Як за падаткі беларусаў у Літве ствараецца беларуская бібліятэка

Праект «Новая Беларусь» спадабаўся тым, што ён карысны для ўсіх беларусаў. Бібліятэка — гэта магчымасць для беларусаў збірацца разам. Пра гэта Ірына Мышкавец, якая прапанавалa ідэю стварэння бібліятэкі сучаснай дзіцячай і дарослай беларускай літаратуры,  распавяла «Позірку». 

bibl_irina_1.jpg

Ірына Мышкавец больш за год жыве ў Літве пасля рэлакацыі з Беларусі кампаніі, у якой працавала. Яна ўзяла удзел у праекце лічбавага самакіравання платформы “Новая Беларусь”, прапанаваўшы ідэю стварэння бібліятэкі сучаснай дзіцячай і дарослай беларускай літаратуры. Рызыкнула — і перамагла.

Колькі часу таму аб праекце распавялі “Позірку” яго арганізатары. Зараз — інтэрв’ю з пераможцай.

«Дакладна ведала, што падтрымаю сваім адсоткам беларускі праект»

— Як вы даведаліся пра “Новую Беларусь”, пра падатковы праект і замест назіральніка сталі актыўным удзельнікам?

— Шчыра кажучы, я пачала назіраць не за “Новай Беларуссю”, а за дзейнасцю яе стваральніка Паўла Лібера, актыўнасць якога мяне вельмі ўразіла: апроч асноўнай працы ён выдаткоўвае столькі часу актывізму і распрацоўцы важных для беларусаў праектаў. Я сачыла за яго інтэрв’ю, і раз-пораз у мяне ўзнікалі думкі аб удзеле ў праектах выбітных беларусаў.

Калі прыйшоў час прадстаўляць дэкларацыю аб падатках, я дакладна ведала, што падтрымаю сваім адсоткам беларускі праект. “Новая Беларусь” мне спадабалася тым, што яна карысная для ўсіх беларусаў. Пасля пералічэння адсотку падатку я аўтаматычна стала ўдзельнікам праекта, сачыла за ўсімі навінамі праз “НБ” і стала часткай гэтага праекта.

Я заўсёды была актыўным чалавекам і таму адразу пачала рэагаваць на ўсе навіны. Для мяне было пытаннем, ці варта падаваць сваю ідэю, бо, калі ты выступаеш як ініцыятар, трэба потым яе неяк рэалізоўваць, а гэта вялікая адказнасць. Але ў мяне было некалькі ідэй, якія я прапанавала, і бібліятэка — з тых, што прыйшліся даспадобы ўдзельнікам праекта.

Ірына Мышкавец. Фота: прыватны архіў

Ірына Мышкавец. Фота: прыватны архіў

«Плануем арганізаваць клуб беларускай літаратуры»

— Чаму вы прапанавалі менавіта праект бібліятэкі, і як гэта будзе выглядаць?

— Шмат беларусаў пасля пераезду сутыкнулася з праблемай адсутнасці кніг на беларускай мове, не ўсе змаглі перавезці сваю бібліятэку, тут у нас няма магчымасці пайсці ў бібліятэку і замовіць кніжку на беларускай мове. Каб пачытаць нешта, трэба набываць кнігі ў іншых краінах ці сачыць за рэдкімі літаратурнымі мерапрыемствамі ў Вільні.

Я прапаноўвала дзве ідэі: бібліятэку і чытацкі клуб (для дзяцей і не толькі). Калі мой праект бібліятэкі стаў пераможцам і мы сустрэліся з камандай “Новай Беларусі”, выявілася, што пералічаных беларусамі грошай больш, чым мы думалі першапачаткова — 13 тыс. еўра замест 2 тыс.

Мы думалі пра тое, як арганізаваць працу бібліятэкі, і было вырашана скарыстацца тым, што ў Цэнтра беларускай супольнасці і культуры (мы яго называем “Беларускі дом”) ужо быў свой фонд, але былі праблемы з папулярызацыяй дзейнасці, зручнасцю атрымання кніг людзьмі. Мы вырашылі паляпшаць тое, што ўжо ёсць. Дзеля гэтага запланавалі стварыць лічбавую анлайн-бібліятэку, праз якую будзе бачна наяўнасць кніжак і магчымасць іх замаўлення, а таксама рабіць розныя мерапрыемствы ў гэтым месцы. Мы ўсё яшчэ дапрацоўваем гэты вялікі праект, які будзем рэалізоўваць цягам года. Першая частка — фізічная і анлайн-бібліятэка, якая будзе прадстаўлена ў студзені.

Мы плануем, што бібліятэка будзе працаваць пяць дзён на тыдзень, там будзе знаходзіцца бібліятэкар, частка грошай пойдзе на яго заробак. Працу бібліятэкі разлічваем выбудаваць так, каб гэта было зручна людзям, таму будзем чакаць на адваротную сувязь ад чытачоў. Будзе таксама сайт бібліятэкі з усім каталогам кніг, навінамі пра дзейнасць і мерапрыемствы.

