«Народную любоў ніяк не атрымліваецца вярнуць, колькі ты гэты няўдзячны народ ні саджай»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае, чаму сёй-той пачаў новы віток барацьбы з карупцыяй. І адзначае, што карупцыйныя справы ў краіне ўзнікаюць у асноўным таму, што старога сабаку новым трукам не вывучыш.

img_2261_logo_2.jpg

Карупцыю душылі-душылі, душылі-душылі, душылі-душылі. Трыццаць гадоў душылі. А як выбары, дык яна адразу як новенькая. Не, так карупцыя ў нас добрая. Такую карупцыю дай бог кожнаму. Але як выбары, то не дай бог нікому.

Таму што перад выбарамі належыць клапаціцца пра народ. І не важна, што народ пра барацьбу з карупцыяй нікога не прасіў. Вось сёй-той вырашыў, што народу падабаецца, значыць — усё. Народу падзецца ўжо няма куды.

Хоць па цяперашніх часах барацьба з карупцыяй можа ўразіць ужо толькі самыя адсталыя пласты насельніцтва. Ну, таму што ў астатніх было трыццаць гадоў, каб прывыкнуць. Што да барацьбы, што да карупцыі.

Але, як той казаў, старога сабаку новым трукам не вывучыш. Вось якім трукам трыццаць гадоў таму вывучыўся, такія і паказвае. Таму што мае востры перадвыбарчы дэфіцыт народнай любові і не мае фантазіі. Таму што народу трэба паказаць, што пра яго клапоцяцца. А пасадзіць малочнікаў, выкрыць чорных перавозчыкаў і памахаць у старшыні калгаса перад носам гранатамётам — гэта такі танны спосаб, які не патрабуе дадатковых фінансавых выдаткаў.

Нават наадварот. Калі пасадзіць малочнікаў, то ў іх яшчэ можна што-небудзь канфіскаваць у трохразовым памеры. Гэта значыць, з аднаго боку — клопат пра народ, а з другога — карысць для дзяржаўных фінансаў. А дзяржаўным фінансам лішняя карысць не зашкодзіць.

Хоць я па-ранейшаму не разумею, чаму сёй-той так мітусіцца. У яго ж да выбараў тры месяцы і поўная стабілізацыя грамадска-палітычнага становішча ў краіне. Вось ужо стабілізавалі так, што далей няма куды. Адных экстрэмістаў налічылі тры з паловай тысячы чалавек. І кожны ж дзень знаходзяць новых з экстрэмісцкім ладам думак. І з такімі паказчыкамі выкрытага экстрэмізму ўжо, здаецца, можна было б і не перажываць за перадвыбарчую стабільнасць.

А на душы ўсё роўна неспакойна. І нават восем вельмі спецыяльных падраздзяленняў, створаных генералам Карпянковым, не выклікаюць пачуцця ўпэўненасці. Таму генералу Шуневічу даверана стварыць у дадатак да іх яшчэ асобную паляўніча-рыбалоўную снайперскую брыгаду. Таму што народную любоў ніяк не атрымліваецца вярнуць, колькі ты гэты няўдзячны народ ні саджай.

А калі няма народнай любові, то разумееш, што нават у поўнай стабілізацыі могуць здарыцца непрыемныя сюрпрызы.

Вось што ты будзеш рабіць, калі зноў прыляцяць сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу?