«Ціханоўская для расійцаў»? Хто такі Барыс Надзеждзін, які нечакана стаў галоўным канкурэнтам Пуціна

У мінулыя выходныя беларусы злавілі дэжавю: у Расіі людзі выстройваліся ў чэргі, каб пакінуць подпісы за прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Барыса Надзеждзіна — чалавека, якім да гэтых чэргаў ніхто не цікавіўся. Пасля фотаздымкаў з чэргамі падпісацца за Надзеждзіна сталі заклікаць і апазіцыянеры. Напрыклад, Хадаркоўскі, каманда Навальнага, журналісты з актывістамі.

gcbrxxuwwaardku_1024x615.jpeg

Да аўторка Надзеждзін амаль сабраў неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты 100 тысяч «чыстых» подпісаў. Але ці дапусціць Крэмль да рэгістрацыі чалавека, які адкрыта выступае супраць Пуціна? Plan B распавядае, хто такі Надзеждзін і ці дасць яму Крэмль стаць «Ціханоўскай для расійцаў».

Хто такі Барыс Надзеждзін?

Надзеждзін у расійскай палітыцы даўно. У 1990-х ён быў абраны дэпутатам гарадскога савета Далгапруднага ў Маскоўскай вобласці. Пасля Надзеждзін працаваў спачатку дарадцам Барыса Нямцова, а потым — дарадцам цяперашняга куратара расійскай унутранай палітыкі, першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Расіі Сяргея Кірыенкі.

У 1999 годзе Надзеждзіна абралі ў Дзярждуму. Ён стаў намеснікам кіраўніка партыйнай фракцыі да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў парламента ў 2003-м. З 2019 года палітык знаходзіцца ў Савеце дэпутатаў гарадской акругі Далгапруднага.

На гэтыя выбары Надзеждзін ідзе ад партыі «Грамадзянская ініцыятыва», — ад гэтай жа партыі раней вылучалася ў 2018-м годзе Ксенія Сабчак. Пра сваё вылучэнне палітык абвясціў у канцы 2023 года. Да гэтага ён шмат гадоў быў удзельнікам «палітычных ток-шоу» на расійскім тэлебачанні, у тым ліку прапагандысцкіх, выхваляючы моц Расіі.

«Пуцін здзейсніў фатальную памылку, пачаўшы СВА»

Да з'яўлення фатаграфій з чэргамі ніхто Надзеждзіным асабліва не цікавіўся. Яго называлі кандыдатурай, узгодненай з Крамлём. Маўляў, ён выступіць як ліберальны кандыдат і стане спарынг-партнёрам Пуціна. Сам палітык гэтыя чуткі адмаўляў, хоць наўрад ці ягонае вылучэнне магло быць не ўзгодненае з Крамлём.

У сябе на сайце Надзеждзін апублікаваў маніфест. У ім ён называе сябе «прынцыповым праціўнікам дзейнага прэзідэнта».

«Пуцін бачыць свет з мінулага і цягне Расію ў мінулае. Расіі трэба будучыня — будучыня краіны, на якую будуць раўняцца, і ў якую захочуць вярнуцца або пераехаць свабодныя і адукаваныя людзі. Пуцін здзейсніў фатальную памылку, пачаўшы СВА. Ні адна з заяўленых мэтаў СВА не выкананая. І наўрад ці выканальная без велізарнай шкоды эканоміцы і непапраўнага ўдару па дэмаграфіі Расіі.

Краіна ўсё больш спаўзае ў сярэднявечны феадалізм і цемрашальства. Я іду на выбары таму, што ўпэўнены — сёння гэта мой абавязак перад маёй краінай, перад маімі продкамі і маімі нашчадкамі», — гаворыцца ў маніфесце Надзеждзіна.

Пасля таго, як расійцы сталі выстройвацца ў чэргі, каб паставіць подпіс за Надзеждзіна, апазіцыйныя палітыкі і актывісты — Міхаіл Хадаркоўскі, Любоў Собаль, Максім Кац і іншыя — сталі заклікаць расійцаў пакідаць подпісы за Надзеждзіна. У выніку ўжо да аўторка каманда прэтэндэнта ў прэзідэнты абвясціла, што сабрала неабходныя для рэгістрацыі кандыдата 100 тысяч подпісаў. Але плануе працягваць збор.

Сам Надзеждзін прызнаўся, што не чакаў такога ажыятажу і падтрымкі. І звязвае гэта з запытам расійцаў на перамены.

«У самым пачатку кампаніі, у кастрычніку, ніхто не верыў, што атрымаецца правесці з'езд і вылучыцца. Калі правялі з'езд, ніхто не верыў, што нам ЦВК дазволіць подпісы збіраць і рахунак адкрыць. Калі пад Новы год нам дазволілі адкрыць рахунак, ніхто не верыў што за доўгія святы мы адкрыем штабы па ўсёй Расіі і збярэм данаты. Разуменне, што можа атрымацца, прыйшло прыкладна 10 студзеня. Ну а ўпэўненасць — у мінулыя выходныя. Думаю, справа нават не ўва мне. Проста велізарны запыт за мір і перамены», — сказаў «Можам патлумачыць» Надзеждзін.

