Антаніна Хатэнка: «Хтосьці носіць у сабе свой канцлагер, а хтосьці – сваю свабоду»

Беларуская мова пачуваецца на сваёй зямлі, як чалавек пасля інсульту. Варта напомніць, што найперш моўным пытаннем прыкрывалася расійская агрэсія на Данбасе. Украінцы гэта балесна ўведалі. Таму давайце слухаць сваіх класікаў-прарокаў і не пакідаць мовы нашай беларускай, каб не памерці.

skobla_hatjenka.jpg.webp

Традыцыйна 14 лютага — у дзень нараджэння Міхася Стральцова — у Мінску пачынаўся Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце», які праводзіўся Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім ПЭН-цэнтрам. На фестывалі ўручалася і Стральцоўская літаратурная прэмія. На жаль, сёлета яго не было каму праводзіць — абедзве пісьменніцкія арганізацыі рашэннем Вярхоўнага суда летась ліквідаваны. Але новага лаўрэата журы усё ж назвала. Ім стала Антаніна ХАТЭНКА. Адметная паэтка і дасведчаны этнакультуролаг, яна аказалася яшчэ і цікавым суразмоўцам.

— Антаніна, віншую з прэміяй і важкім дадаткам да яе — кнігай «Вербніца»! Першая твая кніга «Зніч крыжовых дарог» выйшла ў далёкім 1992-м. Чаму такі працяглы перапынак паміж кнігамі — ажно 30 гадоў?

Дзякую за віншаванне. Насамрэч і прэмія, і выданне кнігі аказаліся для мяне нечаканымі. Я ніколі асабліва не адчувала патрэбы выдавацца. Бо стан, калі прыходзяць вершы, настолькі самадастатковы, што ўсё астатняе мне бачыцца другасным. Прызнацца, не вельмі я люблю ўсе гэтыя прызнанні-ўганараванні, прэміі-медалі. Асабліва дзяржаўныя і асабліва цяпер, калі дзяржава ўзнагароджвае за ліслівасць і рабства. З недзяржаўнымі ўзнагародамі ўсё іначай, цяплей, праўдзівей. І кнігу атрымаць было прыемна, бо напісанае, як вядома, застанецца. Інтэрнэт — з’ява няпэўная, а кніга — усё ж рэч матэрыяльная. Кнігам Скарыны больш за 500 гадоў, а мы па-ранейшаму можам патрымаць іх у руках.


— Давай праяснім сітуацыю з тваёй радзімай. Нарадзілася ты, здаецца, на Зэльвеншчыне, але і Пружаны табе не чужыя. Дык твой радзінны куток — дзе?

Мой радзінны куток там, дзе вязалі пупок, — на Зэльвеншчыне. Там была першая мая вялікая вада — Зальвянка, першая крыніца з жывой вадой, першая Юр’ева раса — дзеля відушчасці душы, першыя ў жыце валошкі. У няцэлых пяць гадкоў мяне перавезлі пад Ружанскую пушчу, якая ідзе да самай Белавежы. Мы жылі ўсёй сям’ёй у маленькай баковачцы з печчу, праз калідор ад школкі, дзе бацька, настаўнік, вучыў хутарскіх дзяцей. І я стала лясным чалавекам: заплятала косы бярозам, спявала ім песні. Тады ж пачалі прыходзіць і першыя вершы.

— Ты проста як Маўка з паэмы «Лясная песня» Лесі Украінкі.

Я вельмі люблю гэты твор, Маўка — родная мне душа. Таму Зэльвеншчына — як першае каханне, а Пружаны, дзе я скончыла школу, Ружаны, дзе дажывалі свой век бацькі, — гэта мая ахова, крэпасць, палацавыя крылы на гары. Так і жыву: гнуткасць вярбіная ўва мне з берагоў Зальвянкі, а сіла, непахіснасць — пушчанская, зубровая.

