясцовыя будынак, дзе захоўваецца збажына. Студэнт вазьмі і спытайся:
— А дзе вы, дзедку, збожжа хаваеце?
Дзед, імгненна перамяніўшыся з твару, крута павярнуўся да госця:
— Дык вы што? Што вам трэба? Я хлеб ад Саветаў хаваць буду?!
У выніку студэнт пайшоў, нічога не запісаўшы.

Чужое прозвішча

Паэтка Канстанцыя Буйло злавалася, калі яе пісалі як «Буйла». Бедавала, што шмат сіл і энергіі губляе на барацьбу за сваё сапраўднае прозвішча. Да прыкладу, выказвала здзіўленне, чаму Пятро Глебка, рэдагуючы яе зборнік «Світанне», зрабіў з яе «Буйла».
— Гэта ж не маё прозвішча, — гаварыла яна Аляксею Гардзіцкаму. — Я гляджу на гэта прозвішча як на чужое, бо ў дакументах бацькі, радні ўсюды стаіць «Буйло». З «Буйла» радня мяне ў сям’ю не прымае.
Рыгор Барадулін напісаў з гэтай нагоды:
Каб быць бліжэй да Буало, І Буйла робіцца Буйло.

Падвойная літара

Рыгор Барадулін, Нічыпар Пашкевіч і Анатоль Вярцінскі запрошаны ва Узбекістан на святкаванне 525-х угодкаў Алішэра Наваі. Па прыездзе гасцям разам з праграмай і талонамі на харчаванне выдалі, кажучы па-сучаснаму, бэйджы, на якіх было напісана прозвішча госця і адкуль ён. Барадуліна напісалі праз дзве літары «л»: «Барадуллин» (потым у Саюзе пісьменнікаў Узбекістана патлумачылі, што ягонае прозвішча можна перакласці як «сын дакумента»).
Гэтая падвойная «л» пазней адыграла сваю ролю. Калі ўжо ад’язджалі, кожнаму госцю паклалі на ложкі ў гатэлі па падарунку. Суседу Барадуліна па пакоі дастаўся даволі сціплы прэзент, а Барадуліну — вялізнае блюда з выявай Алішэра Наваі і набор пад гарбату: чайнік, сподачкі і піялы. Сусед прапанаваў падзяліць багаты сувенір паміж імі трыма адпаведна наменклатуры, але Барадулін адмовіўся, бо на падарунку ляжала паперка, на якой было выразна напісана: «Барадуллин». Мусіць, узбекскія пісьменнікі прынялі беларускага паэта за земляка.

Па-свойму

Паступаючы ў 1954 годзе ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Рыгор Барадулін амаль усе экзамены здаў на «пяць». Адзіная «чацвёрка» была па беларускай мове, бо Барадулін вырашыў напісаць штосьці па-свойму.
— Параўнайце тое, што мы чытаем у сённяшніх беларускамоўных газетах і інтэрнэтных сайтах, з тым, што напісана ў кнігах Барадуліна, і ўбачыце, што гэта не проста якасна адрозныя — гэта розныя мовы! — скажа праз паўстагоддзя паэт Уладзімір Някляеў.

У даверлібравую эпоху

З дзённіка Рыгора Барадуліна: «Задоўга да першых нашых верлібраў, да палякаў, якія каля французаў труцца, мама лісты мне пісала без знакаў прыпынку, без загалоўных літар: “Каласутка мой каласок васілёк баравое зелейка”».

«Новаўтварэнне»

Славуты расійскі паэт Аляксандр Твардоўскі быў паходжаннем са Смаленшчыны (ягоныя дзед і бацька нават мелі мянушку «пан Твардоўскі») і так пачаў сваю першую «Аўтабіяграфію»:
«Мова, на якой я размаўляў у дзяцінстве, была блізкай да беларускай. Гэта вызначалась не толькі блізкасцю этнаграфічнай мяжы, але і тым, што продкі мае былі паходжаннем з Менскай губерні. Пазней, пазнаёміўшыся з узорамі беларускай літаратуры і фальклора і пачуўшы жывую мову Беларусі, я адчуў іх як штосьці роднае для мяне. Сляды гэтай моўнай стыхіі нецяжка знайсці ва ўсім, што напісана мной у вершах і прозе».
І сапраўды, намеснік Твардоўскага па часопісе «Новый мир» Аляксей Кандратовіч прыгадваў, як адзін з крытыкаў, аналізуючы паэму «За далью — даль», замілоўваўся новаўтварэннем Твардоўскага «метуситься»:
Не метусись, как критик вздорный, По пустякам не трать огня…
Крытык не здагадваўся, што глебай для «новаўтварэння» стала беларускае «мітусіцца».

