У Беларусі «справа малочнікаў»: На «Бабулінай крынцы» затрымалі 15 чалавек
Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада падчас нарады з чыноўнікамі распавёў аб чарговай гучнай карупцыйнай справе — выкрыцці злачынных схем у малочнай галіне.
«У сувязі з тым, што да мяне хадакі пайшлі па некаторых пытаннях, я хацеў бы публічна агучыць праблему. Можа, хтосьці адкажа на некаторыя пытанні з прысутных (прэм'ер-міністр, віцэ-прэм'ер, кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю), выслухаўшы гэта. Але паколькі следства па гэтай справе ідзе, я не магу многія факты агучваць. Але тыя, хто спрабуе на мяне выйсці, яны пачуюць і зразумеюць, што я маю на ўвазе», цытуюць Лукашэнку прапагандысты.
Гаворка, паводле слоў Лукашэнкі, пра магілёўскае прадпрыемства «Бабуліна крынка», дзе кіраўнік Генадзь Скітаў «сфармаваў сваю каманду з ліку набліжаных знаёмых і сваякоў і пачаў новую збытавую палітыку».
«У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў узятыя ў распрацоўку восем камерцыйных груп, якія ўсталявалі кантроль на выгадных для сябе ўмовах над экспартам у Расію прадукцыі шэрагу айчынных малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Зараз пачнуць выць і крычаць: была «справа лекараў», была справа яшчэ кагосьці [«цукровая справа»], цяпер — "справа малочнікаў". Я спецыяльна гэта пры губернатарах кажу, таму што гэта характэрна для вас. Я проста ўзяў «Бабуліну крынку». Але адказваць будзеце ўсё. Прытым жорстка будзеце адказваць», — заявіў Лукашэнка.
«Адметнай асаблівасцю дзейнасці ўладальнікаў беларускіх фірмаў з'явілася наяўнасць падкантрольных суб'ектаў гаспадарання на тэрыторыі Расіі, што дазваляла прадаваць прадукцыю з мінімальнай нацэнкай, а затым рэалізоўваць тавар канчатковаму спажыўцу па больш высокай цане, прыніжаючы падаткаабкладаемую базу. Атрыманая інфармацыя паказала, што рэалізацыя схемы не магла ажыццяўляцца без удзелу службовых асоб прадпрыемстваў і дзяржорганаў. Раман Аляксандравіч [Галоўчанка], таксама адкажаце, калі там будуць вашы твары. Там свецяцца і члены ўрада. Я не называю прозвішчы, пакуль ідзе следства», — дадаў галоўны беларускі змагар з карупцыяй, якую ён чамусьці не можа перамагчы ўжо трыццаць гадоў.
Лукашэнка сказаў, падобная злачынная схема стала магчымай, бо ва ўрадзе не выпрацавана сістэма рэалізацыі прадукцыі. «Многія прапануюць праз біржу ўсё прадаваць і гэтак далей. Гэта ваша справа. Але як толькі замялі гэтых дзеячаў, пасадзілі куды трэба, зусім іншыя кошты на прадпрыемствах. І ўсё пачалося, спадар Субоцін [старшыня Віцебскага аблвыканкама], з Віцебскай вобласці. Можа быць, да вас. Але не дай бог (губернатараў папярэджваю) "касякі" будуць у вашу бытнасць, мала не падасца. Будзе аж у вачах цёмна, якімі б вы надзейнымі і адданымі мне ні былі. Гэта пытанне не Лукашэнкі. Гэта пытанне дзяржаўнай важнасці», — заявіў Лукашэнка.
«Я даручыў старшыні КДБ усіх перапісаць, усю ўласнасць. А ўласнасці там нямерана. Усё павінна быць канфіскавана ў даход дзяржавы. Шкоду мы бачым. Уся ўласнасць павінна быць у дзяржавы. Знахабіліся да крайнасці», — абурыўся Лукашэнка, які тым не менш у падобных выпадках не звальняе лаяльных да сябе кіраўнікоў вышэйшага ранга, якія адказваюць за канкрэтныя напрамкі.
У сваю чаргу кіраўнік КДБ Церцель сказаў, што па «справе малочнікаў» было затрымана 26 чалавек, на дадзены момант за кратамі 15.
Нагадаем, што адзін з фігурантаў «цукровай
справы», былы
дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч быў асуджаны за карупцыю на 13 гадоў,
але адседзеў толькі тры, бо быў памілаваны Лукашэнкам. Цяпер кіруе буйным
агракамбінатам «Холмеч» у Рэчыцкім раёне.