Кныровіч: Карупцыя ў Беларусі закладзена ўнутры самой сістэмы
У чым карані і прычыны карупцыі ў Беларусі, і калі яна скончыцца, разважае бізнесовец Аляксандр Кныровіч.
Нядаўна стала вядома пра затрыманні ў сувязі з карупцыйнай справай у малакаперапрацоўчай галіне. Фігурантамі «малочнай справы» сталі 26 чалавек, 15 з якіх знаходзяцца пад вартай. Галоўным падазраваным у справе назвалі гендырэктара магілёўскага завода «Бабушкіна крынка» Генадзя Скітава.
— Адна з прэтэнзій да Скітава ў тым, што ён доўгія гады вёў сяброўства з прыватным прадпрымальнікам, дакладней, з уладальнікам некалькіх камерцыйных структур і, маўляў, прадаваў яму па зніжаных цэнах малочную прадукцыю. А той у сваю чаргу прадаваў яе ў Расію, атрымліваў прыбытак і дзяліўся са Скітавым, — цытуе бізнесоўца «Салідарнасць» са спасылкай на яго ютуб-канал «Кныровіч».
Кныровіч тлумачыць: Беларусь сапраўды з'яўляецца сур'ёзным гульцом на рынку РФ у малочнай галіне. Напрыклад, некалькі гадоў таму мы займалі 15% ад усяго рынку ў РФ, а доля Беларусі ў імпартнай прадукцыі, якая закупляецца Расіяй, была 75-80%.
— Здавалася б: працуй і працуй. Вырабляй, прадавай прадукцыю, атрымлівай прыбытак і атрымлівай ўзнагароды. Але ёсць адно «але». Гэта толькі на паперы мы жывем у Саюзнай дзяржаве. У рэальнасці ў адносінах паміж камерцыйнымі структурамі Беларусь і Расія — гэта дзве розныя дзяржавы, падзеленыя мяжой.
Так, расійскія прадпрыемствы, калі вельмі захочуць купіць прадукцыю ў Беларусі, павінны будуць аформіць імпартны кантракт, прынесці яго ў банк і зафіксаваць, што збіраюцца купіць прадукт за мяжой. Пасля куплі пры ўвозе яны будуць павінны аплаціць ПДВ.
Напрыклад, на сметанковае масла ПДВ складае 10% ад сумы закупкі адразу, а вярнуць гэты ПДВ прадпрыемства зможа праз 3-6 месяцаў — так уладкованая расійская рэчаіснасць.
Таму расійцам вельмі нязручна працаваць з беларускімі кампаніямі, і яны імкнуцца гэтага не рабіць. Менавіта праз гэтую сітуацыю вакол беларускіх прадпрыемстваў, якія нешта прадаюць у РФ, утвараецца велізарная колькасць розных пасрэдніцкіх структур.
У «Савушкіна прадукта», напрыклад, ёсць уласная збытавая кампанія ў Расіі, ёй няма патрэбы ладзіць нейкіх прыватных пасярэднікаў.
Пры гэтым, адзначае Кныровіч, пры экспарце прадуктаў харчавання лакальнай малочнай прадукцыі дзяржава рэгулюе мінімальную цану, па якой можна нешта прадаваць у Расію. Так, для масла тлустасцю больш 72% гэтая цана ў памеры 480 расійскіх рублёў.
— Калі зазірнуць на расійскія сайты, якія прадаюць беларускае масла, мы ўбачым, што яго сярэдні кошт за кг — блізу 780 расійскіх рублёў. Таму маржа паміж гэтымі двума коштамі ёсць, яна сур'ёзная і пытанне, хто яе зарабляе.
Яшчэ адна дэталь, на якую звяртае ўвагу прадпрымальнік, — гэта тое, што сярод абвінавачванняў гендырэктару «Бабушкінай крынкі» напісана, што ён штучна ствараў лішнія таварныя запасы і адчуванне, што прадукцыя не рэалізаваная, на падставе чаго выбіваў ва ўрада дазвол для прадпрыемства прадаваць прадукцыю ніжэй устаноўленых дзяржавай коштаў.
