Мовадбаўца. З нагоды сьмерці Алеся Каўруса
Сьмерць сьветлых людзей, волатаў беларушчыны не павінна заставацца незаўважанай. Канечне, іх сьмерць — сумная падзея, але ж, як бляск паміралай зоркі, яна асьвятляе ўсіх нас, дазваляе нам аб’яднацца, узгадаць і яшчэ раз ахапіць іх багаты ўзьнёсак. З спазьненьнем і разгубленасьцю мы ўсе даведаліся пра сьмерць мовазнаўцы і дысыдэнта Алеся Каўруса.
Памёр ён увосень — яшчэ ў кастрычніку 2022, але толькі ў перадапошнія дні году мы публічна даведаліся пра сьмерць. Шкада, што дыктатура ды вайна схавалі ад нас сьмерць яшчэ аднаго волата беларушчыны.
Мая першая думка — я так і не пазнаёміўся зь ім! Ведаў ягоныя тэксты, з 1994 году чакаў ягоных мовазнаўчых кнігаў, як чакаюць працягу захапляльных раманаў. У часопісах і газэтах канцу 90-х — пачатку 2000-х заўсёды вышукваў ягоныя тэксты і моўныя парады. Апошнія гады шукаў ягоны эл. адрас, каб напісаць яму, а ў выніку прачытаў сумную навіну пра сьмерць.
Канечне, тыя, хто ведаў асабіста слыннага мовазнаўцу, яшчэ напішуць свае ўспаміны пра выдатніка адукацыі Беларусі. Я ж хачу сьцісла падзяліцца толькі тым, як паўплываў на мяне спадар Алесь. Нароўні з сп. Паўлам СьцяцкоАлесь Каўрус быў маім галоўным сучасным моўнымі арыентырам, натхняльнікам і гідам у часы сумненьня і пошукаў.
Спачатку ягоная супольная з М. Круталевічам кніга «Дакумэнт па-беларуску» (1994) захапіла і канчаткова дапамагла мне пісаць афіцыйныя заявы і лісты па-беларуску. Потым шматлікія артыкулы ў «Родным слове» і «Нашым слове» дапамагалі мне зарыентавацца і пазбавіцца пэўных русізмаў, канцылярызмаў. Слоўнік адметнай лексыкі А. Каўруса — «Словаклад», які рэабілітаваў і вярнуў ва ўжытак многія забытыя моўныя словы-залацінкі (асфальтоўка, відачынства, вытвор, грэйнік, кастрычанятка, матрунка, навагодзьдзе, ранлівы, спадыня, шлюбаваць, языкачосіць і пад.), дасюль красуецца ў мяне на паліцы з ліку найбольш кансультаваных кнігаў. Думаю, сяньня як ніколі гэтая кніга выбітнага стыліста і лексыколяга мусіць прыцягнуць увагу ўсіх, хто жадае палепшыць сваю беларускую мову.
Варта прыгадаць і ягоную ці не апошнюю кнігу «Слова: у слоўніку, у тэксьце», якая зьявілася ў Вільні ў 2014 годзе і ўвасабляе зборнік дасюль актуальных артыкулаў і аповедаў. У гэтым зборніку ён зноў паўстаў тым рэдкім і сьмелым дасьледнікам, які не баяўся крытыкаваць часам штучныя слоўнікі і граматыкі, аддаючы перавагу багатай моўнай практыцы. Так, дзякуючы сп. Алесю я пераканаўся, што мова маіх віцебскіх бабуляў куды дакладней і натуральней словарушыць у пытаньні ўжытку дзеепрыметнікаў, тэмы, якой шмат увагі надаваў мовазнаўца. Крытыка неўласьцівых беларускай мове дзеепрыметнікаў з суфіксамі —уч-, -юч-, -ач-, -яч-, -ўш- і прапанова актыўна ўжываць на іх месца прыметнікі ці назоўнікі, а часам апісальную мадэль які/якая + дзеяслоў асабліва моцна гучалі з-пад пяра А. Каўруса.
Закранаў мовазнаўца і яшчэ адно дасюль праблемнае пытаньне: моцны ўплыў расейскага маўленьня на беларускую мову ў распаўсюдзе словаформаў з нулявым канчаткам (служб, просьб, грозьб, скарг, штанг, бомбасховішч, норм і пад.). Абапіраючыся на жывую мову і істотную рысу добрай мовы — мілагучнасьць, навуковец адкідваў аргумэнт, падмацаваны суб’ектыўным густам аўтараў-ак акадэмічных граматыкаў, якія фармаваліся пад уплывам расейскай мовы.
Зрэшты, варта прыгадаць дысыдэнцтва А. Каўруса. Ён належаў у 70-х гадах XX ст. да акадэмічнага кола нешматлікіх неабыякаўцаў да беларускай справы, якія публічна выказваліся супраць русіфікацыі. У выніку Алесь Каўрус згубіў працу, дапытваўся КДБ, ягоныя тэксты і імя былі на пэўны час выкрасьленыя з публічнай прасторы. Малавядомай застаецца ягоная кніга ўспамінаў з дысыдэнцкіх часоў «Як яно было» (2013), у якой навуковец падзяліўся сваімі згадкамі «нацыяналіста». На фоне цяперашняга разгрому грамадзянскай супольнасьці дадзеная кніга сталася зноў актуальнай, да ўсяго павучальнай і аптымістычнай, бо дзеліцца досьведам, што рабіць у сітуацыі, калі, падаецца, больш няма ніякага выйсьця.
А яшчэ мовазнаўца пісаў вершы. Вось такім урыўкам зь ягонай паэмы «Народзіны словаў» за 2010 год хацелася б завяршыць сумныя, але і сьветлыя прыпаміны і пажадаць усім у наступным годзе:
[…Пільную мову вокам, вухам:Яна жывая — словарухам!]І словаруху — быць нязводным,І заставацца слову — родным!