Кныровіч: На пераезд вырашыцца вельмі цяжка, але гэты адрыў беларусам даецца ўсё лягчэй

Эканаміст і блогер Аляксандр Кныровіч прыводзіць статыстыку па працаўладкаваных у Літве беларусах і адначасова глядзіць на тое, якія заробкі прапануе флагман беларускай прамысловасці — МТЗ. І не здзіўляецца, што беларусаў у краіне ўтрымаць усё цяжэй.

img_0357_1_logo.jpg

Літоўцы выкацілі статыстку па працоўных мігрантах. Лічбы ўражваюць. Усяго за 9 месяцаў 2023 года ў літоўскіх кампаніях пачалі працаваць 62 тысячы замежнікаў, што перавышае лічбы 2022-га. І беларусаў працаўладкавалася нават больш, чым украінцаў.

18,5 тысяч супраць 16 тысяч чалавек, спецыялістаў. Самыя папулярныя спецыяльнасці — дальнабойшчыкі, а таксама зваршчыкі, бетоншчыкі, прыбіральшчыкі, электрыкі, тынкоўшчыкі і кухары.

З улікам параўнальных памераў насельніцтва Літвы і Беларусі сітуацыя была б аналагічная, калі б у Беларусь раптам, за 9 месяцаў, прыехала адразу 200 тысяч чалавек.

Але ад нас яны чамусьці ўсё больш з'язджаюць, а не прыязджаюць.

І чаго гэта?

Мне здаецца, я ведаю гэты сакрэцік. Мінімальны заробак у Літве сёння — 840 еўра.

Не, я не памыліўся, і не — не сярэдні, гэта менавіта мінімальны заробак. Той самы, які ў Беларусі 554 рублі ці 155 еўра, гэта значыць — у 5,4 разы (!) ніжэйшы.

На пераезд вырашыцца вельмі і вельмі цяжка, гэта «адрыў ад каранёў», але, мяркуючы па колькасці працоўных «эканамічных» мігрантаў, гэты адрыў беларусам даецца ўсё лягчэй і лягчэй.

На фоне масавага ад'езду непатрыятычных беларусаў туды, на Захад, у пагоні за доўгім рублём, недахоп рабочых рук — галоўная праблема беларускай эканомікі сёння, у тым ліку і на знакавым беларускім прадпрыемстве — Мінскім трактарным заводзе (МТЗ).

На мінулым тыдні прадпрыемства здзівіла прапановай для сваіх супрацоўнікаў (і не толькі) заняцца «продажам сяброў». Так і пішуць — прывядзі да нас спецыяліста і атрымай 500 рублёў.

Не адразу, вядома, пры выкананні пэўных умоў, але… Усё ж такі гэта новае слова ў працы дзяржаўных гігантаў, і тут узнікае пара пытанняў.

Чаму менавіта 500?

Зразумела, што прадпрыемства ўжо размясціла вакансіі ў Рэспубліканскім банку вакансій, і на іх ніхто не адгукнуўся. І дзіўна было б, калі б адгукнуўся, прапанаваны заробак — не большы за 2000 рублёў, або 560 еўра, што менш за сярэднія мінскія заробкі на 23%.

Але зварот да прыватных прафесійных рэкрутынгавых кампаній абышоўся б МТЗ у 2000 рублёў за адну «галаву».

Дык адкуль такія кошты?

Ну і, вядома, пытанне: калі да вас прыйдзе КДК, вы ім як будзеце тлумачыць, што за запаўненне адной вакансіі вы не заплацілі нічога (самі прыйшлі), а за другую давялося аддаць 500 рублёў?

І без Настрадамусаў з Вангамі можна прадказаць абвінавачванне ў дробнай, але стабільнай карупцыі.

Я зацікавіўся, зазірнуў на сайт МТЗ. Падумаў, можа, і мне знойдзецца справа па плячы?

Мамка ж мая! Там спіс з 55 прафесій, якіх не стае! Гэта не колькасць вакансій, гэта менавіта пазіцыі, і некаторыя маюць такія мудрагелістыя фармулёўкі, што я ледзь было не падняў слухаўку і не патэлефанаваў...

Не засну я сёння, не разабраўшыся, чым займаюцца «выбівальшчык адлівак», «правільшчык уручную» і, асабліва, «карэкціроўшчык ваннаў».

Ёсць у назвах гэтых тпрафесій нешта блокаўскай, паэтычнае...

Але не стаў я тэлефанаваць, спыніўся. Збянтэжыў мяне жорсткі і недвухсэнсоўны подпіс у самым нізе старонкі: «Заробак да 2000 рублёў».

Менавіта вось гэта песімістычнае «да», а не натхняльнае «ад». Умеюць завабіць, мярзотнікі.

Гэта значыць выбіваць, правіць і карэкціраваць (чыесьці некарэктныя) ванны мне прапануюць за суму, ніжэйшую за мінімальную літоўскую зарплату на траціну.

Не буду. Застануцца вашы ванны неадкарэкціраванымі.