Ксенафобія і нянавісць у расійскіх шоу — гумарызм ці тэрарызм?
«Настане ўсім чык-чыкі-бум» і «Топаль-М па Літве» — у эфіры смешныя жарты ад краіны, у якой па галоўных тэлеканалах агучваюць пагрозы прымянення ядзернай зброі ў форме вершыкаў. Распавядаем, як крамлёўская прапаганда насычае прымітыўны забаўляльны кантэнт для расійскамоўнай аўдыторыі сваімі ўлюбленымі наратывамі.
Тэлешоу і серыялы
Аўтары ўкраінскай праграмы «Асцярожна, фэйк» разам з вядучым Аляксандрам Прыпадобным звярнулі ўвагу на папулярныя ў Расіі, Украіне, Беларусі ды іншых дзяржавах тэлевізійныя праграмы, такія як «КВН», «Comedy Club» ды «Уральскія пельмені». Акрамя таго, што гумар у пералічаных тэлешоу, не тоячыся, вельмі плоскі ды недарэчны, яны дзесяцігоддзямі былі наскрозь працятыя імперыялізмам, ксенафобіяй, шавінізмам ды агрэсіяй да іншых дзяржаў. Адметна тое, што калі напачатку 2000-х гадоў праект «Наша Russia» разам з шэрагам іншых шоу даволі актыўна высмейвалі ўрад і карупцыю ў краіне, то пасля выбараў 2012 года гэткую самадзейнасць чакана прыкрылі, а кожную праграму насычылі прапагандай дасягненняў «звышдзяржавы» для ўстойлівага паляпшэння рэпутацыі ўладаў.
Такія «гумарыстычныя» трэкі выканала каманда «КВН» «Саюз» пасля акупацыі ўкраінскага Крыма:
«Хутка наступіць лета,
І на пляжах стане цесна.
Бо на расійскім поўдні вельмі мала месца.
Хаця і краіна вялікая,
Але мора не хапае.
І мы знайшлі рашэнне — проста вярнулі паўвостраў».
Такім чынам, амаль у кожным выпуску да расійцаў упарта даносілася канцэпцыя, што можна беспакарана ўварвацца ў суседнія дзяржавы з аніякай падставай, а пасля спяваць вясёлыя песні пра «магутнасць» ды наплявальніцтва на каштоўнасці цывілізаванага свету — і так штогод, штомесяц, штодзень. Высмейванне санкцый ЕЗ супраць Расіі, рэгулярныя пагрозы ў бок іншых дзяржаў, ушчамленне нацыянальных меншасцяў, LGBTQ-супольнасці, носьбітаў замежных моў — уся гэтая атрута лілася і працягвае ліцца ў вушы расійцаў праз тэлевізар, анлайн-хостынгі, сацсеткі.
«Дзёрска паводзяць сябе ЗША,
Па звычцы сваёй, прыкрываючыся Еўропай.
Галоўнай хоча сябе адчуваць,
Павярнулася Амерыка да Расіі дупаю.
Пачакайце, а як жа ААН?
А ААН яе цалуе, кажа, што любіць…»
Жарты — надзвычай сур’ёзны інструмент псіхалагічнага ўплыву на аўдыторыю. Дзякуючы лёгкай ненавязлівай форме інфармацыю можна падаць куды больш эфектыўна, асабліва ў параўнанні са спосабамі традыцыйнага інфармавання. У той час, як умоўны Салаўёў агучвае навіны з гамам і пырскамі сліны, што падабаецца далёка не ўсім прыхільнікам расійскай аўтарытарнай сістэмы, праз жарт аналагічная інфармацыя будзе ўспрымаецца мякка ды аптымістычна. Да таго ж, такі фармат годна дзейнічае на маладое пакаленне і дзяцей, бо звычайна не мае яўнага палітычнага ціску ці прасоўвае тэрарыстычныя ідэі пад падліўкай вясёлага настрою і ўяўнага патрыятызму.
«Мы захопім гэты свет!
І настане ўсім чык-чыкі-бум!»
Песня з нумара каманды «Вятка» ў «КВН»
Мы звярнулі ўвагу і на асобны выпадак — надзвычай папулярную франшызу тэлесерыялаў «Кухня», «Гатэль Элеон» і «Гранд». Здавалася б, калі не заўважаць дэталяў, гэта сапраўды добрая гісторыя пра адносіны людзей і прафесійнае жыццё рэстараннага ды гатэльнага бізнэсу.