Ірына Мышкавец. Фота: прыватны архіў

Ірына Мышкавец. Фота: прыватны архіў

— Ці займаліся вы закупкай кніг для бібліятэкі, ці праца будзе будавацца на тым фондзе, які ёсць у “Беларускім доме”? Колькі там зараз кніг і што гэта за кнігі?

— Фонд “Беларускага дома” — каля 3 тыс. кніг. Гэта кнігі, перададзеныя прыватнымі бібліятэкамі альбо пасля прэзентацый і мерапрыемстваў. Зараз у базу ўнесена каля паловы кніг, таму спачатку мы вырашылі працаваць з гэтымі кнігамі, бо шмат з іх хранілася ў каробках і патрабавала сістэматызацыі. Усе кнігі так ці інакш датычацца Беларусі: напісаны або па-беларуску, або беларускімі аўтарамі, або пра Беларусь на розных мовах. Ёсць і старыя кнігі, якія не будуць выдавацца, імі можна будзе скарыстацца толькі ў бібліятэцы.

Наконт новых кніг: мы вырашылі, што купляць іх будзем трошкі пазней, гэта будзе сучасная літаратура і кнігі для дзяцей. Мы хочам мець кантакт з чытачамі, каб ведаць, чаго ім не хапае. Спойлер: як частку вялікага праекта мы плануем арганізаваць клуб беларускай літаратуры. Для клуба таксама будуць закупляцца кнігі.

Мы раглядаем розныя опцыі, каб зрабіць працу больш зручнай і цікавай. Ужо дакладна будзе магчымасць рэзервацыі кніг. А калі праект будзе цікавым для карыстальнікаў і атрымае развіццё, то ўжо ёсць ідэі дастаўкі кніг, устаноўкі “кнігаматаў”, стварэння беларускіх палічак у літоўскіх бібліятэках і г.д.

Ірына Мышкавец. Фота: прыватны архіў

Ірына Мышкавец. Фота: прыватны архіў

«У беларусаў яшчэ няма ўпэўненага досведу рэалізацыі сваіх праектаў»

— Праект бібіліятэкі ў часы палітычнай нестабільнасці, у тым ліку нестабільнасці становішча саміх беларусаў у Літве: чаму вы лічыце, што гэты праект важны, нягледзячы на тое, што адбываецца навокал?

— Для мяне асабіста пілотны праект “Новай Беларусі” стаў працягам маёй грамадзянскай актыўнасці, толькі ўжо ў эміграцыі. Людзі не заўсёды разумеюць, навошта займацца нейкімі “маленькімі справамі”, але для мяне гэта паступовы рух ад малых, лакальных праектаў да больш значных.

У беларусаў яшчэ няма ўпэўненнага досведу рэалізацыі сваіх праектаў, гэта было бачна на самім пілотным праекце, бо некаторыя баяліся распавесці пра свае ідэі. Але за нас ніхто нічога не зробіць, і, калі мы хочам рухацца ў бок дэмакратыі, паляпшэння ўмоваў свайго жыцця, трэба рабіць нейкі ўнёсак. Пілотны праект “Новай Беларусі” даў нам магчымасць займець гэты досвед.

Мне здаецца, што гэта яшчэ і ўнёсак у інтэграцыю, бо, прыкладаючы намаганні для захавання мовы, культуры і незалежнасці, мы, беларусы, дэманструем Еўропе і ў прыватнасці літоўцам, што падзяляем іх каштоўнасці. Важна паказваць, што мы адкрытыя для іншых.

Акрамя таго, гэта падтрымка беларускіх выдавецтваў і аўтараў: купляючы кнігі, мы матывуем іх больш пісаць і друкаваць.

Бібліятэка — гэта магчымасць для беларусаў збірацца разам, гэта нешта пра стасункі і ўзаемадзеянне. Для беларусаў важна не раз’ядноўвацца, і пілотны праект даў магчымасць не толькі аб’яднацца, але і практыкавацца ў самакіраванні. Для некага гэта ўпершыню, для некага — працяг грамадскай актыўнасці, якая вялася ў Беларусі.

Беларусам трэба быць больш смелымі, каб нешта прапаноўваць і далучацца самім. Часам нам прасцей “удзельнічаць” у якасці назіральнікаў ці падтрымліваць нейкія ідэі грашыма, а не непасрэдным удзелам. Мы любім крытыкаваць і шукаць прычыны, чаму нешта прасцей не зрабіць, чым зрабіць. У нас ёсць магчымасць гэта змяніць. Разам мы можам нашмат болей, чым паасобку, і толькі мы зможам вырашыць важныя для нас пытанні.

Прыклады такіх праектаў, якія рэалізуюцца з дапамогай “Новай Беларусі”, могуць стаць матывацыяй для больш актыўнага ўдзелу. Мы патроху вырошчваем супольнасць актыўных беларусаў праз такія праекты. Вялікі дзякуй “Новай Беларусі”, “Беларускаму дому” і ўсім удзельнікам праекта за тое, што побач са мной ёсць людзі, якія заўсёды падтрымаюць і не дадуць апусціць рукі.