— У фармулёўцы журы сказана, што прэмія прысуджана «за вернасць класічным літаратурным традыцыям, тэматычнае і вобразнае багацце мовы, папулярызацыю паэтычнымі сродкамі народных звычаяў і абрадаў». А ці можна знайсці ў нашым старажытным фальклоры адказы на нейкія сучасныя злабадзённыя пытанні?

Ой, дарэмна ты мяне ў той бок вядзеш! Магу не спыніцца. Бо ўся наша народная культура — тысячагодовы пласт мудрасці. Па-першае, наша калектыўная свядомасць усё яшчэ чапляецца за вобраз добрага цара: памяняем аднаго на другога — і зажывём сабе шчасліва. Але так не будзе. Па-другое, часам мы чуем: вось пераможам жорсткі нялюдскі рэжым, а тады падумаем, ці патрэбна нам беларуская мова… Так могуць думаць толькі безадказныя гульцы на полі жыцця і смерці, а не вырашальнікі народнага лёсу. Народная мудрасць вучыць нас назапашваць сілы. У вядомай казцы перад паходам на Цмока Каваль доўга адкормліваў Удовінага сына валовым мясам, выкоўваў яму (тройчы!) булаву, пакуль не выйшла дасканалая. Гэткі сабе беларускі варыянт супергероя. Але тая ж народная мудрасць не адмаўляе і талаку: гуртам, як вядома, і бацьку, лягчэй біць.

— Ты — пяты лаўрэат Стральцоўскай прэміі, і ў цябе былі годныя папярэднікі — Анатоль Вярцінскі, Алег Мінкін, Наста Кудасава і Анхела Эспіноза Руіс. Хто з іх табе блізкі светапоглядна?

Калі паперадзе ідуць такія тытаны, як Анатоль Вярцінскі, ніхто з тропу не саб’ецца. Вярцінскі — мой літаратурны настаўнік, дарадца, сябра. Анхела — іспанка, якая піша вытанчаныя вершы па-беларуску. Кудасава — чуйны нерв Беларусі. У абедзвюх паэтак вогненная энергетыка, боль, выбух, любоў, адчай, самота ўсяленская і — радасць жыць, дыхаць, перамаўляцца з травамі, рэкамі… А найбліжэй мне ўсё ж Алег Мінкін. Мы з-пад адных стрэх ледзяшы адломвалі, аднымі вечарамі наталяліся. З пакалення мы аднаго, як з гнязда буслінага.

— Вернемся да тваёй «Вербніцы». Як падлічыў адзін прафесар, вярба — самае частаўжывальнае дрэва ў беларускай паэзіі, што можна праілюстраваць радкамі Ларысы Геніюш: »З беларускай учэпістай гліны і рабра прынямонскіх вярбін я — галінка ля белага тыну напалову забытых святынь». Але ж вярба надта крохкая, можа, у якасці «будматэрыялу» нам лепш падышоў бы, напрыклад, дуб?

Што вярба гэткая папулярная ў літаратуры — не дзіва. Яна — самае ўстойлівае, учэпістае, упартае, нязломнае дрэва. Нездарма перад Вялікаднем мы адзначаем Вербніцу, калі галінкі вярбы набываюць цудадзейную моц. Хто з нас не памятае, як сцябаюць сямейнікі адно аднаго, прыпяваючы: »Не я б’ю — / вярба б’е, / за тыдзень — / Вялікдзень. / Будзь здароў, / як вада, / і расці, / як вярба!». Што да згаданага дуба, то моц у яго такая, што, прысланіўшыся ці абняўшы яго камель, адчуваеш прыток сілы. Зноў жа, у народзе гаварылі: »У сасновым лесе маліцца, / у бярозавым любіцца, / у дубовым волю каваць, / у яловым душу д’яблу прадаваць». Так што дуб волю куе, але не даруе тым, хто пілуе дубровы на побытавыя патрэбы. Не рабілі з яго раней ні падлогі, ні мэблі. Хіба дамавіны і крыжы — дуб яднаў зямлю і неба.