Але! За агульныя 14 сезонаў сцэнарысты (і разам з імі акторы!) паспелі прынізіць сваімі шавінісцкімі амбіцыямі, здаецца, палову планеты.
Так, беларусаў у праекце ўяўляюць неадукаванымі сялянамі, якія нічога не ўмеюць рабіць, а таксама акцэнтуюць увагу на недарэчнасці трасянкі і назваў беларускіх гарадоў. Амаль у кожнай серыі «Гатэля Элеона» персанажа Айбека з Узбекістана прымушаюць «заговорить уже по-нормальному на русском языке», а таксама асацыююць краіну з асламі, вярблюдамі і качэўным вобразам жыцця. Персанажу Барысу Леанідавічу (акцёру Уладзіславу Вятрову) у адной з серый задаюць пытанне, навошта ён у маладосці вывучаў польскую мову, на што той адказвае:
«Раней думаў, будзе перспектыва знайсці працу ў Еўропе, але хто ведаў, што палякі самі будуць шукаць такую перспектыву».
Колькасць расісцкіх «жартаў» пра колер скуры персанажа Міхаіла Джэкавіча (акцёр Рыгор Сіятвінда) падлічыць увогуле немагчыма, бо яны паўтараюцца літаральна ў кожнай серыі па некалькі разоў.
Мноства «жартаў» заснаваныя на класічных наратывах расійскай прапаганды накшталт памяншэння насельніцтва ў Латвіі, паядання жабак у Францыі і гэтак далей. Увогуле, у большасці выпадкаў любы адмоўны персанаж серыяла — з іншай дзяржавы, і далёка неабавязкова, каб з недружалюбнай. За ўсе сезоны іх лік ідзе на дзясяткі.
Расійскія «мемы»
Значнай часткай расійскага гумару з’яўляюцца і публікацыі ў сацыяльных сетках, пераважна ў тых, што кантралююцца ўладамі краіны-агрэсаркі (накшталт Аднакласнікаў і VK). Сярод іх можна вылучыць галоўныя тэматыкі: спробы высмеяць факт незалежнасці і самастойнасці былых акупаваных Савецкім Саюзам дзяржаў, прыніжэнне замежных сімвалаў, каштоўнасцяў, палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, а таксама адкрытыя тэрарыстычныя пагрозы выкарыстаць ваенную моц супраць трэціх дзяржаў на падставе таго, што «мы рускія, з намі Бог».
Вядомы ўкраінскі журналіст і блогер Уладзімір Золкін, які на сваім YouTube канале бярэ інтэрв’ю ў расійскіх вайсковапалонных і ўкраінцаў-калабарантаў, у адным са сваіх выпускаў вырашыў пераглянуць сацыяльныя сеткі прадстаўніка акупацыйных войск Руслана. На яго старонцы ў VK журналіст выявіў некалькі публікацый на тэму вайны ва Украіне (па словах акупанта, ён ішоў на «сво» абараняць расійскамоўнае насельніцтва), але большую ўвагу Уладзімір звярнуў на рэпост абсалютна фашысцкага поста з выявай Пуціна і Шайгу. На ім міністр абароны прапануе выкарыстаць стратэгічную ядзерную зброю па Літве:
— У Літве таксама расійскамоўных абараняць збіраліся? І вы не нацысты? Вы, якія хочаце знішчыць усё вакол сябе, нармальныя людзі? — пытае вядоўца.
— Гэта гумарыстычная карцінка, — адказвае суразмоўца.
— Гумарыстычная карцінка пра «Топаль-М» па Літве? Па дзецях Літвы «Топаль-М» — гумарыстычная карцінка?
— Там не напісана па дзецях, і нічога канкрэтнага…
Насельніцтва Расіі жыве ў сваёй, абсалютна іншай інфрапрасторы, дзе кожная дэталь працятая перакульваннем рэальнасці на свой лад. І гэта не толькі пра тэлевізар — шоў на YouTube, серыялы, дубляж замежных фільмаў, што фармуюць думкі моладзі, патоплены ў нянавісці да нармальнага вобраза жыцця без абраз, канфліктаў і воін.
А знайсці глыток адэкватнага прадукту без шавінізму і прапаганды ў гэтым балоце становіцца ўсё цяжэй і цяжэй.