«Пераважная большасць хаця б «дзякуй» ці «да пабачэння» кажа па-беларуску»

— Чаму нельга прадаваць каву па-беларуску? Гэта робяць па-англійску, па-нямецку — на ўсіх мовах, ну і мы прадаем на сваёй, — гаворыць гаспадар беларускамоўнай кавярні «Апостраф» Сяргей.

kavjarnja_apostraf_fota_dzijany_seradzjuk_3_logo.jpg

Беларускамоўнае асяроддзе для ўсіх

Галоўны пасыл, які Сяргей хоча данесці да людзей, — у тым, што па-беларуску могуць быць самыя звычайныя рэчы: піццё кавы, паход у краму, гутаркі з сябрамі. Бо стэрэатып, што беларуская мова пасуе выключна да сферы культуры, усё яшчэ досыць трывалы, разважае гаспадар кавярні.
А пачалося ўсё з захаплення: Сяргей заўсёды любіў каву, доўгі час цікавіўся тэорыяй яе прыгатавання. І калі наспела ідэя пачынаць нешта сваё, вырашыў, што гэта будзе кавярня. Пытанне мовы нават не стаяла: альбо рабіць па-беларуску, альбо не рабіць увогуле.
Так у сталічным раёне Паўднёвы Захад на вуліцы Алібегава, 28 чатыры месяцы таму адкрылася беларускамоўная кавярня «Апостраф». Сяргей тут і шэф, і дызайнер (фішкі з афармленнем, якое ў кавярні перыядычна мяняецца, ён прыдумвае сам), і амаль заўсёды — барыста.

kavjarnja_apostraf_fota_dzijany_seradzjuk_8_logo.jpg

Сам абслугоўвае наведвальнікаў ён не толькі з пытанняў эканоміі (хаця і гэты чыннік для маладога бізнесу ў спальным раёне немалаважны). Сяргею гэта сапраўды падабаецца — стасункаваць з людзьмі, якія, па яго словах, тут цудоўныя. Для яго важна, каб камунікацыя з кліентамі заўсёды была на беларускай мове, і хоць час ад часу гаспадара падмяняе іншая барыста, ён не ведае, ці размаўляе яна з людзьмі па-беларуску, калі яго няма.
— Я б не сказаў, што гэта місія, неяк гэта высока і пафасна гучыць. Але дзе мы яе чуем, беларускую мову? Так атрымліваецца, што калі ты захочаш, можаш сам стварыць сабе беларускамоўнае асяроддзе. Але чаму б не стварыць яго для ўсіх? Трэба, каб недзе чулі тое ж «дзякуй», «прывітанне», «да сустрэчы», — разважае суразмоўца.

kavjarnja_apostraf_fota_dzijany_seradzjuk_4_logo.jpg


Пакуль мы размаўляем, у кавярню па каву і дэсерты завітваюць некалькі наведвальнікаў. Хлопец з дзяўчынай паміж сабой размаўляюць па-руску, але замову робяць на беларускай мове. Маладая мама з гадавалай дачушкай таксама імкнецца гаварыць з барыстам па-беларуску. Яшчэ адна наведвальніца гаворыць па-руску, але, здаецца, яна тут не ў першы раз, і беларуская мова здзіўлення ў яе не выклікае.
— У 99% выпадкаў наведвальнікі задаволеныя тым, што ў нас беларуская мова, — гаворыць Сяргей. — Толькі адзін раз за ўвесь час, што мы працуем, быў хлопец, які зусім не разумеў і нават пачаў крыху злавацца, таму я перайшоў з ім на рускую мову. Яшчэ адна дзяўчына сама папрасіла размаўляць з ёй па-руску, але цалкам культурна. Ну і часам прыходзіць адзін хлопец, ён расіянін, яму складана, таму я гавару з ім па-руску. А так усе ставяцца вельмі добра. Пераважная большасць хаця б «дзякуй» ці «да пабачэння» кажа па-беларуску.

Беларуская літаратура: годна, цікава, сучасна

Сяргей гаворыць, што некаторыя прыходзяць у «Апостраф» менавіта як у месца, дзе можна і дзе не сорамна размаўляць на беларускай мове. Што да яго ўласнай гісторыі беларускасці, яе можна назваць шчаслівай: у жыцці Сяргея беларуская мова прысутнічала з дзяцінства.
— Бацькі ў мяне звычайныя, «трасянілі» ўсё жыццё. Але ў дзяцінстве казак на беларускай мове было больш, чым на рускай. Першая мая кніжка, якую я прачытаў ад пачатку да канца ў пачатковай школе, была «Міколка-паравоз». Увогуле ў школе ўсё добра было з беларускай мовай. Дый ва ўніверсітэце адсоткаў 55-60 выкладчыкаў вялі заняткі па-беларуску.  

