
Дзяржаўнае агенцтва «БелТА» паведаміла пра гэта са спасылкай на словы кіраўніка згаданай адміністрацыі Ігара Сяргеенкі. Як адзначае ў сваім «экстрэмісцкім» канале блогер-«экстрэміст» Антон Матолька, навіна з'явілася 8 снежня а 11:43.
Пазней, у 14:25, прапагандысты апублікавалі і пост у сваім тэлеграм-канале з цытатай Сяргеенкі.
Са слоў чыноўніка вынікала, што на пасяджэнні будзе разглядацца менавіта лацінская транслітарацыя назваў вуліц, гарадоў і іншых населеных пунктаў у Беларусі. Цяпер яны перадаюцца лацінкай з беларускага арыгінала. Па словах Сяргеенкі, будзе разглядацца выкарыстанне надалей рускай мовы. «Цяпер паступаюць звароты грамадзян па гэтым пытанні, і мы вырашылі разгледзець яго і ўнесці яснасць, як далей выкарыстоўваць рускую мову ў назвах вуліц, населеных пунктаў, у транспарце», — заявіў чыноўнік.
Аднак каля 15:00 стала вядома, што гэта пасяджэнне ўжо скончана і ніякай інфармацыі наконт рашэння апублікавана не было.
Крыху пазней, а 15:19, «БелТА» выдаліла пост з інфармацыяй аб
абмеркаванні прапановы выкарыстоўваць рускую мову пры транслітарацыі назваў
вуліц.
Больш таго, цытата Сяргеенкі была выдалена і з ранішняй
навіны аб правядзенні пасяджэння.
Ці азначае гэта, што лукашэнкаўцы тэму адрынулі альбо засунулі ў доўгую шуфлядку? Выглядае, што не.
Бо якраз сёння — нібыта лыжка да абеду — на старонках лукашэнкаўскага выдання «СБ.Беларусь сегодня» пра лацінку з прарасійскіх пазіцый выказаўся кіраўнік Магілёўскага гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка.
«Гэтая
транслітарацыя беларускай мовы лацінскім алфавітам, прычым з выкарыстаннем
якіх-небудзь знакаў, зусім чужых беларускай мове, для мяне як жыхара ўсходняй
Беларусі з'яўляецца незразумелай. Думаю, жыхары Віцебскай, Гомельскай,
Магілёўскай абласцей з цяжкасцю разумеюць, пра што там ідзе гаворка.
Разгойдванне сітуацыі вакол лацінізацыі пачалося не сёння, а яшчэ з дзясятак гадоў таму. Але тым не менш акцэнт на тое, што без гэтай лацінкі немагчыма пражыць, а з рускай мовы па-беларуску ці па-англійску немагчыма перадаць якія-небудзь гукі, не мае пад сабой сур'ёзнай асновы. І вось гэта выкарыстоўваюць нашы нацыянальна афарбаваныя «таварышы», спрабуючы прывесці гэты момант у наша жыццё. Думаю, мы павінны даць гэтаму адпаведную ацэнку», — сказаў Барысенка.

На трывожную сітуацыю звярнула ўвагу аўтарка кнігі «Мова 404» Аліна Нагорная. На сваёй старонцы ў фэйсбуку яна ініцыявала напісанне зваротаў у абарону транслітарацыі на лацінку з беларускай, а не з рускай мовы.
Каб захаваць беларускую мову на вулічных шыльдах і ў
транспарце, Аліна Нагорная папрасіла карыстальнікаў скапіяваць і даслаць у дзяржустановы (па вось гэтых спасылках — адзін і два) наступны тэкст:
Разам з тым на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь з’явілася наступная інфармацыя: «Будет рассмотрен и вопрос транслитерации в географических названиях улиц и населенных пунктов с использованием русского языка. Сейчас поступают обращения граждан по этому вопросу, и мы решили рассмотреть его и внести ясность, как дальше использовать русский язык в названиях улиц, населенных пунктов, в транспорте»
ПРАШУ:
1. Пакінуць «Інструкцыю па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта» ў рэдакцыі ад 24 ліпеня 2006 года. Улічваючы, што Інструкцыя ў дадзенай рэдакцыі была ўзгоднена з Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам унутраных спраў, Міністэрствам культуры, Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа пры НАН Беларусі;
2. Прывесці ўсе існуючыя надпісы геаграфічных аб’ектаў у адпаведнасць з «Інструкцыяй па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта» (у рэдакцыі ад 24 ліпеня 2006 года);
3. У адпаведнасці з Законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» адказаць на мой зварот у вызначаны законам тэрмін».
Супраць беларускай лацінкі ўжо даўно змагаюцца рознага кшталту праўладныя актывісты, духоўна блізкія да гродзенскай «рускаміркі» Вольгі Бондаравай. Адна з такіх, мінская бухгалтарка Юлія Дударэнка (раней працавала ў МУС), у жніўні актыўна прасоўвала змаганне супраць лацінкі ў сацсетках, дзе, у прыватнасці, пісала: «Я хачу бачыць рускую мову, а не пшэцкую лацінку».Тая кампанія змагання супраць «пшэцкага» напісання назваў вуліц, гарадоў і іншых тапонімаў нічым не скончылася. Магчыма, зараз мы назіраем за новым этапам.