Махляры зарабляюць на Азаронку?

Лукашэнкаўскі прапагандыст і яго расійскі калега сталі «брэндам»: іх твары выкарыстоўваюць махляры для заваблівання «неабыякавых грамадзян».

Рыгор Азаронак. Скрыншот з відэа СТБ

Рыгор Азаронак. Скрыншот з відэа СТБ

У стужцы беларускіх карыстальнікаў Facebook стала масава з'яўляцца рэклама ўдзелу ў фінансавых схемах, якія нібыта дазваляюць зарабляць казачныя сумы. Гэта відавочныя дзеянні зламыснікаў з мэтай фішынгу (спосаб крадзяжу асабістых даных, пры якім сайт імітуе валідны рэсурс, чым пераконвае карыстальніка ўвесці свае даныя на ім), пра якія было вядома і раней, удакладніў спецыяліст у IT-сферы.

Але, як заўважыў «Media IQ», у такіх схемах ашуканцы сталі выкарыстоўваць імя і фота беларускага прапагандыста Рыгора Азаронка, расійскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва, а таксама лагатыпы беларускіх дзяржаўных СМІ «Беларусь 24» і «БелТА».

«Media IQ» высветліў, што рэкламныя допісы з відэа, якія расказваюць «гісторыі поспеху» і заклікаюць далучацца да «інвестыцыйных праграм», запушчаны з узламаных акаўнтаў у Facebook — як асабістых старонак, так і паблікаў кампаній, прычым з розных краін, у тым ліку арабскіх.

У відэа выкарыстоўваюцца таксама брэнды беларускіх кампаній — «Беларуськалій», «Газпрам Трансгаз Беларусь». Мяркуючы па агучцы і цітрах, відэа створаны не беларусамі — верагодна, да гэтага датычныя расійцы, прынамсі, на гэта можа ўказваць характэрная гаворка герояў відэа, а таксама абазначэнне краіны як «Беларусія».


Глядзіце таксама

Спасылкі ў допісах вядуць на сайты з доўгімі нечытэльнымі адрасамі. Пры пераходзе на такія сайты карыстальнік бачыць поле для напісання нумара тэлефона і іншых асабістых даных. Цікава, што гэта адбываецца, толькі калі IP-адрас карыстальніка — беларускі. Пры пераходзе на сайт з тэрыторыі Еўропы па той жа самай спасылцы адлюстроўваецца іншы кантэнт: нейтральныя артыкулы па фінансавай тэматыцы.

Што тычыцца выкарыстання імёнаў Азаронка і Салаўёва, то гэта робяць таксама дзеля падахвочвання карыстальніка перайсці па спасылцы, якая можа быць фішынгавай. Для гэтага публікуюць карцінкі з інтрыгуючым загалоўкам і лагатыпам дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «БелТА». У некаторых выпадках ствараюць нават клон старонкі з фэйкавай публікацыяй «БелТА», у якой Азаронак нібыта расказвае Салаўёву пра свой удзел у фінансавай пірамідзе «Газпрам-Інвест».


Глядзіце таксама

Больш за тое, ашуканцы стварылі відэа, у якім сабралі ў адным флаконе і праўладных прапагандыстаў, і «экстрэмістаў»: на фэйкавым акаўнце «БелТА» вядучая «Маланка медыя» Кацярына Пытлева нібыта зачытвае навіну пра Азаронка, які выступаў у перадачы Салаўёва. Пры гэтым «гаворыць» і сам Азаронак — верагодна, голас быў падроблены з дапамогай штучнага інтэлекту.

Дарэчы, выкарыстоўваючы лагатып «Маланкі», ашуканцы распаўсюджваюць «экстрэмізм»: медыя было абвешчана ў Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем». За 12 гадзін з моманту публікацыі відэа яно набрала звыш 12 тысяч праглядаў, пры гэтым толькі дзве рэакцыі — «смайлікі».

Рэклама з падобнымі спасылкамі з'яўляецца ў стужцы Facebook толькі ў тым выпадку, калі карыстальнік заходзіць у сацсетку з мабільнай прылады пад беларускім IP-адрасам.

На каго можа быць разлічана такая рэклама? Падобна да таго, што толькі на аўдыторыю дзяржаўных медыя, на тых, для каго Азаронак і ўлада ў цэлым з'яўляюцца аўтарытэтамі.