Глядзіце таксама

Крэмль рызыкне?

Ва ўсёй гэтай сітуацыі важныя два моманты.

Першы: усё гэта нагадала 2020 год у Беларусі, калі натхнёныя вылучэннем Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага беларусы стаялі ў чэргах, каб аддаць свае подпісы за іх. Паўтарэнне гэтай гісторыі ў Расіі праз 3,5 года кажа не пра тое, што расійцы вераць у самога Надзеждзіна або яго незалежнасць ад Крамля. Гэта, хутчэй, кажа пра тое, што людзі стаміліся ад вайны, рэпрэсій, палітыкі Пуціна. Яны гатовыя адстаяць чаргу на 45-градусным марозе, як было ў Якуціі, каб пакінуць подпіс за невядомага палітыка.

«Абы не Пуцін», — з такімі ж думкамі пра Лукашэнку ў 2020-м годзе беларусы галасавалі за хатнюю гаспадыню. Так, адсотак такіх грамадзян невысокі, у Расіі па-ранейшаму шмат тых, хто падтрымлівае і Пуціна, і вайну, але сігнал гэта важны.

Але ці зможа Надзеждзін стаць «Ціханоўскай для расійцаў»?

І гэта другі, важны момант. Тут пытанне трэба ставіць інакш: ці дазволіць Крэмль яму гэта? І, вядома, відавочна, што Крэмль не дасць Надзеждзіну стаць Ціханоўскай. Яго прасцей «зарэзаць» у пачатку гонкі, не даўшы нават зарэгістравацца кандыдатам. Так спакайней і бяспечней для ўлады.

Пасля чэргаў рызыкаваць ніхто не будзе. Крэмль бачыў, што здарылася ў Беларусі, як Лукашэнка пралічыўся і дапусціў да выбараў нікому невядомую жанчыну. А потым трымаўся за крэсла, якое пад ім моцна захісталася. Адкрываць «другі фронт», але не ва Украіне, а ў сябе ў краіне Пуцін не будзе.

Глядзіце таксама

«Наколькі Крэмль упэўнены ў тым, што ён кіруе Надзеждзіным?»

Палітолаг і былы спічрайтар Пуціна Абас Галямаў на пытанне, ці ёсць у Надзеждзіна шанец быць зарэгістраваным, адказвае досыць лаканічна: «Залежыць ад таго, наколькі Крэмль упэўнены ў тым, што ён Надзеждзіным кіруе».

Такое ж меркаванне выказваюць палітычныя журналісты Фарыда Рустамава і Максім Таўкайла. Яны лічаць, што вылучэнне Надзеждзіна супраць Пуціна — хітрая задумка Крамля, якая пайшла не па плане.

«Наўрад ці людзі, якія падпісваюцца за Надзеждзіна, адчуваюць ілюзіі як з нагоды яго асобы, так і з нагоды яго шанцаў на выбарах. Па вялікім рахунку гэта барацьба за тое, каб у бюлетэні была магчымасць паставіць галачку супраць вайны. Мінулым летам адзін дасведчаны чыноўнік сказаў нам, што на месцы Адміністрацыі прэзідэнта дапусціў бы да выбараў антываеннага кандыдата, каб у выніку разбіць яго.

Хутчэй за ўсё, план Крамля збольшага ў гэтым, а таксама ў павышэнні яўкі. Але наўрад ці палітычныя адміністратары чакалі, што іх паліттэхналагічны праект пойдзе не па плане і выкліча такі водгук у антываенна настроеных расійцаў. Дзякуючы гэтай дзвіжухе ўжо незразумела, хто чым кіруе: адміністрацыя палітычным працэсам ці наадварот. А гэта ва ўмовах дыктатуры ўжо нядрэннае дасягненне», — пішуць Рустамава і Таўкайла ў сваім тэлеграм-канале.

Пісьменнік Барыс Акунін адзначае, што важны не вынік, а сам факт такога віду пратэсту, як паставіць подпіс за іншага.

«Мне здаецца, тут істотна не тое, у якіх адносінах гэты кандыдат складаецца з АП, і не тое, ці ёсць хоць нейкі электаральны сэнс у зборы подпісаў за яго (Ну напэўна складаецца або складаўся. І ніхто яго да выбараў, вядома, не дапусціць, так што электаральнага сэнсу няма). Істотна тое, што ў цяперашніх расійскіх умовах стаянне ў чарзе «за Надзеждзіна» ёсць адзіная дапушчальная, бяспечная форма пратэсту супраць вайны. Гэта антываенная дэманстрацыя, так да яе і трэба ставіцца», — напісаў Акунін.

Па законе, каб аказацца ў бюлетэні ў сакавіку 2024 года, Надзеждзін да 25 студзеня павінен сабраць 100 тысяч подпісаў расійскіх выбаршчыкаў. ЦВК павінен атрымаць іх 31 студзеня. Прычым трэба здаць у ЦВК па 2500 подпісаў з 40 розных рэгіёнаў. Ці выканана гэтае патрабаванне, невядома. Пасля праверкі подпісаў ЦВК абвесціць, хто зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Выбары пройдуць 17 сакавіка.