Чалавек, пра якога прапагандысты складалі легенды. Ален Далес

Ален Далес на працягу васьмі гадоў узначальваў ЦРУ пры прэзыдэнце Дуайце Эйзэнхаўэры. Камуністычныя, а потым і сучасныя беларускія і расейскія прапагандысты прыдумалі цалкам ілжывую тэорыю аб існаваньні «Пляну Далеса», які прадугледжвае ледзьве не перасадку асьміногаў у галовы савецкіх (беларускіх) людзей. Што адбываецца?

Ален Далес

Ален Далес

Эпоха Алена Далеса прыйшлася на разгар халоднай вайны. Гэта быў час інтэнсіўнага геапалітычнага і ідэалягічнага супрацьстаяньня паміж Злучанымі Штатамі Амэрыкі і Савецкім Саюзам. Гэта была эпоха, якая ўтрымлівала проксі-войны, ядзерную барацьбу і шпіянаж, а таксама складаныя дыпляматычныя адносіны.

Плян Далеса, як яго апісваюць тэарэтыкі змовы, здаецца, ігнаруе гэтую рэальнасьць. Ён уяўляе аднамерную, амаль карыкатурную стратэгію культурнай і маральнай дывэрсіі, нібыта распрацаваную шэфам ЦРУ Аленам Далесам.

Плян Далеса, на думку прыхільнікаў тэорыі змовы, быў таемнай стратэгіяй, прызначанай для размываньня сацыяльных і маральных асноваў замежных дзяржаваў, а перадусім камуністычных, тым самым адкрываючы шлях да амэрыканскага дамінаваньня ў эпоху халоднай вайны.

У 2022 годзе так званы дэпутат у так званую палату прадстаўнікоў Віталь Уткін на сустрэчы з жыхарамі пасёлка Касьцюкоўка заявіў: «Наступствам халоднай вайны супраць Савецкага Саюзу стала сучасная гібрыдная вайна. Яна бярэ свае вытокі ў 1945 годзе, калі дырэктар ЦРУ Ален Далес склаў плян па зьнішчэньні СССР. Там, у прыватнасьці, ёсьць наступныя словы: “Мы кінем усё, што маем, усё золата, усю матэрыяльную моц на абалваньваньне і адурманьваньне савецкіх людзей.

Чалавечая сьвядомасьць здольная зьмяняцца. Пасеяўшы там хаос, мы непрыкметна падменім іх каштоўнасьці на фальшывыя і прымусім іх у гэтыя фальшывыя каштоўнасьці верыць… У кіраваньні дзяржавай створым хаос і бязладзьдзе… Галоўную стаўку зробім на моладзь”».

У 2020 годзе кіраўніца так званага Савету рэспублікі Натальля Качанава на сустрэчы з будучымі журналістамі паказвала цэлы дакумэнтальны фільм пра «плян Далеса». Гэта адбываецца на нашых вачох. Пра што гэта ўвогуле?

«Дэпутат» Уткін і «сэнатарка» Качанава выглядаюць як героі якога-небудзь анэкдоту: «Прыходзяць аднойчы Ўткін і Качанава ў бар і давай несьці лухту…».

Хто такі Далес?

allen_dulles_720.jpg

Ален Далес нарадзіўся ў 1893 годзе. Далес скончыў Прынстанскі ўнівэрсітэт, а потым удзельнічаў у Першай сусьветнай вайне ў якасьці дыпляматычнага супрацоўніка і афіцэра выведкі. У пачатку сваёй кар'еры ён займаўся рознымі дыпляматычнымі справамі, у тым ліку ўдзельнічаў у Парыскай мірнай канфэрэнцыі 1919 году. Пра яе, дарэчы, можна пачытаць тут.

Ягоны шлях да пасады галоўнага амэрыканскага шпіёна пачаўся падчас Другой сусьветнай вайны, калі ён працаваў у швайцарскім Бэрне ў якасьці ключавога супрацоўніка Ўпраўлення стратэгічных службаў, папярэдніка ЦРУ.

У 1953 годзе прэзыдэнт Дуайт Эйзэнхаўэр прызначыў Далеса дырэктарам Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня, і ён займаў гэтую пасаду да 1961 году. Далес кіраваў апэрацыямі, якія мелі сур’ёзны ўплыў на сусьветную палітыку, у тым ліку зрынаньне Махамеда Масадыка ў Іране ў 1953 годзе і Якаба Арбэнса ў Гватэмале ў 1954 годзе.

Далес быў вядомы сваёй цьвёрдай антыкамуністычнай пазыцыяй, якая моцна паўплывала на ягоныя дзеяньні ў якасьці дырэктара ЦРУ.