kavjarnja_apostraf_fota_dzijany_seradzjuk_5_logo.jpg


Некаторыя наведвальнікі прыходзяць у кавярню для таго, каб пачытаць беларускамоўныя кнігі. Сталым кліентам іх нават дазваляюць браць дамоў. Штосьці гаспадар набывае сам ці прыносіць з уласнай бібліятэкі (ёсць тут нават некалькі кніжак з аўтарскімі аўтографамі), штосьці дораць наведвальнікі. Праз беларускую літаратуру (пераважна сучасную) Сяргей імкнецца паказаць людзям, што ў нас ёсць не толькі сяляне і вайна.

kavjarnja_apostraf_fota_dzijany_seradzjuk_16_logo.jpg


— На руках зараз «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча, «Рэвалюцыя» Віктара Марціновіча, апавяданні Валерыя Гапеева і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Уладзіміра Караткевіча. А адзін хлопец тут седзячы чытае ўжо трэцюю кніжку, — узгадвае гаспадар кавярні. — І некаторыя, хто чытае і хто са мной размаўляе, з часам, сапраўды, пераконваюцца, што гэта годна, цікава, сучасна.
У дадатак да кніжак у «Апостраф» нядаўна прыехалі беларускамоўныя настолкі, а фонам зайграў беларускі плэйліст, таму паглыбляцца ў беларускасць цяпер можна і з іх дапамогай.

kavjarnja_apostraf_fota_dzijany_seradzjuk_11_logo.jpg


Працягваючы тэму літаратуры, Сяргей адзначае: складваецца ўражанне, нібыта школьная праграма па белліту падбіралася з мэтай, каб ад беларускай літаратуры дзяцей адвярнула.
— У мяне сыну 13 гадоў, і ён не так каб шмат, але на год адну-дзве кніжкі па-беларуску прачытвае. Ён пачаў з «Сямі камянёў» Аляксея Шэіна, яму вельмі зайшло. Потым ён прачытаў «Маю мілую ведзьму» Гапеева і ўвогуле быў у захапленні, і кажа: «Што мы на ўроках чытаем?».

kavjarnja_apostraf_fota_dzijany_seradzjuk_18_logo.jpg


«Лепшых часоў для чагосьці не будзе ніколі»

Дарэчы, менавіта сын Сяргея намаляваў карціны, якія цяпер упрыгожваюць інтэр'ер кавярні. Тады хлопцу было 12 гадоў. На выявах можна пазнаць рысы двух дзеячаў беларускай культуры. Здагадаецеся, якіх?

kavjarnja_apostraf_fota_dzijany_seradzjuk_6_logo.jpg


Не будзем таміць і адкрыем таямніцу: у адным партрэце схаваны вобраз Янкі Купалы, у другім — Уладзіміра Мулявіна.
Увогуле што да інтэр'ера, Сяргей пастаянна прыдумляе нешта новае. Цяпер на сценах развешаныя беларускамоўныя паштоўкі, падчас зімовых святаў інтэр’ер быў упрыгожаны выявамі з рукавічкамі, а неўзабаве гаспадар кавярні абяцае «змену экспазіцыі» на тэму вясны.

kavjarnja_apostraf_fota_dzijany_seradzjuk_15_logo.jpg


На пытанне, ці не было перасцярогаў, што падчас пандэміі, пасля крызісу 2020 года ды яшчэ і на беларускай мове распачынаць бізнес — не самы ўдалы час, Сяргей адказвае па-філасофску:
— За выключэннем некалькіх гадоў мы жывем у перманентным крызісе. Пойдзе ці не пойдзе — ніхто не ведае. Пакуль тут усё яшчэ не стала на тыя рэйкі, на якія мне б хацелася. Але змагаемся і будзем да апошняга, ну а не — дык не. Мы з жонкай падумалі: калі не паспрабаваць, то колькі яшчэ чакаць? А потым будзеш усё жыццё шкадаваць, што была магчымасць і жаданне, а не зрабілі. Страшна заўсёды, але лепшых часоў для чагосьці не будзе ніколі.


Сам Сяргей перакананы, што любая беларускамоўная ініцыятыва — гэта цудоўна. Таму ён не пераймаецца наконт канкурэнтаў, а, наадварот, не бачыць нічога дрэннага ў тым, каб выбірацца ў іншыя беларускамоўныя месцы і падтрымліваць іх, хаця б набываючы кубачак кавы.

kavjarnja_apostraf_fota_dzijany_seradzjuk_17_logo.jpg


Так што, калі вы шукалі нагоду, каб выпіць духмяны гарачы напой у кампаніі аднадумцаў, то варта зрабіць гэта ў Дзень роднай мовы ў беларускамоўнай кавярні. А наведвальнікаў «Апострафа» сёння яшчэ і чакаюць падарункі.