— І гэтым, маўляў, карыстаўся той самы прыватны прадпрымальнік. Гучыць гучна і прыгожа, але, магчыма, гэта не зусім праўда. Курсы вагаюцца. Праз гэта бываюць перыяды, калі здараецца затаварванне беларускай малочнай прадукцыі. У гэтым трэба разбірацца!
Аляксандр Кныровіч працягвае:
— Але ў нас так: давайце будзем кідацца ў карупцыянера і пасадзім яго ў турму, а на яго месца знойдзем сумленнага. Ці можа так здарыцца? Зусім не можа!
Некалькі гадоў таму стаў вядомы заробак дырэктара МАЗ — 2700$. Я перакананы, што ў дырэктара «Бабушкінай Крынкі» таксама выявіцца заробак у 2-3 тысячы долараў, і вось за гэта ён павінен быць удзячны, на думку дзяржавы.
Але калі мы зазірнем у справаздачнасць, высветліцца, што гэты дырэктар распараджаецца прадпрыемствам, у якога выручка ў 2020 годзе была 613 млн рублёў, а прыбытак гэтага прадпрыемства прыкладна 3,6 млн — гэта 0,6% ад выручкі.
Ці мае магчымасць дырэктар паўплываць на выдаткі альбо даходы прадпрыемства? Ці можа ён сваімі дзеяннямі змяніць вынік на 1% ад выручкі? Гэты самы 1% у выпадку «Бабушкінай крынкі» складае 6 млн рублёў.
А цяпер другое пытанне: колькі трэба заплаціць дырэктару за тое, што ён заробіць лішнія 6 млн рублёў для гэтага дзяржпрадпрыемства? У маёй галаве гэта працэнтная стаўка прыкладна ў 5% ад гэтай сумы.
Але ў нас усё не так. Чалавек, які прыйшоў у наменклатуру, адчувае, што павінен зарабляць нармальна, а не 2-3 тысячы долараў. Таму ён і акружае сябе групай людзей, якія на гэтым зарабляюць, і стварае сітуацыю, пры якой яны абавязаны з ім дзяліцца.
І тады ён дабірае ўсё тое, што мог бы зарабіць законным чынам, але ў гэтым выпадку ўжо незаконным.
Таму такая сітуацыя, якая сёння гучыць адносна малочнай галіны, існуе ва ўсіх галінах нашай дзяржаўнай эканомікі, лічыць безнесовец.
— Калі б кантракт беларускага дырэктара дзяржпрадпрыемства прадугледжваў нармальную базавую аплату, бонусную стаўку і гарантыю таго, што цябе не могуць проста выдзерці як нашкодзіўшае дзіця, то ў нас на гэтыя пасады прэтэндавалі б зусім іншыя людзі.
Але ў нас пакуль вось так. І будзе так яшчэ 30 гадоў, 60 або 600, калі не змяніць сістэму адносін.
Кныровіч падсумоўвае: затрыманаму Генадзю Скітаву пагражае ад 7,5 да 13 гадоў. Аднак не факт, што ён адбудзе ўвесь тэрмін пакарання. У прыклад бізнесовец прыводзіць былога міністра лясной гаспадаркі Дрожжу, які, атрымаўшы 7,5 гадоў, адседзеў менш за два і ўжо кіруе калгасам, а таксама былога дырэктара цукровага завода, які, атрымаўшы 13 гадоў, правёў пад вартай блізу трох гадоў.
— Вось так выглядае беларуская карупцыя. Гэта гульня па крузе: чалавек уваходзіць у наменклатуру, прымае правілы гульні, жыве, а потым у патрэбны момант яго «пляскаюць».
Дырэктара «Бабушкінай
крынкі» «вялі» тры гады — тры
гады яму дазвалялі абкрадваць дзяржаву
пад наглядам КДБ, а ў патрэбны момант яго дасталі як труса з
капелюша. І так будзе заўсёды. Проста таму, што гэта закладзена ўнутры гэтай
самай сістэмы.