У Літве баяцца дапускаць беларусаў да выбараў: а раптам што?

Паводле літоўскага Выбарчага кодэкса, замежнікі, якія маюць ПМЖ, могуць галасаваць на выбарах. У беларусах і тут некаторыя пабачылі пагрозу.

Перадкалядная Вільня. Фота «НЧ»

Перадкалядная Вільня. Фота «НЧ»

Замежнікі, якія пражылі ў Літве пяць гадоў і атрымалі пастаянны від на жыхарства, маюць права галасаваць на муніцыпальных выбарах. Гэта, на думку некаторых палітыкаў і экспертаў, можа стаць пагрозай для Літвы праз пастаянную плынь беларусаў, якія ўязджаюць у краіну. Аднак не ўсе так настроены — іншыя палітыкі сцвярджаюць, што на дадзены момант праблемы няма і незразумела, ці будзе яна, піша партал LRT.lt.

Магчымасць для замежнікаў галасаваць на выбарах у муніцыпалітэты і Саветы даўно замацаваная ў заканадаўстве, і ў гэтым скліканні Сейм пацвердзіў гэта, прыняўшы Выбарчы кодэкс.

У ім гаворыцца, што грамадзяне іншай дзяржавы, якія маюць права на пражыванне ў Літве, таксама лічацца сталымі жыхарамі самакіравання і маюць права абіраць дэпутатаў муніцыпальнага савета і мэра.

«Калі яны ў адпаведнасці з заканадаўствам Літоўскай Рэспублікі прадэкларавалі сваё месца жыхарства на тэрыторыі дадзенага самакіравання не пазней, чым за 60 дзён да дня выбараў», — гаворыцца ў Выбарчым кодэксе.

Менавіта палажэнне аб тым, што замежнікі з пастаянным відам на жыхарства ў Літве могуць галасаваць на муніцыпальных выбарах, турбуе Лаўрынаса Кашчунаса, старшыню Камітэта Сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне (КНБА).

Паводле яго слоў, гэтае пытанне становіцца асабліва актуальным у сувязі з ростам прытоку беларусаў у Літву. Цяпер у Літве пражывае больш за 62 000 беларускіх грамадзян, толькі сёлета ў Літву прыбыло больш за 14 000 з іх.


Глядзіце таксама

Неўзабаве тыя беларускія грамадзяне, якія прыехалі ў краіну пасля нелегітымных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе, змогуць падаць заяву на атрыманне пастаяннага віду на жыхарства ў Літве.

Атрымаўшы яго, яны таксама атрымаюць права галасаваць на муніцыпальных выбарах, як гэта прадугледжана выбарчым кодэксам.

«Гэта можа мець і палітычныя наступствы. Прынамсі, на палітычным жыцці горада Вільні дакладна, бо яны ў асноўным пражываюць у Вільні. Давайце падумаем, ці трэба гэта», — сказаў старшыня КНБА.

Выдаецца больш ПМЖ

Тыя беларускія грамадзяне, якія прыехалі ў Літву пасля пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, пакуль не могуць падаць заяву на атрыманне пастаяннага віду на жыхарства ў Літве. Аднак, паводле даных Дэпартамента міграцыі, з кожным годам такіх дазволаў выдаецца ўсё больш.

Паводле стану на 11 снежня гэтага года, дазвол на пастаяннае пражыванне ў Літве мелі агулам 3526 беларускіх грамадзян. Сёлета па атрыманне такога дазволу звярнуліся 323 беларусы, 30 заяў было адхілена. Пры гэтым толькі ў 7 выпадках з 30 было адмоўлена з-за пагроз асабістага характару.

«У 21 выпадку іншаземец не адпавядаў умовам, устаноўленым "Законам аб прававым статусе замежнікаў" для атрымання такога дазволу. У 7 выпадках у выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне было адмоўлена на падставе таго, што пражыванне замежніка ў Літоўскай Рэспубліцы можа пагражаць дзяржаўнай бяспецы, грамадскаму парадку або здароўю людзей. У 2 выпадках у выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне было адмоўлена з-за таго, што іншаземец не прадставіў своечасова неабходныя для атрымання такога дазволу патрэбныя даныя або дакументы», — гаворыцца ў каментары, накіраваным парталу LRT.lt.

У 2022 годзе па дазвол на пастаяннае пражыванне ў Літве звярнуліся 327 беларускіх грамадзян, у 2021 годзе — 239, а ў 2020 годзе — 147 беларусаў.

Прыкладна адна пятая частка галасуе

Хоць некаторыя замежнікі, якія пражываюць у Літве, ужо могуць прагаласаваць на муніцыпальных выбарах, звесткі, сабраныя Галоўнай выбарчай камісіяй (ГВК), паказваюць, што гэтай магчымасцю карыстаецца толькі меншасць.

