«Песьні, танцы, буфет». Качанава шчыра распавяла, як разумее выбары

Паводле разваг Натальлі Качанавай пра сутнасьць выбараў, ня ўлада абавязаная народу, а грамадзянін абавязаны дзяржаве («сьвяты абавязак», «гонар») за тое, што дазваляе, дае яму «права аддаць свой голас», піша на «Свабодзе» палітолаг Валер Карбалевіч.

Фота: vgr.by

Фота: vgr.by

Тут усё перакулена з ног на галаву. Атрымліваецца, не народ павінен выбіраць уладу, а наадварот, улада выкарыстоўвае народ для імітацыі сваёй легітымнасьці.

Здараюцца сытуацыі, калі палітыкі ці чыноўнікі змушаныя сілай абставінаў да публічнага выступу без падрыхтоўкі, бяз загадзя напісанага тэксту. Тое, што называюць экспромтам. Часта ў такіх выпадках звыклы, старанна створаны вобраз разбураецца. І на паверхні праяўляюцца рысы, якія ў звычайнай сытуацыі палітыкі імкнуцца хаваць ці кантраляваць.

У гэтым сэнсе вельмі адметным стаў выступ старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай на сустрэчы з удзельнікамі так званых моладзевых саветаў пры Нацыянальным сходзе і мясцовых Саветах дэпутатаў 26 студзеня.

Найперш выявілася, што нягледзячы на вялікі досьвед кіроўнай працы Натальля Іванаўна зь цяжкасьцю фармулюе свае думкі. Выступ атрымаўся хаатычным і непасьлядоўным.

Але ня гэта галоўнае. Пытаньне, зададзенае адной з удзельніц, тычылася выбараў. І Качанава адказала. Каштоўнасьць гэтага адказу ў тым, што менавіта такі экспромт выдае тое калектыўнае несьвядомае цяперашняй кіроўнай эліты Беларусі, якое ў звычайным жыцьці чыноўнікі спрабуюць прыхаваць.

Такім чынам, як Натальля Качанава разумее сэнс такога паняцьця, як «выбары»? Вось як:

«Наогул выбары ў маёй маладосьці — гэта былы Савецкі Саюз... Гэта заўсёды было сьвята, заўсёды. І думкі пра тое, што ты ня пойдзеш на выбары, не было ні ў кога. Наогул ні ў кога. Гэта было «за граньню». Вось усё, выбары — гэта сьвята, гэта выбарчыя ўчасткі, гэта зь песьнямі, з танцамі, з буфэтамі... Усе роўна ішлі на выбары, таму што разумелі, што гэта абавязак, твой сьвяты абавязак. І потым, вось у мяне заўсёды было такое пачуцьцё... Толькі з пачуцьцём гонару, з пачуцьцём таго, што ты ўжо маеш права аддаць свой голас...

Вось абвясьцілі выбары. У газэтах напісалі, што выбары. Усе людзі, усе апранаюцца прыгожа, добра, прыстойна. Ня проста так, там са спартзалі пабег. У выходны дзень, мама з татам, мы ідзём на выбары. І я зь імі хадзіла заўсёды, пакуль была дзіцем. Для мяне гэта заўсёды было сьвята. І я цяпер гавару. І для нас сьвята. І мы хочам людзям зрабіць на ўчастках роўна так: і буфэты, і канцэртныя праграмы. І гэта ня трэба ператвараць у нейкае бязладзьдзе».


Глядзіце таксама

У гэтым экспромце выкладзена цэлая палітычная філязофія. Нічога не гаворыцца пра народаўладзьдзе, якое рэалізуецца праз выбары, як тое запісана ў Канстытуцыі. Няма згадкі, што выбарчы працэс — гэта мэханізм легітымізацыі ўлады. Што гэта спосаб выбіраць уладу, рабіць яе падсправаздачнай, падкантрольнай, зьмяняльнай. І, каб выканаць такія функцыі, выбары мусяць быць канкурэнтнымі. Дзеля чаго ў краіне павінныя існаваць палітычныя свабоды. Але якраз вось такія сапраўдныя выбары для Качанавай непрымальныя, пра іх яна кажа: «Гэта ня трэба ператвараць у нейкае бязладзьдзе («безобразие»)».

Якімі ж павінныя быць беларускія выбары, на думку Качанавай? Ідэалам для яе зьяўляецца тое, што лічылі выбарамі ў Савецкім Саюзе. Рытуал. Прычым урачысты рытуал — «зь песьнямі, з танцамі, з буфэтамі...». Такі шчодры падарунак дзяржавы для насельніцтва. А якая ж роля грамадзянаў? Прыйсьці і прагаласаваць. То-бок выканаць тэхнічную працэдуру.

Калі ўлада робіць для народу сьвята, то народ павінен аддзячыць уладзе. Якім чынам? Качанава тлумачыць: ня ўлада абавязаная народу, а грамадзянін абавязаны дзяржаве («сьвяты абавязак», «гонар») за тое, што яна дазваляе яму, дае «права аддаць свой голас». Тут усё перакулена з ног на галаву. Не народ выбірае ўладу, а наадварот, улада выкарыстоўвае народ для імітацыі сваёй легітымнасьці. А выбары — гэта такі рытуальны інструмэнт.

Гэтыя развагі Качанавай каштоўныя менавіта сваёй шчырасьцю. Увогуле, за тры апошнія гады ў Беларусі пабудаваная такая сыстэма, калі вышэйшым чыноўнікам ужо няма патрэбы прыкідвацца. Можна заставацца самімі сабою, натуральнымі, без усялякіх «дэмакратычных» прымешкаў. Не баяцца, што там скажа апазыцыя (яе «зачысьцілі»), АБСЭ ці яшчэ нехта.

Таму Лукашэнка ўголас шкадуе, што ў новай Канстытуцыі не адмянілі ўсенародныя выбары прэзыдэнта. А Качанава апавядае, якая насамрэч роля адведзена грамадзтву ў новай палітычнай сыстэме. Вось такая цяпер яна, «дзяржава для народу».