— Адзін з дзеячаў культуры, які год таму з’ехаў за мяжу, нядаўна напісаў у «Фэйсбуку», што ён »не змог заставацца ў канцлагеры». А як табе бачыцца наша тут жыццё?

Наша сітуацыя небяспечная тым, што няма цэнтра прыцягнення. Расчараванне ў так званай новай апазіцыі б’е куды больш балюча, чым «амонаўскія» дубінкі. Ведаеш, ёсць такое будысцкае выслоўе: сваё неба нашу ў сабе. Так і ў нас: хтосьці носіць у сабе свой канцлагер, а хтосьці — сваю свабоду. Я застаюся тут, у жорсткім падзеле на «сваіх» і «ворагаў», у напружанні і збіранні ўсіх жыццёвых рэсурсаў, каб неяк жа бараніцца і бараніць слабейшых за мяне. Бо менавіта тут — першая лінія абароны годнасці. І няма ніякага гераізму ні ў тым, каб з’ехаць, ні ў тым, каб застацца. Найгорш будзе, калі і па гэтай прыкмеце мы перасварымся. Еднасць — адзіны паратунак. Але еднасць не за кагосьці і не супраць, а проста еднасць. Як з’ява, як факт, як сведчанне нашай нацыянальнай мудрасці стаяць на сваім. Налягаем на мову, на культуру, на гісторыю! І выберамся з той ямы, у якую дазволілі сябе загнаць.

— Ведаю, што ты сябруеш з украінскімі паэтамі, адносна нядаўна брала ўдзел у Літаратурным фестывалі «Лясная песня» ў Луцку. Але сёння Украіна адгароджваецца ад Беларусі калючым дротам, паколькі наша зямля можа ператварыцца ў плацдарм для агрэсара — Расіі. Як ты лічыш, ці зможа Масква пасварыць нас з нашымі паўднёвымі суседзямі?

Мы зрошчаныя з Украінай па ўсіх швах, усімі клеткамі і тканкамі. Украінцы восьмы год гінуць ад расійскіх куль, таму наконт Расіі ілюзій не маюць. Памятаю, колькі гарадоў і мястэчак украінскіх я аб’ездзіла з выступленнямі, і ўсюды слухачы пыталіся пра наш рай-спакой-стабільнасць. Слухалі і зайздросліва ўздыхалі: у вас там заводы-фабрыкі працуюць, у вас дарогі гладкія і вуліцы чыстыя. Але як толькі даходзіла да мовы… «Як гэта — у Беларусі школы рускія?!» Украінцы не маглі гэтага зразумець.

— Здаецца, толькі цяпер у многіх нашых паўднёвых суседзяў на Лукашэнку і яго палітыку вочы адкрыліся.

Так, калі на беларуска-ўкраінскай мяжы заляскалі гусеніцы расійскіх танкаў. Але хто іх туды паклікаў? Не беларускі народ. А той, хто кінуў у турмы тысячы беларусаў, дзясяткі тысяч вымусіў з’ехаць. Мне здаецца, украінцы гэта разумеюць. І беларусы, і ўкраінцы застаюцца пры сваім розуме і самі, без падказак суседкі, мусяць разабрацца, як будаваць сваё жыццё. Бо адступяцца тыя войскі. Адступяцца!

— Летась разам з дзясяткамі іншых грамадскіх арганізацый быў ліквідаваны Саюз пісьменнікаў, сябрам якога ты была з 1994 года. Чым для цябе быў СБП?

Магчыма, я моцна не бедавала б, што Саюз наш зліквідавалі. Калі б не ведала, колькі адказнасці бралі на сябе пісьменнікі, каб бараніць мову, захінуць ад рэпрэсій смелых і прынцыповых калег. Скажам, вядома, як засланяў сваім аўтарытэтам Максім Танк пасля вяртання з ГУЛагу Ларысу Геніюш. Ці як узяў пад сваё крыло бунтароў-студэнтаў БДУ Алеся Разанава і Віктара Ярца. Вось тут Саюз пісьменнікаў і выконваў сваю місію. Гэта вам не прафсаюзы, якім пальчыкам начальства паківае — і маўчаць, як мышы пад венікам. Ці БРСМ — цюцькі ручныя…

— Хто з пісьменнікаў для цябе ўзор творчых, грамадзянскіх і чалавечых паводзін?

Янка Брыль, Мікола Аўрамчык, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Міхась Чарняўскі, Арсень Ліс, Васіль Сёмуха, Адам Мальдзіс, Уладзімір Дамашэвіч… Не магу пералічыць усіх. Калі я на пачатку 1990-х апынулася поплеч з імі — мой свет пашырэў і пасвятлеў. Бо ўсё ж талакоўская ў нас натура. Творцы адзін да аднаго імкнуцца, каб дух паяднання адчуць.

— Беларуская літаратура пад прыгнётам здаўна — то царскі, то савецкі, то цяперашні, ці не самы небяспечны. На яго бесцырымоннае «падзяляй і ўладарнічай» чым можа адказаць творца?

Калі дзяржава нас падзяліла, то адразу праяснілася, хто якім прынцыпам кіруецца: я для краіны, ці краіна для мяне. Усе звыклыя жыць на дзяржаўным утрыманні перакачавалі ў наўмысна дзеля іх створаны прыўладны Саюз пісьменнікаў. Так усё да дробязі знаёма, з часоў даўно прамінулых. Яшчэ ж Кастусь Каліноўскі абурана запытваў: »Улада для народа, ці народ для ўлады?» А чым адказаць? Рабіць усё магчымае, каб народ не сышоў у нябыт. Маем запавет Караткевіча: »Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш!».


— Новапрызначаны міністр адукацыі Андрэй Іванец прызнаўся, што ўлюбёны пісьменнік у яго Харукі Муракамі, а спявак — Віктар Цой… Як ты лічыш, пры новым міністры адукацыйны курс будзе той жа самы, што і пры яго папярэдніку Карпенку, які русіфікаваў беларускую школу як толькі магчыма?

На жаль, змены курсу чакаць не даводзіцца. Глянеш у падручнікі па беларускай літаратуры для рускамоўнай школы — жах ахоплівае! Толькі зрэдку пракідаюцца жывыя радкі Купалы, Багдановіча, Паўлюка Труса ці Ніны Мацяш. А вакол іх — дрымучая калгасная перапеўшчына! Усё творы, дзе плот пахілены і доля гаротная. Нават народныя прыпеўкі перакладаюцца на рускую мову — «дети не поймут». Такія падручнікі толькі адварочваюць вучняў ад роднага пісьменства.

»У нас русский язык развивается во вред национальному», — і ты, відаць, чула гэта нядаўняе выказванне Лукашэнкі. Як мяркуеш, ці надоўга яшчэ хопіць моцы беларусам і беларускай мове, каб выжываць у такіх умовах?

Слухай, гэта ж дзікая анамалія — «во вред национальному». Як магчыма такое заявіць і нічога ўслед не прапанаваць — на паратунак і выпраўленне сітуацыі? Таму і пачуваецца беларуская мова на сваёй зямлі, як чалавек пасля інсульту. Варта напомніць, што найперш моўным пытаннем прыкрывалася расійская агрэсія на Данбасе. Украінцы гэта балесна ўведалі. Таму давайце слухаць сваіх класікаў-прарокаў і не пакідаць мовы нашай беларускай, каб не памерці. Ёсць у нас Ларыса Геніюш, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Алесь Разанаў і тысячы  іх аднадумцаў — агромністае нябеснае войска, якое прамаўляе ў Космас па-нашаму. І ёсць народ на зямлі, які пазалетась паўстаў адстойваць сваю праўду, сваю волю і сваю мову. І пакуль мы ўсе разам свайго не адстаім — не супакоімся.

“Народная Воля”