Памёр былы Папа Рымскі Бенедыкт XVI. Пяць фактаў з біяграфіі пантыфіка

Былы пантыфік памёр ва ўзросце 95 гадоў пасля працяглай хваробы.

Былы Папа Рымскі Бенедыкт XVI. Фота: «Associated Press»

Былы Папа Рымскі Бенедыкт XVI. Фота: «Associated Press»

Прадстаўнік Святога Прастола паведаміў пра смерць былога Папы Рымскага Бенедыкта, які жыў у Ватыкане з моманту сваёй адстаўкі.

«З жалем паведамляю вам, што ганаровы Папа Рымскі Бенедыкт XVI памёр сёння ў 9:34 у кляштары Mater Ecclesiae. Дадатковая інфармацыя будзе прадастаўленая як мага хутчэй», — цытуе агентцва «Reuters» пісьмовую заяву прэс-сакратара.

Прыводзім некалькі фактаў з жыцця былога Папы Рымскага.

Адзіны Папа за апошнія 600 гадоў, які сам сышоў у адстаўку

11 лютага 2013 года Папа Бенедыкт шакаваў свет, аб'явіўшы, што сыходзіць у адстаўку. Ён сказаў сваім кардыналам, што занадта стары і нямоглы, каб узначальваць арганізацыю з больш чым 1,3 мільярда чальцоў.

«Былі моманты радасці і святла, але таксама і нялёгкія моманты. Былі моманты... калі мора было неспакойным, і вецер дзьмуў супраць нас, і здавалася, што Гасподзь спіць», — сказаў Бенедыкт на сваёй апошняй агульнай аўдыенцыі, якая сабрала больш за 150 000 чалавек. І ўжо 28 лютага 2013 года прастол Святога Пятра быў абвешчаны вакантным.


Але перш чым ён афіцыйна сышоў у адстаўку, Бенедыкт і яго памочнікі ў аднабаковым парадку абралі тытул «ганаровы Папа Рымскі» і вырашылі, што ён працягне насіць белую сутану, хоць і злёгку змененую.

Пасля абрання Папы Францішка 13 сакавіка 2013 года Бенедыкт пераехаў у пераабсталяваны манастыр на тэрыторыі Ватыкана.

Прафесар тэалогіі і «Божы Ратвейлер»

Ёзэф Алаіз Ратцынгер, будучы Папа Рымскі, нарадзіўся 16 красавіка 1927 года ў вёсцы Марктль на поўдні Германіі, недалёка ад Аўстрыі. Другая сусветная вайна заспела яго падлеткам, якога гвалтоўна залічылі ў Гітлерюгенд. Ёзэф некаторы час знаходзіўся ў палоне ў саюзнікаў, але важна адзначыць, што ён ніколі не быў членам нацысцкай партыі.

Ратцынгер стаў святаром у 1951 годзе і прыцягнуў да сябе ўвагу як ліберальны тэалагічны саветнік на другім Ватыканскім саборы, які адкрыўся ў 1962 годзе і прывёў да глыбокай рэформы Царквы. Аднак марксізм і атэізм студэнцкіх пратэстаў 1968 года па ўсёй Еўропе заахвоцілі яго стаць больш кансерватыўным, каб абараніць веру ад нарастаючага секулярызму.

Прапрацаваўшы прафесарам тэалогіі, а затым арцыбіскупам Мюнхена, Ратцынгер у 1981 годзе быў прызначаны кіраўніком Кангрэгацыі дактрыны веры (CDF), пераемніцы інквізіцыі, дзе ён заслужыў мянушку «Божы Ратвейлер». Будучы Папа ўпершыню звярнуў сваю ўвагу на папулярную ў Лацінскай Амерыцы «тэалогію вызвалення», загадаўшы ў 1985 годзе замаўчаць на адзін год бразільскага манаха Леанарда Бофа, чые працы падвергліся нападкам за выкарыстанне марксісцкіх ідэй. У 1990-х гадах Ратцынгер аказаў ціск на тэолагаў, якія разглядалі нехрысціянскія рэлігіі як частку Божага плану для чалавецтва. У 2004 годзе дакумент, падрыхтаваны офісам Ратцынгера, асудзіў «радыкальны фемінізм» як «ідэалогію, якая падрывае сям'ю і хавае натуральныя адрозненні паміж мужчынамі і жанчынамі».