Напрыклад, на выбарах у муніцыпальныя саветы і мэры ў 2019 годзе змаглі прагаласаваць 16 726 нелітоўцаў, якія пражываюць у краіне. Большасць з іх — 15,4 тысячы — былі грамадзянамі краін, якія не ўваходзяць у ЕС, з пастаянным відам на жыхарства ў Літве.


Глядзіце таксама

Паводле звестак ГВК, тым разам на выбарчыя ўчасткі прыйшла толькі траціна замежнікаў, якія маюць права голасу, а ўсяго на мясцовых выбарах 2019 года прагаласавалі 5040 замежнікаў, як з ЕС, так і не з ЕС.

Увесну гэтага года права голасу на выбарах у муніцыпальныя саветы і на выбарах мэра атрымалі больш замежнікаў, чым чатыры гады таму, але на выбарчыя ўчасткі прыйшло менш людзей.

Даныя, прадастаўленыя парталу LRT.lt, паказваюць, што на выбарах у сакавіку 2023 года маглі прагаласаваць 21 611 замежнікаў, з іх амаль 2,9 тысячы — грамадзяне краін-членаў ЕС з часовым відам на жыхарства ў Літве, а астатнія 18,7 тысячы — жыхары трэціх краін.

Каля пятай часткі замежнікаў, якія пражываюць у Літве, маюць права галасаваць на выбарах мэраў і муніцыпальных саветаў у гэтым годзе — паводле падлікаў ГВК, на сакавіцкіх выбарах прагаласаваў 4291 замежнік.

Пагрозы пакуль няма

Аднак калегі Кашчунаса па Сейме не бачаць небяспекі ў тым, што да выбарчых скрынь пацягнуцца беларусы, якія жывуць у Літве. Андрус Мазуроніс, лідар «Партыі працы», сказаў LRT.lt, што лічбы, прадастаўленыя ГВК, паказваюць, што праблемы няма. А калі, паводле яго слоў, лічыцца, што такая праблема можа паўстаць у будучыні, то прапанаваныя рашэнні не падыходзяць.

«Калі спрабаваць справіцца з магчымай рызыкай таго, што адбудзецца, калі ўсе гэтыя людзі раптам прыйдуць галасаваць, то мне здаецца, што прапанаваныя меры неадэкватныя. [Таму што прапануецца] прыраўняць абмежаванні для беларусаў да абмежаванняў для расійцаў, а не абмяжоўваць магчымасць удзелу ў выбарчым працэсе, нават калі ў цябе ёсць дазвол на доўгатэрміновае пражыванне і працу ў Літве, у іншых законах ці іншых прававых актах», — ацаніў Мазуроніс.

На думку палітыка, уносячы на разгляд папраўкі, якія прапануюць адмяніць магчымасць атрымання статусу часовага жыхара для зноў прыбылых грамадзян Беларусі і прадугледзець іншыя ўмовы для пражывання ў Літве, старшыня КНБА «спрабуе страляць з гарматы па вераб'ях».


Глядзіце таксама

«Я б лічыў праблему, узнятую спадаром Кашчунасам, вераб'ём з пункту гледжання пагрозы нацыянальнай бяспецы. Мы бачым, што вельмі невялікая частка [замежнікаў] прыходзіць галасаваць. Мне цяжка ўявіць, што раптам усё зменіцца так, што ўсе яны вырашаць галасаваць на выбарах. Вельмі малаверагодны сцэнар», — пракаментаваў Мазуроніс.

Томас Вітаўтас Рашкявічус, старшыня Камітэта правоў чалавека (КПЧ) Сейма, таксама заявіў, што пакуль пагрозы няма. Ён адзначыў, што не хацеў бы лічыць, што грамадзянін любой краіны, нават калі гэта Расія ці Беларусь, аўтаматычна ўяўляе пагрозу для Літвы. Старшыня КПЧ таксама нагадаў, што жадаючыя атрымаць пастаянны від на жыхарства ў Літве павінны здаць іспыты па асновах Канстытуцыі і літоўскай мове.

«З іншага боку, некаторыя краіны, напрыклад Эстонія, пасля пачатку вайны забаранілі расійскім грамадзянам галасаваць на мясцовых выбарах. Так што, калі ў пэўных групах грамадства ўзнікне пагроза недружалюбнага стаўлення да літоўскай дэмакратыі, такія пастановы тэарэтычна могуць быць разгледжаныя, але на гэты момант я такой пагрозы не бачу», — пракаментаваў Рашкявічус парталу LRT.lt.