Дзень роднай мовы 2022: як адзначыць?

Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага. «Новы Час» падрыхтаваў для вас падборку падзей, якія дапамогуць вам годна і карысна адсвяткаваць не толькі гэты дзень, а нават тыдзень. Далучайцеся!

zvarot_pa_move_002_logo_1.jpg


Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі запрашаюць паўдзельнічаць у Рэспубліканскай дыктоўцы па беларускай мове. Яна адбудзецца 21 лютага з 13.00 да 14.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, к. 110). Таксама дыктоўку можна напісаць анлайн на платформе ZOOM. Падключайцеся па спасылцы.

Не забудзьце зарэгістравацца на дыктоўку (да 19 лютага ўключна)!

З аргкамітэтам можна звязацца праз e-mail: dyktouka21@gmail.com ці па тэлефоне: (8 017) 270 04 74.



Тыдзень роднай мовы ў Інстытуце мовазнаўства

З 21 па 28 лютага Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі праводзіць Тыдзень роднай мовы. Праграма ўключае круглыя сталы, прэзентацыі, інтэрактыўныя заняткі, сустрэчы, культурна-асветніцкія і адукацыйна-забаўляльныя мерапрыемствы.

Падрабязней з праграмай Тыдня роднай мовы можна пазнаёміцца на сайце Інстытута мовазнаўства.



Сусветны марафон «MOVA24»

Цягам сутак, пачынаючы з 7:00 (па Мінскім часе) 20 лютага і да 07:00 21 лютага, беларусы з усяго свету арганізуюць публічныя і прыватныя сустрэчы для ўсіх ахвотных. Ужо запланавана больш за 60 лекцый, гутарак, гульняў, лекцый і падзей у фармаце «вольнага мікрафону». Мова, культура, псіхалогія, фітнес, ежа, фатаграфія, вандроўкі, коцікі, віктарыны – усё, што мы любім, па-беларуску, 24 гадзіны, без перапынкаў!

Марафон ладзіцца для таго, каб як мага больш людзей змаглі напярэдадні і ў Міжнародны дзень роднай мовы пагаварыць, ці хаця б паслухаць нешта цікавае для сябе па-беларуску. А таксама арганізатары хочуць паказаць, што беларуская мова становіцца сусветнай, што беларусы ёсць усюды і яны не забываюць свае карані.



Далучыцца да марафона можна праз платформу ZOOM, звярніце ўвагу, што да некаторых сустрэч можна далучыцца без рэгістрацыі, а на частку неабходна зарэгістравацца. Абмежаванняў па часе для рэгістрацыі няма, але ёсць падзеі з абмежаванай колькасцю месцаў. Сачыць за абнаўленнямі можна ў тэлеграм-канале марафона.
Шануйце родную мову, і няхай яна будзе з вамі не раз на год, а заўсёды!