Машыністка Цяпкіна

З цыкла «Вакол літаратуры і літаратараў» Барыса Сачанкі:
«У Саюзе пісьменнікаў ішло абмеркаванне беларускай прозы. Хтосьці з крытыкаў папракнуў Тараса Хадкевіча, што ў яго творах мова ну рыхтык як на старонках “Звязды”. Тарас Канстанцінавіч падхапіўся і закрычаў з месца:
— Я ганаруся, што пішу на мове цэнтральнага органа Камуністычнай партыі Беларусі газеты “Звязда”!..
Пятро Глебка, які вёў сход, астудзіў Тараса Хадкевіча:
— Але ж мову ў газеце “Звязда” робіць машыністка-перакладчыца Цяпкіна… Вось на яе мове вы і пішаце. Так што ганарыцца няма чым…»

Паэткі

А з іншага боку, такі запіс у дзённіку Рыгора Барадуліна: «Машыністкі часам лепшыя паэткі. Вычытваю слова пра Юрася Свірку, замест першасцежкі надрукавана вершасцежкі. Хай так і будзе!»

Альбо — альбо

Яўрэйскі паэт Рыгор Рэлес ведаў у 1930-я гады шмат каго з беларускіх літаратараў. Да прыкладу, Змітрака Бядулю, які рос у беларускім асяроддзі і беларускую мову ведаў зусім нядрэнна. І хоць працягваў пісаць на іўрыце (які ў той час называлі старажытнаяўрэйскай мовай), аднак у «Нашай Ніве» друкавацца пачаў па-беларуску. Янка Купала, дазнаўшыся пра «двухмоўе» Бядулі, сказаў яму неяк: «Альбо — альбо». У выніку Бядуля абраў беларускую мову.

Першае слова на роднай мове

Пісьменнік Уладзімір Арлоў згадваў аповед Наталлі Арсенневай пра тое, як будучая аўтарка гімну «Магутны Божа» ўпершыню пачула беларускую мову.
Тады сям’я Арсенневых вярталася пасля Першай сусветнай вайны з бежанства ў Вільню і спынілася на начлег у прыдзвінскай вёсачцы. Гаспадароў клікалі Юркам і Аўдоццяй. Уначы Наталля прачнулася ад таго, што за шафай Юрку пацягнула на любошчы, але Аўдоцця не згаджалася, бо ў хаце былі чужыя людзі: «Ня лезь, а то юшку спушчу!» Асабліва расхвалявала дзяўчыну сваёй таямнічасцю гэтая «юшка». «Можа, бяз гэтае “юшкі” не было б і паступлення ў Віленскую беларускую гімназію, і ўсяго астатняга?» — задаваўся пытаннем Уладзімір Арлоў.

Пра «язык» і родную мову

Гісторык і археолаг Міхась Чарняўскі прыгадваў. Сярэдзіна 1960-х. У Акадэміі навук адбываецца нейкая навуковая, а хутчэй, палітычная дыскусія. З трыбуны высокапастаўлены кіраўнік мовазнаўства, які з цяжкасцю гаварыў па-беларуску, з гонарам заяўляе:
— А у меня два родных языка — русский и белорусский.
З залы звонкая рэпліка Караткевіча:
— Гэта ў змяі «два языка». У чалавека ж «язык» адзін — яго родная мова.

«Польскі пісьменнік»

З кнігі Адама Мальдзіса «Жы́цце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча»:
«Друкуючы справаздачу з парыжскага фестывалю прыгодніцкіх і фантастычных фільмаў, газета “Правда” назвала аўтара сцэнарыя “Дзікага палявання караля Стаха”… польскім пісьменнікам. А паколькі ў Польшчы якраз стала неспакойна, паведамленне газеты выклікала трывогу: а раптам ён сапраўды там? З вельмі высокай інстанцыі раніцай пазванілі Караткевічам, натрапілі на Валянціну Браніславаўну, якая ўжо ўстала, і спыталі:
— Ці не скажаце вы, дзе цяпер знаходзіцца Уладзімір Сямёнавіч?
— Спіць, — адказала Валянціна Браніславаўна, на ўсякі выпадак заглянуўшы ў кабінет. — Дзе ж яму яшчэ быць?!»