Скандалы падчас папства

Увесь час працы Ратцынгера на пасадзе кіраўніка каталіцкага Касцёла быў адзначаны нейкімі скандаламі. Ён настроіў мусульман супраць сябе, заявіўшы, што іслам па сваёй сутнасці з'яўляецца жорсткім (паводле слоў Бенедыкта, мусульманскі прарок Мухамед «прынёс свету толькі нешта злое і бесчалавечнае, такое, як яго загад распаўсюджваць мячом веру, якую ён прапаведаваў»). У далейшым у якасці «прымірэнчага кроку» ён здзейсніў гістарычную паездку ў Турцыю і памаліўся ў Блакітнай мячэці Стамбула з муфтыем горада.

Рэабілітаваўшы епіскапаў, якія адмаўлялі Халакост, былы Папа Рымскі раззлаваў яўрэяў.

У 2011 годзе пасля заяў пра жорсткае абыходжанне каталіцкіх святароў з дзецьмі ў Ірландыі Бенедыкт загадаў правесці афіцыйнае расследаванне злоўжыванняў, што прывяло да адстаўкі некалькіх біскупаў. Ахвяры патрабавалі, каб гэтую справу расследаваў Міжнародны крымінальны суд. Ватыкан заявіў, што ён не можа несці адказнасць за злачынствы іншых людзей, і суд вырашыў не разглядаць гэтую справу. Пазней Бенедыкт адмовіўся прызнаваць, што замяў скандалы.


Хібы дасягнулі кульмінацыі ў 2012 годзе, калі ў прэсу пратачыліся дакументы, якія выявілі карупцыю і інтрыгі ўнутры Ватыкана.

Традыцыяналізм

Пантыфіка Бенедыкта крытыкі разглядалі як імкненне павярнуць час назад пасля рэформ Другога Ватыканскага сабора 1962-1965 гадоў, якія часам празмерна хутка мадэрнізавалі царкву. Бенедыкт змяніў некаторыя рашэнні сабора, каб прывесці іх у большую адпаведнасць з традыцыйнымі практыкамі, такімі як лацінская імша і высокацэнтралізаванае кіраванне Ватыкана.

Адной з тэм, да якіх ён часта вяртаўся, была пагроза рэлятывізму, які адмаўляе канцэпцыю, згодна з якой маральныя каштоўнасці не абсалютныя, а адносныя ў дачыненні да людзей, якія іх прытрымліваюцца, і да часу, у які гэтыя людзі жылі.

Ён таксама падтрымліваў хрысціянскае адзінства, але быў раскрытыкаваны іншымі рэлігіямі, калі ўхваліў дакумент, у якім была зацверджана пазіцыя Ватыкана наконт таго, што некаталіцкія хрысціянскія канфесіі не з'яўляюцца паўнапраўнымі цэрквамі Ісуса Хрыста.

Прафесар, але не кіраўнік

Пастаянныя скандалы, у тым ліку і ўнутрыцаркоўныя, якія суправаджалі Бенедыкта падчас яго папства, не спрыялі стварэнню вобраза паспяховага кіраўніка. Сам былы Папа не адмаўляў таго, што гэта не яго лепшы бок, але не лічыў сябе няўдачнікам:

«Адным з маіх слабых месцаў, магчыма, з'яўляецца адсутнасць рашучасці ў кіраванні і прыняцці рашэнняў. На самай справе я хутчэй прафесар, чалавек, які разважае і медытуе над духоўнымі пытаннямі, — гаварыў ён. — Практычнае кіраванне не з'яўляецца маім моцным бокам, і гэта, безумоўна, слабасць. Але я не магу лічыць сябе няўдачнікам».