Міт пра ягоны плян

Не існуе ніякіх вартых даверу гістарычных сьведчаньняў або дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць існаваньне такога пляну. Плян Далеса, на які часта спасылаюцца прыхільнікі сусьветнай змовы, абсалютна адсутнічае ва ўрадавых архівах, асабістай перапісцы Далеса або ва ўспамінах сучасьнікаў, якія шчыльна супрацоўнічалі зь ім.

Аматары тэорыі «злоснага калектыўнага Захаду» кажуць, што плян акрэсьлівае комплексную стратэгію культурнай дэградацыі і маральнага раскладаньня, скіраваную на аслабленьне нацыяў з сярэдзіны. Плян нібыта выступае за прасоўваньне матэрыялізму замест духоўных каштоўнасьцяў.

Ніводны арыгінальны дакумэнт, ні запісаная прамова, ні другасная крыніца, якая заслугоўвае даверу, ніколі не пацьвярджалі існаваньне такіх дырэктываў Алена Далеса. Замест гэтага мы знаходзім фантасмагарычныя інтэрпрэтацыі, мадэрнізаваныя ў адпаведнасьці з патрэбай той ці іншай зацікаўленай асобы.

Плян часта згадваецца як спасылка на культурныя тэндэнцыі, зрухі ў грамадзтве і тэхналягічныя дасягненьні, якія альбо не існавалі, альбо знаходзіліся ў стадыі зараджэньня падчас знаходжаньня на пасадзе Далеса (а гэта 1953-1961 гады). Напрыклад, некаторыя вэрсіі тэорыі спасылаюцца на мэтады сацыяльнай інжынэрыі і маніпуляцыі сродкамі масавай інфармацыі, якія ў той час былі б тэхналягічна немагчымыя.

Тэкст, які прыпісваецца Далесу, упершыню зьявіўся ў расейскім друку ў пачатку 1990-х гадоў і ўяўляў сабой падборку фрагментаў рамана расейскага пісьменьніка Анатоля Іванова «Вечны кліч» у рэдакцыі 1981 года.

Чаму людзі вядуцца?

Службовае пасьведчаньне ЦРУ Алена Далеса

Службовае пасьведчаньне ЦРУ Алена Далеса

Тэорыі змовы накшталт пляну Далеса захопліваюць пэўныя сегменты грамадзтва не  дакладнасьцю фактаў, а сваёй захапляльнай прапановай таемнай гісторыі, схаванай пад вядомымі рэчамі гістарычных падзеяў.

Так званы плян Далеса зь яго драматычнымі заявамі аб схаванай культурнай дывэрсіі прапануе альтэрнатыўную гісторыю. Сапраўды, яна больш інтрыгоўная, чым звычайная рэальнасьць. Гэта сюжэт, дзе ўсё зводзіцца да простай бітвы паміж выразнымі сіламі дабра і зла. Зло, відавочна — капіталістычны, буржуазны Захад на чале з жыдамасонамі ў ЗША.

Прапагандысты выкарыстоўваюць зразумелае жаданьне простых тлумачэньняў складаных падзеяў. Для некаторых ідэя «спэцыяльных ведаў» аб уладкаваньні нашага сьвету дае пачуцьцё перавагі і дапамагае пазбавіцца ад пачуцьця бездапаможнасьці перад «вялікімі людзьмі і працэсамі».

Тэорыі змовы часта квітнеюць у часы сацыяльнай нявызначанасьці і трывогі. Яны ствараюць адчувальнага, хаця адначасова і фантомнага ворага. Так можна растлумачыць асабістыя або грамадзкія няшчасьці народу. Гэты асьпект асабліва актуальны ў выпадку пляну Далеса, які зьявіўся падчас халоднай вайны. Плян Далеса, як і іншыя тэорыі змовы, функцыянуе як зручны казёл адпушчэньня для складаных грамадзкіх праблемаў.

Глядзіце таксама

З пачаткам новай халоднай (ці ўжо гарачай?) вайны падобныя казкі зноў знаходзяць адданых фанатаў.

Учытайцеся ў вытрымку так званага «Пляну», якая дзесяцігодзьдзі тыражуецца беларускімі і расейскімі прапагандыстамі:

«Хамства і нахабства, хлусьню і падман, пьянства і наркаманію, жывёльны страх адзін перад адным і бессаромнасьць, здраду, нацыяналізм і варожасьць народаў, перш за ўсё варожасьць і нянавісьць да расейскага народа: усё гэта мы будзем спрытна і незаўважна культываваць».

Ален Далес мірна памёр 29 студзеня 1969 году. А камунізм усё ня можа памерці.