Ігар Случак: Важна не шанаваць беларускую мову раз на год, а карыстацца ёй кожны дзень

Юрыст і «моўны інспектар» Ігар Случак у размове з «Budzma» распавёў пра значэнне Міжнароднага дня роднай мовы, а таксама пра тое, чаго ў ім не хапае сёння.

Фота: «Budzma»

Фота: «Budzma»

— Якую ролю 21 лютага адыгрывае ў вашай сям’і? Ці святкуеце вы гэты дзень?

— Мы гэты дзень не свякуем. Для нас гэта звычайны дзень, бо мы кожны дзень займаемся абаронай беларускай мовы і клапоцімся пра яе. У гэты дзень шмат хто да беларускай мовы прыходзіць як да помніка, дзе па-беларуску распавядае, «якая яна мілагучная, прыгожая і матчына», як яе трэба любіць і абараняць, размаўляць на ёй, а пасля забываюць на мову зноў на год.

— Як вы лічыце, ці важнае 21 лютага для развіцця беларускай мовы?

— Сам дзень 21 лютага не гарантуе для любой з моў нейкай абароны або развіцця. Гэта хутчэй напамін для беларусаў аб тым, што іх родная мова сёння зноў мае праблемы, якія неабходна вырашаць. Гэта павінна быць нашай першай і галоўнай нацыятворчай задачай, бо без беларускай мовы не будзе і незалежнасці Беларусі, саміх беларусаў не стане — яны ператворацца ў рускіх, палякаў, літоўцаў, немцаў або які корань мандрагоры з дзіўным акцэнтам. Важна не шанаваць беларускую мову раз на год, а карыстацца ёй кожны дзень.

Развіццё любой мовы магчымае, толькі калі развіваюцца яе носьбіты, калі яны растуць культурна і ўсведамляюць сябе як асобу і прадстаўніка выбітнага народа, імя якому — беларусы і мова якога — беларуская.


— Калі параўнаць дзень роднай мовы ў іншых еўрапейскіх краінах і ў Беларусі, як вылучаецца гэта свята менавіта ў нас? Што варта было б пераняць у іншых краін?

— Калі паглядзець, як адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, то не паглыблены ў пытанне чалавек можа ўзгадаць толькі дыктоўкі, якія з года ў год пішуць і пішуць няшчасныя беларусы.

Часам складаецца ўражанне, што мэта гэтых дыктовак не прывіць любоў да мовы, а канчаткова адштурхнуць людзей ад яе. Ад гэтай практыкі дакладна патрэбна адыходзіць, бо тэксты складаныя, а сама дыктоўка — гэта напамін пра школу, які большасць беларусаў хацела б забыць. Ну і ў нас, як я ўжо казаў, гэта не свята, а хутчэй моўная Радуніца ці Дзяды.

Беларусі патрэбны свой нацыянальны дзень роднай мовы, які ёсць у большасці краін. Не буду прыводзіць прыклады тых краін, дзе не жыў, але магу распавесці пра Эстонію, дзе вучыўся праву ў Тартускім універсітэце.

У эстонцаў два дні роднай мовы — зімой адзначаецца Дзень эстонскамоўнай адукацыі, а 14 сакавіка — Дзень роднай мовы. Гэта дзяржаўнае свята і дзень народзінаў Крысціяна Яка Пэтэрсана — аднаго з першых эстонскамоўных пісьменнікаў. Неяк незвычайна дзень не адзначаецца, бо людзі і так любяць і шануюць сваю мову, таму хіба што можна ўзгадаць розныя віды ўзнагароджанняў тых, хто асабліва спрычыніўся да развіцця і пашырэння роднай мовы.

Беларусам таксама варта было б мець свой Дзень роднай мовы, які б адзначаўся на дзяржаўным узроўні. Яго можна было б адзначаць 21 сакавіка — вясной, у дзень нараджэння Францішка Багушэвіча, які слушна ўсім нам параіў — не пакідаць роднай мовы, каб не ўмерці. Як юрыст ён укладаў сюды не фізічную смерць, а юрыдычную — знікненне беларусаў як народа.

— Што б вы маглі пажадаць беларусам у гэты дзень як чалавек, што абараняе моўныя правы?

— Я пажадаў бы беларусам размаўляць на сваёй мове кожны дзень. Абараняць сваё права на мову кожны дзень. І памятаць, што калі б мы ўсе раней сталі размаўляць толькі па-беларуску, нам не прыйшлося б перажываць тыя цяжкія часы, у якіх апынулася сёння наша Беларусь.